Правядзенне РЦЭ, работа ваенна-патрыятычных клубаў, аграрных і педагагічных груп, адкрыццё інжынерна-канструктарскага цэнтра, а таксама дашкольнага лясніцтва — гэтыя тэмы карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» абмеркавала з начальнікам аддзела адукацыі Веткаўскага райвыканкама Таццянай Помазавай.
— 27 студзеня прайшла рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. У Веткаўскім раёне ў выпрабаванні прынялі ўдзел 77 вучняў 11-х класаў. Спадзяемся, што такое мерапрыемства стане штогадовай традыцыяй, бо гэта важна як для саміх школьнікаў, так і для педработнікаў. У раёне ёсць свой пункт для правядзення РТ — на базе сярэдняй школы № 1 Веткі імя А.А. Грамыкі, куды прывозяць бланкі з заданнямі. Але некаторыя нашы навучэнцы ездзяць спрабаваць свае сілы і ва ўстановы вышэйшай адукацыі Гомеля. Цяпер у 1-й школе арганізоўваюцца яшчэ і РЦЭ, і ЦЭ, — адзначыла суразмоўніца.
У Веткаўскім раёне 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У 12 з іх з гэтага навучальнага года арганізаваны клубы ваенна-патрыятычнага выхавання. Акрамя таго, функцыянуюць 3 групы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, 2 педагагічныя і 4 аграрныя, у тым ліку аграрная група, якая з верасня ўпершыню пачала працаваць на базе гімназіі Веткі. Дарэчы, тут з наступнага навучальнага года таксама плануецца стварыць і інжынерную групу. Да гэтай падзеі ўжо падрыхтаваліся. Ва ўрачыстай атмасферы днямі ў гімназіі адкрыўся інжынерна-канструктарскі цэнтр — новы вучэбны кабінет, які аснашчаны ноўтбукамі, наборамі для робататэхнікі LEGO, 3D-прынтарам, лазерным каляровым прынтарам, мультыбордам для дэманстрацыі вучэбных матэрыялаў. Плануецца арганізаваць заняткі ў цэнтры для ўсіх дзяцей раёна. Гэта дазволіць ім навучыцца інтэграваць веды па матэматыцы, фізіцы, інжынерыі, інфармацыйных тэхналогіях.
Амаль палова вучняў 10—11-х класаў раёна асвойваюць праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых у рамках працоўнага навучання па прафесіях агароднік, аператар ЭВМ, сталяр, швачка, справавод.
Расказваць аб прафесіях у раёне пачынаюць ужо з дзіцячага сада. Так, на базе Стаўбунскага дзіцячага сада з гэтага навучальнага года працуе дашкольнае лясніцтва «Лесавічок». У гэтым жа населеным пункце ёсць школа, у якой лясніцтва функцыянуе з 1989 г. у цесным супрацоўніцтве з мясцовым лясгасам.
Цікавы і 10-гадовы вопыт калектыву Данілавіцкай пачатковай школы на чале з Ірынай Скібуновай па рэалізацыі інавацыйнага праекта па духоўна-маральным выхаванні дзяцей на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа.
Ва ўстановах адукацыі праходзяць прафарыентацыйныя сустрэчы з супрацоўнікамі рэгіянальных універсітэтаў і каледжаў, экскурсіі на прадпрыемствы.
— Студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў 2023 г. сталі больш за 40 % выпускнікоў раёна, а ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафтэхадукацыі — крыху звыш 29 % і каля 18 % навучэнцаў адпаведна, — расказала Т. Помазава. — За два апошнія гады мы выдалі 17 мэтавых накіраванняў на педагагічныя спецыяльнасці як у каледжы, так і ва ўніверсітэты. Маладыя людзі атрымалі не толькі гарантаваныя працоўныя месцы, але і льготы. На забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС тэрыторыях згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1842 «Аб выплатах маладым спецыялістам і выпускнікам» пры заключэнні першага пяцігадовага кантракта спецыялісты атрымліваюць аднаразова 200 базавых велічынь, а пры заключэнні другога пяцігадовага кантракта — 300 б. в. Таксама ўсіх маладых спецыялістаў мы забяспечваем жыллём.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара