У мінскай школе № 47 адбылася прэзентацыя кнігі «Паралельныя светы»

- 17:23Новости

У сярэдняй школе № 47 Мінска імя В.С.Мічурына адбылася прэзентацыя кнігі “Паралельныя светы”. Дзякуючы Міністэрству адукацыі сустрэчы з аўтарам палітолагам Сяргеем Мусіенкам і прэзентацыя яго кнігі прайшлі ў многіх установах адукацыі. І гэтая практыка будзе працягнута. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Аўтар праекта адзначыў, што сустрэча з вучнямі сярэдняй школы № 47 Мінска запланавана не выпадкова: С.Мусіенка — выпускнік гэтай установы адукацыі.

— Работа над кнігай аказалася вельмі цікавай, — падзяліўся Сяргей Мусіенка. — Я ўжо прывык пісаць кнігі, але работа над гэтым выданнем — поўнае пагружэнне ў перыяд, калі пачала будавацца дзяржаўнасць Беларусі. Гэта быў цікавы час. Шкада, што я раней не заняўся гэтым пытаннем. Дзякуючы выставе агенцтва БелТА, я пагрузіўся ў гэтую тэму, апісваў плакаты выставы “Паралельныя светы”, і гэта было не зусім мастацтвазнаўчае апісанне. Гэта былі ўспаміны, прапушчаныя праз 30 гадоў. Цікава чытаць аб нейкай навацыі, якая стваралася ў нашай дзяржаве, прапановах Прэзідэнта, і правяраць праз 30 гадоў, што адбылося. Лічу, што калі сярод школьнікаў, якія сёння прысутнічаюць у зале, зной­дзецца хаця б адзін, які спытае ў бацькоў, як яны пражылі сярэдзіну 90-х, то мэта выдання будзе дасягнута. Думаю, кожная сям’я помніць гісторыю цяжкага пераадолення таго часу. Веданне і разуменне таго, як людзі жылі ў тыя часы, дазволіць захаваць краіну.

Пра значнасць пытанняў, якія ўзняў Сяргей Мусіенка, сказала намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.

— Тэма, якую мы абмяркоўваем, насамрэч хвалюе многіх, а значыць, важная і для нас з вамі, — зазначыла Кацярына Аляксандраўна. — Тое, пра што напісана ў кнізе, — гэта наша жыццё, ужо дарослых людзей. А для вучняў, якія сядзяць у зале, гэта проста кніга. Нас, дарослых, ад сённяшняга пакалення вучняў менавіта гэта і адрознівае: усё, што дзеці бачаць на экране, пра што прачытаюць у кнізе, — гэта наша тагачасная рэальнасць, а для вас гэта дакументальная гісторыя. І мы сёння сабраліся, каб расказаць вам яе.

Кацярына Пятруцкая адзначыла, што навучэнцы сярэдняй школы № 47 Мінска павінны ганарыцца сваім вядомым выпускніком.

— У вашай установе адукацыі выхоўваюць цудоўных людзей, — дадала намеснік міністра адукацыі. — Сяргей Рыгоравіч правільна заўважыў, што вельмі важна было сабрацца сёння разам і абмеркаваць мінулае.

Звяртаючыся да вучняў, якія прысутнічалі на сустрэчы, Кацярына Пятруцкая сказала, што перад імі адкрыта шмат магчымасцей, якімі трэба правільна скарыстацца.

— Мы жывём у цікавы час, і перад намі адкрыта многа дарог, — падкрэсліла Кацярына Аляксандраўна. — Вельмі раю пачытаць кнігу, прэзентаваную сёння. Так, гартаючы яе, вы можаце інакш успрымаць інфармацыю. Калі я вучылася ў школе, мы праходзілі па праграме “Майстра і Маргарыту” Булгакава, і тады я не разумела, пра што яна. Толькі калі вырасла, убачыла ўсе сэнсы. Тое самае і з кнігай “Паралельныя светы”: вы зразумееце яе, калі прой­дзе пэўны час.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА