У ляхавіцкай школе №2 лічаць, што педкласы выхоўваюць асобу з шырокім кругаглядам і важнымі маральнымі якасцямі

- 14:07Образование

У сярэдняй школе № 2 Ляхавіч лічаць, што педагагічныя класы не толькі рыхтуюць настаўніцкую змену, але і выхоўваюць асобу з шырокім кругаглядам і важнымі маральнымі якасцямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Профільныя класы педагагічнага кірунку, якія дзейнічаюць ва ўстанове ўжо 10 гадоў, даказалі сваю запатрабаванасць і мэтазгоднасць. Штогод іх вучнямі становяцца 11—12 старшакласнікаў, многія працягваюць адукацыю на педспецыяльнасцях ва УВА.

— Профільная падрыхтоўка дапамагае школьнікам усвядомлена выбіраць прафесію і затым не расчароўвацца ў ёй, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Доруш. — У педкласе фарміруюцца асаблівыя адносіны паміж вучнямі і настаўнікамі, а прафесійныя пробы дазваляюць набыць вопыт работы з дзецьмі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэфлексіі, якая дапамагае дзецям убачыць свае патэнцыяльныя магчымасці,
пабываць адначасова ў ролі вучня і педагога, каб лепш адчуць будучую прафесію.

Вучні педкласа асвойваюць курс факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, распрацоўваюць фрагменты ўрокаў, праводзяць дзелавыя гульні, выконваюць творчыя заданні, мадэлююць і вырашаюць розныя педагагічныя сітуацыі.

— З вялікім задавальненнем рыхтуем і ладзім выхаваўчыя мерапрыемствы для школьнікаў, арганізоўваем розныя гульні на перапынках для пачаткоўцаў і дашкольнікаў. З цікавасцю наведваем урокі настаўнікаў, сустракаемся з ветэранамі педпрацы, рэгулярна ўдзельнічаем у розных конкурсах, у тым ліку ў квесце “Педагог на 10!”, які праводзіць БДПУ, а таксама афармляем партфоліа “Я — педагог”, — гаворыць вучаніца Вікторыя Юруць.

Напрыканцы мінулага года школьная каманда “Формула поспеху” перамагла ў ІІІ абласным фестывалі педагагічных класаў. Натхніўшыся гэтым, у школе вырашылі наладзіць супрацоўніцтва з педкласамі іншых устаноў адукацыі Ляхавіч і праводзіць з імі сумесныя мерапрыемствы. У выніку сёлета на базе школы зладзілі I раённы педагагічны спрынт-батл “Вучымся, каб вучыць”. У планах — далучыць да гульні педкласы з іншых рэгіёнаў краіны і нават з Расіі па лініі Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

— Спрынт-батл — гэта свята ро­зуму, знаходлівасці і кемлівасці, гульня аднадумцаў, чые сэрцы гараць любоўю да педагогікі і хто хоча дарыць яе дзецям, — расказвае кіраўнік факультатыву “Уво­дзіны ў педагагічную прафесію” Вольга Толкач. — Размінка паказала, што ў канкурсантаў выдатны педагагічны патэнцыял. У спаборніцтве “Дзе логіка?” школьнікі ўважліва вывучалі фотарад з трох карцінак і адгадвалі зашыфраваную прымаўку пра навуку, розум і адукацыю. Веды, атрыманыя на факультатыўных занятках, спатрэбіліся ў конкурсе “Паняційны апарат”, а веданне мастацкіх твораў пра педагогаў дапамагло ў літконкурсе. Не менш цікавым атрымаўся конкурс на логіку і кемлівасць “Што ў школьнай скрыні?”. Выдатна справіліся ўдзельнікі і з педагагічнымі сітуацыямі, паказанымі ў відэароліках. На “педагагічнай трыбуне” капітаны каманд разважалі на тэму “Мая школа праз 30 гадоў”. Змястоўныя і душэўныя выступленні пераканалі, што ў нас расце надзейная настаўніцкая змена.

Пераможцай гульні стала каманда “Формула поспеху”, якая атрымала пераходны кубак-сімвал, распрацаваны сумеснымі намаганнямі вучняў і педагогаў. У школе будуць вельмі старацца, каб гэты кубак застаўся ва ўстанове і па выніках наступнага спрынт-батла. Усё неабходнае для чарговай перамогі ў вучняў 2-й школы ёсць.

— Педкалектыў імкнецца, каб вучні выбіралі прафесію ўсвядомлена і каб яна стала для іх прызваннем. Толькі ў такім выпадку чалавек будзе шчаслівы сам і прынясе шчасце іншым, — заўважае Вольга Толкач.

З гэтым згодны і будучыя выпускнікі.

— Гэта была не проста вучоба, а час, які сфарміраваў мяне як асобу, дазволіў зразумець, што такое сапраўднае прызванне, і адчуць сябе часткай вялікай справы — педагогікі, — гаво­рыць Міраслава Страмавус.

— Гады вучобы ў педкласе запомняцца не толькі цікавымі ўрокамі і заданнямі, але і асаблівай атмасферай, дзе кожны мог адчуць сябе часткай адукацыйнага працэсу, — далучаецца Арына Баўтрукевіч. — Натхнёныя прыкладам любімых педагогаў, мы актыўна вывучалі педагагічныя методыкі, засвойвалі псіхолага-педагагічныя асновы зносін з дзецьмі і тонкасці ўрокаў.

— Практычная падрыхтоў­ка — каштоўны вопыт, — працягвае Герман Станкевіч. — Памятаю, як упершыню стаяў перад класам і адчуваў хваляванне з захапленнем ад магчымасці перадаць свае веды іншым. Гэты момант стаў адначасова праверкай на трываласць і адкрыццём. Зразумеў, што быць настаўнікам — значыць не толькі весці ўрокі, але і натхняць, падтрымлі­ваць, адкрываць новыя гарызонты.

Ляхавіцкія педагогі лю­бяць сваіх выхаванцаў і вераць у іх. Яны зрабілі адказны выбар, вырашыўшы прысвяціць жыццё настаўніцтву, і жадаюць, каб іх шлях у прафесіі быў яркім, доўгім і захапляльным.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ