У гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра падчас навучальнага года вялікую ўвагу ўдзяляюць дапрофільнай падрыхтоўцы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Перад педагагічным калектывам установы заўсёды стаіць задача па забеспячэнні ўмоў для дынамічнага развіцця гімназічнай адукацыі. Важна, каб яна задавальняла сучасныя адукацыйныя запыты гімназістаў у адпаведнасці з іх патрэбамі, індывідуальнымі асаблівасцямі і здольнасцямі.
“Выбар профілю навучання з’яўляецца першым крокам да прафесійнага самавызначэння і спрыяе развіццю ў вучняў неабходных якасцей, каштоўнасных арыентацый, ведаў, уменняў і навыкаў, звязаных з будучай прафесіяй, — упэўнены дырэктар гімназіі Міхаіл Ранчынскі. — Гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў работы нашай установы. Педагагічны калектыў эфектыўна і сістэмна ажыццяўляе дапрофільную падрыхтоўку і профільнае навучанне”.
Асноўнымі элементамі дапрофільнай падрыхтоўкі з’яўляюцца інфармаванне, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў і вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні.
“Змястоўную аснову дапрофільнай падрыхтоўкі складаюць факультатыўныя заняткі, якія даюць навучэнцам магчымасць паспрабаваць свае сілы, перш чым аддаць перавагу таму ці іншаму профілю, — дадаў кіраўнік. — Сёння ў гімназіі арганізавана дзейнасць факультатыўных заняткаў у адпаведнасці з запытамі вучняў 9—11 класаў па ўсіх траекторыях далейшага навучання і паступлення нашых выпускнікоў. Ахоп навучэнцаў факультатыўнымі заняткамі складае 100%”.
Адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі якасці адукацыі з’яўляюцца веды: ва ўстанове больш як 90% школьнікаў вучацца на 7—10 балаў, што пацвярджае высокую матывацыю да вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, мэтанакіраванай і сістэмнай работы ўсяго педагагічнага калектыву па забеспячэнні якасці адукацыі і задавальненні адукацыйных запытаў навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў. У завершаным навучальным годзе 115 вучняў 3—11 класаў узнагароджаны граматамі за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці.
Асноўным індыкатарам паспяховай работы педагогаў у гімназіі называюць паступленне выпускнікоў. Штогод больш як 95% адзінаццацікласнікаў паступаюць ва УВА, прычым большасць — на бюджэтную форму навучання.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА