Клуб «Ад добрага кораня добрыя парасткі», які працуе ў Шашкоўскім дзіцячым садзе Стаўбцоўскага раёна, — аб’яднанне ўнікальнае. Тут вучаць дзяцей і дарослых плесці вырабы з папяровай лазы. Прычым лазу вырабляюць самастойна! Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Пра незвычайнае захапленне педагогаў, дашкалят і іх бацькоў расказвае кіраўнік клуба Людміла Бізгень. Дарэчы, яна не толькі выхавальніца, але мае профільную адукацыю па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву.
— Мяне заўсёды прываблівалі незвычайныя рамёствы, — распавядае яна. — Так я адкрыла для сябе папяровую лазу. Паглядзіце — кошыкі і іншыя вырабы з яе амаль не адрозніць ад тых, якія зроблены з натуральнай лазы! Усялякія лялькі і вырабы ўпрыгожваюць памяшканне, а маленькія куфэркі могуць спатрэбіцца ў гаспадарцы. Вось чаму на заняткі з задавальненнем прыходзяць мамы і бабулі выхаванцаў, займаюцца разам з дзецьмі — атрымліваецца такое сямейнае хобі. Знаёмству малышоў з беларускім народным мастацтвам, яго гісторыяй, патрыятычнаму выхаванню ў нашай установе ўдзяляецца асаблівая ўвага.
Л. Бізгень успамінае, што вырабы з папяровай лазы ўпершыню ўбачыла ў інтэрнэце, і яны яе вельмі здзівілі.

— Даведалася, што стварэнне папяровай лазы — занятак няпросты, але цікавы. Для яе патрэбна спецыяльныя папера: 45 г/м2 — гэта шараватая спажывецкая папера невысокай якасці, — расказвае выхавальніца. — Стварыла свае першыя вырабы і арганізавала выставу ў садзе: расставіла розныя сподачкі, гарлачыкі… Людзі сталі падыходзіць, цікавіцца. А потым па запытах бацькоў вырашылі арганізаваць клуб «Ад добрага кораня добрыя парасткі». Тут мы ствараем прыгажосць, а пасля заняткаў застаёмся на цікавыя размовы за кубачкам гарбаты. Прыдумалі нават «гаспадара» нашай студыі — ляльку, якую назвалі Бульбаш. Ён стаў візітоўкай не толькі клуба, але і ўсёй установы.
У садзе таксама распрацавалі набор «Лазінка-Арт» — для сумеснай творчасці бацькоў і дзяцей. У яго ўваходзяць інструкцыя па пляценні тых ці іншых вырабаў, неабходны матэрыял і QR-коды, па якіх можна зайсці на сайт сада і пачытаць «Хітрыкі» ад Бульбаша па пляценні з лазы: якую лазу выбраць, якім клеем карыстацца і гэтак далей. А ў чаканні Новага года з папяровай лазы тут ужо зрабілі белую ёлачку, яна стаіць у адной з экспазіцый.

Ва ўстанове таксама існуе міні-музей «Вытокі», дзе намаганнямі калектыву і бацькоў выхаванцаў сабраны ганчарныя вырабы, прадметы ткацтва.
— У музеі ўсе экспанаты дазволена браць у рукі, — тлумачыць Л. Бізгень. — З цягам часу я задалася пытаннем: як зрабіць так, каб дзеці замацоўвалі набытыя веды дома? Так з’явілася дамашняя гульнятэка «Скарбонка маленькага беларуса». У ёй сабраны «скарб» у выглядзе дыдактычных гульняў, фотаздымкі вуліц і цікавых мясцін роднага пасёлка. Пры жаданні дарослыя могуць браць гэтыя матэрыялы дадому і займацца з дзецьмі. На тэрыторыі сада ёсць тэматычная пляцоўка «Сялянскі падворак», а ў групе добра прыжыўся набор папяровых лялек «Ясь і Яніна» і дапаможнік да іх «Падбяры строй для Яся і Яніны». Рэгулярна ладзім для малых сустрэчы з мясцовымі майстрамі, якія добра вышываюць, вяжуць, з разьбяром па дрэве. Вопыт маёй педагагічнай дзейнасці пераконвае, што фарміраванне ў дашкалят асноў грамадзянскасці і патрыятызму павінна быць заснавана на жывых прыкладах, толькі пры ўмове актыўнага ўзаемадзеяння дзіцяці з навакольным светам.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара








