У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі” ў яслях-садзе № 4 Ашмян дзеці знаёмяцца з нацыянальнымі каштоўнасцямі і традыцыямі беларускага народа. У асноўным гэта адбываецца праз гульні-заняткі, падчас якіх кожнае дзіця непрыкметна для сябе ўключаецца ў актыўную творчасць, паглыбляецца ў свет народнага жыцця. У атмасферы гульні маральныя каштоўнасці засвойваюцца лёгка, нязмушана, але разам з тым грунтоўна. Як прамежкавы вынік інавацыйнага праекта педагогамі распрацаваны творчы праект “Беларуская хата”.
Дзякуючы гэтаму праекту, нашы выхаванцы больш дасканала азнаёміліся з прадметамі старадаўняга побыту, традыцыямі беларускага народа, з яго нацыянальным адзеннем. З дашкольнікамі праводзяцца гутаркі на тэму “Без печы хата не хата”, “З чаго зроблены посуд” і г.д. На занятках дзеці знаёмяцца з беларускім ручніком і яго ўзорамі, спяваюць калыханкі, гушкаючы ляльку ў калысцы, завучваюць забаўлянкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі далучаюцца да такога віду дзейнасці, як гульні з лялькамі, пачалі таксама майстраваць лялек-абярэгаў. Ва ўстанове з’явілася гульнятэка “Мая радзіма — Беларусь” з дыдактычнымі гульнямі “Падарожжа ў мінулае”, “Народныя стравы і адзенне беларусаў” і інш., якія актыўна выкарыстоўваюцца на занятках і падчас іншых відаў дзейнасці.
Настольная гульня “Падарожжа па Ашмянах”, прысвечаная Году малой радзімы, дазволіла дзецям больш дасканала пазнаць мясціны свайго горада. Педагогамі распрацавана гульня “Знаўцы роднай мовы”, накіраваная на фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы.
У выніку работы па інавацыйным праекце з’явіліся метадычныя распрацоўкі выхавальніка дашкольнай адукацыі Марыны Тадэвушаўны Фёдаравай, куды ўвайшлі канспекты заняткаў з дыдактычнымі, беларускімі народнымі гульнямі, святамі, распрацоўкамі для бацькоў, педагогаў і інш. Немалаважная роля пры азнаямленні дашкольнікаў з нацыянальнымі каштоўнасцямі і традыцыямі адводзіцца беларускім народным гульням, якія праводзяцца падчас ранішнікаў, свят “Калядкі”, “Вялікдзень” і інш. Практыка паказвае, што актыўная гульнявая дзейнасць у дашкольнай установе дазваляе пашыраць уяўленні дзяцей пра сваю краіну і свой народ. Важна і тое, што падчас гульні хлопчыкі і дзяўчынкі размаўляюць па-беларуску.
Ала ГАРЛУКОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Ашмян.








