У сярэдняй школе № 1 Ляхавіч адкрыўся свой батлеечны тэатр

- 14:30АРТ-квартал, Новости

Школьны тэатр “Батлейка з-пад Ляхавіч” — вынік рэалізацыі праекта на лепшы маладзёжны праект сярод пярвічных арганізацый галіновага прафсаю­за. У ім удзельнічала таксама творчая група ляхавіцкіх педагогаў на чале з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Таццянай Абражэвіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Для прэм’ернага спектакля “Унучка Ульянка” маладыя спецыя­лісты Васіль Лемяшэўскі і Ксенія Палуян вырабілі корпус батлейкі, што патрабавала адмысловых ведаў і навыкаў, дзяўчынкі пад кіраўніц­твам настаўніцы пачатковых класаў Святланы Кендыш дэкарыравалі батлеечную скрыню ў нацыянальных традыцыях, а настаўніца працоўнага навучання Іна Бортнік і адзінаццацікласніцы пашылі лялек, — рас­казала Таццяна Абражэвіч, якая выступіла ў ролі рэжысёра.

Юныя акцёры старанна адпрацоўвалі ролі ў п’есе, якая атрымалася надзвычай яркай, прыгожай і нават інтэрактыўнай. Удзел у батлеечным тэатры вельмі спадабаўся школьнікам, бо звязаны з ролевай гульнёй і ўтрымлівае элементы розных відаў творчасці.

— Прыцягнуць увагу дзяцей да традыцыйнага мастацтва ў лічбавую эпоху даволі складана, але нам гэта ўдалося дзякуючы асаб­лівай магіі і жывым зносінам з пуб­лікай, — прызналася Таццяна Абражэвіч. — Пасля спектакля шчаслівымі былі і дзеці, і дарослыя, многія з якіх убачылі батлейку ўпершыню. Артыстаў доўга не адпускалі, дзякавалі ім, з захапленнем разглядалі лялек, распытвалі пра работу над спектаклем, фатаграфаваліся на памяць. Мы адчулі вялікае задавальненне ад сваёй работы. Сюжэты батлейкі зусім не састарэлі, а сучасныя тэхналогіі толькі ўзмацнілі магію старажытнага тэатра.

Па словах педагога, неўзабаве батлеечны тэатр адправіцца ў творчае турнэ па дашкольных установах са спектаклямі для малышоў. Для дзяцей-інвалідаў правядуць акцыю “Казка ў кожны дом”.

Плануем таксама арганізоўваць ва ўстановах адукацыі раёна тэматычныя батлеечныя мерапрыемствы для педагогаў і бацькоў: семінары, майстар-класы, спектак­лі, гульні, пазнавальныя інтэрактыўныя гутаркі і фестывалі, — падзялілася Таццяна Абражэвіч. — Гэтую работу плануем ажыццяўляць разам з рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным выхаванні вучняў Дараўскай сярэдняй школы. Акрамя таго, думаем ла­дзіць выступленні праз інтэрнэт-платфому Zoom. Дзякуючы гэтаму, да нашых пастановак змогуць далучыцца ўсе жадаючыя. Батлейка — дзейсны сродак выхавання і вывучэння народнай культуры і самабытных традыцый бела­русаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ