Больш за 500 работ склалі экспазіцыю брэндавай выставы “Калядная зорка”. Яны ўвабралі ў сябе мары, пачуцці іх аўтараў і прадчуванне навагодніх свят. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Па даўняй добрай традыцыі завітаць у зімовую казку ўсім жадаючым прапаноўвае Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Навагоднія і калядныя святы натхнілі на стварэнне маляўнічых кампазіцый больш за 10 тысяч юных творцаў з 1967 устаноў адукацыі краіны.
Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мацюшонка, гэтыя лічбы — найлепшае пацвярджэнне папулярнасці праекта і сведчанне таго, наколькі ён стаў любімым у юных майстроў і іх педагогаў. Але пры гэтым, як адзначыў Аляксандр Мікалаевіч, кожны год выстава асаблівая, самабытная і заўсёды розная.
Гэтаму спрыяе і з’яўленне новых намінацый. Іх ужо 11. Сёлета юныя творцы прадставілі свае работы ў новай намінацыі “Жывёльны свет Беларусі”. Кожны экспанат напоўнены дзіцячымі марамі і жаданнямі, імкненнем аздобіць навагоднія святы, ажывіць казку ў сэрцах дзяцей і дарослых.
Жанравая палітра стракатая: кераміка, вышыўка, ткацтва, аплікацыя, роспіс і інш. Па словах арганізатараў, гэта дазваляе акцэнтаваць увагу навучэнцаў і педагогаў у першую чаргу на традыцыйных беларускіх відах прыкладной творчасці, але пры гэтым не забываць і пра сучасныя тэндэнцыі.
Калядную тэматыку і матывы навагодніх казак увасобілі дзіцячыя сюжэтныя кампазіцыі і арт-аб’екты, інтэр’ерныя лялькі, ёлачныя цацкі, маскарадныя касцюмы, сувеніры, падарункі і, канечне, калядныя зоркі. Яркімі і разнастайнымі паўсталі і драконы — сімвалы надыходзячага года. Некаторыя з іх, тыя ж цмокі, сталі вынікам даследчых праектаў навучэнцаў, прысвечаных з’яўленню прататыпа гэтага персанажа ў беларускай міфалогіі.
Дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільчанка, чарговы раз углядаючыся ў выставачныя работы, адзначае:
— “Калядная зорка” — выстава, якую чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Мы робім адкрыцці разам з нашымі дзецьмі: у нас таксама з’яўляюцца новыя ідэі, новыя падыходы. Здавалася б, тэхнікі традыцыйныя, але падача новая. Так дзеці спазнаюць нашы традыцыі, народную творчасць і развіваюць іх праз сваё бачанне. Такім чынам працягваецца ніць паміж пакаленнямі. А спрыяюць гэтаму педагогі, якія зараджаюць сваіх навучэнцаў пазітывам, прывіваюць цікавасць да традыцый.
— Хочацца адзначыць і развіццё анімацыі, — гаворыць загадчык сектара выставачнай работы НЦМТДіМ Святлана Скварнюк. — Калі раней навучэнцы і педагогі рабілі першыя крокі ў гэтай сферы, то цяпер яны ўжо прадстаўляюць мультфільмы-шэдэўры. Асабліва актыўны ў гэтай намінацыі Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі, але падцягваюцца да яго і іншыя абласныя ўстановы. Анімацыя ў нас развіваецца не толькі ў прыкладных відах творчасці, дзе выкарыстоўваюцца лялькі, выцінанка, лямец, — у гэтым годзе шырока прадстаўлена і камп’ютарная анімацыя.
Ужо з першага дня на выставе шмат гасцей. Кожны дзень канікул школьнікі імкнуцца завітаць сюды, каб дакрануцца да казкі, натхніцца ідэямі і настроіцца на святочны лад. Дарэчы, для наведвальнікаў праводзіцца экскурсія “Калядны фэст”, падчас якой можна больш даведацца пра традыцыі святкавання Новага года і Каляд, пачуць калядныя гісторыі, прыняць удзел у віктарынах і пабываць у віртуальнай майстэрні па вырабе ёлачных упрыгажэнняў.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара