У створаную беларуска-кітайскую асацыяцыю ўніверсітэтаў увайшла 81 УВА

- 14:31Актуально, Новости, Образование: Беларусь — Китай

У Мінску прайшоў І Форум рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая, была створана беларуска­кітайская асацыяцыя ўніверсітэтаў, у якую ўвайшла 81 УВА. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На пленарным пасяджэнні форуму, якое прайшло ў Нацыя­нальнай бібліятэцы, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч адзначыў, што адносіны Беларусі і Кітая, аснову якіх заклалі кіраўнікі дзяржаў, больш за 30 гадоў развіваюцца дынамічна, вынікова і выйшлі на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства:

— Дзякуючы іх намаганням, сфарміраваны каласальны патэнцыял для развіцця двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. На сённяшні дзень паміж установамі адукацыі Беларусі і Кітая дзейнічаюць больш за 560 прамых дагавораў аб супрацоўніц­тве. Пры гэтым больш за 100 з іх падпісаны за апошнія два гады. У цяперашні час на базе ўстаноў адукацыі ­дзвюх краін функцыянуюць 10 сумесных адукацыйных і навуковых структур: 3 лабараторыі, 5 цэнтраў і 2 інстытуты. Ва ўніверсітэтах рэалізуецца 40 сумесных адукацыйных праграм. У распрацоўцы яшчэ 20 праграм па падрыхтоўцы спецыялістаў і кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. З верасня мінулага года рэалізуюцца сумесныя праграмы бакалаўрыята па спецыяльнасці “Біятэхналогія” ў БДУ і Пекінскім універсітэце.

У развіццё дамоўленасцей аб акадэмічных і навуковых абменах паміж установамі адукацыі ў найбліжэйшы час адбудзецца падпісанне плана рэалізацыі флагманскіх праектаў, дзе больш за 70 пазіцый, і будуць нарошчвацца культурна-гуманітарныя абмены ў галіне адукацыі паміж Беларуссю і Кітаем. Прыкладамі такіх праектаў стануць сумесныя адукацыйныя праграмы па спецыяльнасцях “Архітэктура” і “Архітэктурны дызайн” паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Універсітэтам Тунцзы, а таксама па спецыяльнасці “Інфармацыйныя тэхналогіі” паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі і навукова-тэхнічным універсітэтам Кітая, Харбінскім політэхнічным універсітэтам. Акрамя гэтага, у планах стварэнне сумеснага факультэта кітайскіх тэхналогій у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце сумесна з Паўночна-Усходнім універсітэтам і сумеснага інстытута Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Даляньскага тэхналагічнага ўніверсітэта.

На сістэмнай аснове пашыраецца і супрацоўніц­тва ў галіне вывучэння кітайскай мовы ў ВНУ Беларусі і Кітая.

У Беларусі паспяхова функцыянуюць 6 інстытутаў кітаязнаўства імя Канфуцыя і 8 класаў кітаязнаўства імя Канфуцыя. Створана сетка філіялаў — кабінеты Канфуцыя і цэнтры па вывучэнні кітайскай мовы і культуры — больш чым у 50 установах адукацыі. На базе кітайскіх універсітэтаў адкрыты 12 цэнтраў вывучэння Беларусі, чакаецца стварэнне яшчэ двух.

Як адзначылі ўдзельнікі сустрэчы, патэнцыял узаемадзеяння ў сферы адукацыі і навукі паміж нашымі краінамі вялікі. Чакаецца, што ў найбліжэйшы час будуць створаны інавацыйныя аб’яднанні ва ўстановах адукацыі і на высокатэхналагічных прадпрыемствах дзвюх краін для правядзення сумесных навуковых даследаванняў і доследна-канструктарскіх работ з камерцыялізацыяй іх вынікаў. Акрамя таго, будзе весціся падрыхтоўка навуковых кадраў па запатрабаваных напрамках двухбаковага ўзаемадзеяння, плануецца аб’яднаць намаганні па распрацоўцы норм і стандартаў лічбавізацыі адукацыі.

— Мерапрыемства, якое мы праводзім сёння,І Форум рэктараў дзвюх краін і стварэнне беларуска-кітайскай асацыяцыі ўніверсітэтаў — мае надзвычай важнае значэнне, і яго можна смела назваць гістарычным для развіцця міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва. Мы ўпэўнены, што створаная асацыяцыя будзе спрыяць выпрацоўцы прагрэсіўных прапаноў, якія знойдуць рэальнае практычнае прымяненне і паспрыя­юць далейшаму плённаму супрацоўніцтву нашых краін у сферы адукацыі, — выказаў упэўненасць Аляксандр Бахановіч.

Свой подпіс у пагадненні паміж дзвюма краінамі аб стварэнні беларуска-кітайскай асацыяцыі ўніверсітэтаў паставілі больш за 80 рэктараў. Таксама яны прынялі ­ўдзел у секцыйных пасяджэннях, якія прайшлі ў сценах БДУІР, БДУ і БНТУ, і ў двухбаковых сустрэчах. Па словах мадэратара форуму рэктара БДУІР Вадзіма Богуша, падчас работы секцый абмяркоўваліся пытанні развіцця двухбаковых адносін, рэалізацыі культурных праектаў. А таксама лічбавыя кампетэнцыі і лічбавыя адукацыйныя тэхналогіі, перавагі і рызыкі іх прымянення ў сферы адукацыі, грамадскага жыцця.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара