Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Гарадзеі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці Яўген Аляксандравіч Жук некалі сам з цікавасцю прымаў удзел у прадметных алімпіядах, зараз жа з улікам уласнага вопыту рыхтуе да іх вучняў. Больш за ўсё маладому педагогу падабаецца бачыць, як дзіця развіваецца, становіцца больш упэўненым у сабе і зацікаўленым у новых ведах.
Свае першыя крокі на шляху да выкладання гісторыі Яўген Аляксандравіч зрабіў у 9 класе сярэдняй школы № 1 Нясвіжа, калі далучыўся да алімпіяднага руху. На выбар прафесіі натхнілі адданыя справе педагогі роднай установы адукацыі. Асабліва значную ролю ў лёсе маладога чалавека адыграла настаўніца гісторыі Вольга Анатольеўна Шумская.
— У нас захаваліся цёплыя адносіны, чаму я вельмі рады, — гаворыць Я.А.Жук. — У школьныя гады, гледзячы на сваю настаўніцу, мне хацелася быць такім жа добрым, жыццярадасным і ў той жа час дастаткова строгім. Яна ўмее зацікавіць і ўцягнуць у вучэбны працэс увесь клас. Менавіта Вольга Анатольеўна і прывіла мне цікавасць да гісторыі, жаданне вучыць гэты прадмет паглыблена і прымаць удзел у алімпіядах, радавалася са мной маім перамогам і перажывала са мной мае няўдачы.
Прыняўшы рашэнне стаць настаўнікам, малады чалавек паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Пасля атрымання дыплома вярнуўся на родную, гістарычна багатую Нясвіжчыну.
Лёс прывёў маладога настаўніка ў сярэднюю школу № 2 Гарадзеі. Тут ён быў упершыню, але адразу ж адчуў сябе амаль як дома. Узрадавала, што ў калектыве знайшоў апору і падтрымку як з боку кіраўніцтва, так і вопытных калег. Яны дапамаглі справіцца з першымі цяжкасцямі, не разгубіцца і паверыць у свае сілы.
— Маладому спецыялісту цяжка ўнікнуць ва ўсё адразу, разабрацца з дакументацыяй, наладзіць кантакт з калегамі, вучнямі і бацькамі, — дзеліцца Я.А.Жук. — Удзячны за тое, што дырэктар і яго намеснікі засцерагалі ад памылак, паказвалі, як хутчэй і лепш справіцца з пэўнымі задачамі. Дзякуючы іх падказкам, я навучыўся больш правільна размяркоўваць свой час. Маім пастаянным спадарожнікам стаў нататнік, дзе распісваю ўсё, што неабходна зрабіць, па днях.
Дзякуючы падтрымцы, кваліфікаванай дапамозе і цёплым, добразычлівым адносінам, Яўген Аляксандравіч хутка адчуў сябе не чужым, новым чалавекам, а членам дружнага калектыву. Наладзіць добрыя адносіны з калегамі, вучнямі і іх бацькамі яму дапамаглі прыродная камунікабельнасць, сцісласць і дакладнасць у выкладанні інфармацыі. На думку маладога чалавека, гэта важныя якасці для педагога, якія неабходна ўвесь час развіваць. Штодзённыя ўрокі, падрыхтоўка да іх спрыяюць гэтаму.
Настаўнік імкнецца падтрымліваць у сваіх вучняў цікавасць да сваіх прадметаў. Для гэтага часта нешта мяняе, спрабуе новыя метады, прапануе нечаканыя заданні. Адно і тое ж, нават калі адразу і “чапляе” дзяцей, пасля хутка ім надакучвае. Таму настаўнік у няспынным пошуку, і такая тактыка яму даспадобы. Пераходзіць ад простага да больш складанага: калі вучні добра засвоілі матэрыял, прапануе больш складаныя заданні. Часта выкарыстоўвае праблемныя пытанні. Адным з любімых стаў кампетэнтнасны падыход. Таксама падабаецца выкарыстоўваць метапрадметныя сувязі.
— У сучасных дзяцей кліпавае мысленне, яны запамінаюць інфармацыю выбарачна, — гаворыць Я.А.Жук. — Безумоўна, гэта вынік частага карыстання інтэрнэтам. Я стараюся адаптаваць свой урок з улікам гэтай акалічнасці. Што мне тут дапамагае? Стараюся, каб урок не быў аднастайным не толькі па формах дзейнасці, але і па настроі. Абавязкова падбіраю і прадумваю жарты, якія будуць да месца на тым ці іншым уроку і тым самым змогуць выклікаць станоўчыя эмоцыі, крыху зняць напружанне. Пасля ж узнімаю сур’ёзныя пытанні і праблемы. Такім чынам, стан маіх вучняў мяняецца ад вясёлага, расслабленага да засяроджанага і сканцэнтраванага. За кошт такіх пераключэнняў дзеці значна лепш запамінаюць складаную інфармацыю.
Адным з асноўных кірункаў дзейнасці маладога настаўніка стала падрыхтоўка вучняў да алімпіяд. Яўгену Аляксандравічу гэта асабліва цікава яшчэ і таму, што ў свой час ён таксама быў удзельнікам алімпіяднага руху. Уласны вопыт дапамагае лепш разумець запыты вучняў, пытанні і хваляванні, якія ў іх узнікаюць на гэтым няпростым шляху. З самага пачатку прыняў рашэнне: арыентавацца на жаданне саміх школьнікаў больш шырока вывучаць прадметы і прымаць удзел у алімпіядах. Не стаў прапаноўваць ці навязваць дадатковыя заняткі, а проста зрабіў аб’яву для ўсіх жадаючых. Адразу прыйшло шмат дзяцей, аднак літаральна праз пару тыдняў засталося ўсяго некалькі чалавек, якія сапраўды гатовы былі шмат чытаць і ўзмоцнена займацца гісторыяй.
Першых поспехаў не прыйшлося доўга чакаць. У 2019 годзе вучань 10 класа Міхаіл Лябедзька стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і паспрабаваў свае сілы ў абласным. А ў сакавіку гэтага года вучаніца 8 класа Настасся Касмовіч заваявала дыплом І ступені на малой раённай алімпіядзе, якая штогод праводзіцца для таго, каб зацікавіць, матываваць дзяцей на далейшае вывучэнне прадмета і ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе.
— Для мяне гэта дасягненне асабліва важнае, — падкрэслівае Я.А.Жук. — І справа не ў дыпломе. У дзяўчынку многія не верылі. Аднак у яе ўзнікла жаданне вучыць гісторыю, я яго падтрымаў. Мы займаліся паўтара года. За гэты час Настасся стала больш упэўненай у сабе, на ўроках яна прымае актыўны ўдзел у абмеркаваннях, выказвае свой пункт гледжання. Гісторыю ж вучыць з усё большым жаданнем. Першым (і, я ўпэўнены, не апошнім) вынікам такіх яе адносін стаў сёлетні дыплом.
У скарбонцы асабістых дасягненняў Яўгена Аляксандравіча — дыплом лаўрэата творчага конкурсу “Педагагічны старт — 2020”. Аднак самая галоўная ўзнагарода для яго — дзень за днём назіраць за зменамі, якія адбываюцца з вучнямі. Радасна бачыць, калі ў школьнікаў з’яўляецца ўсё больш ведаў, упэўненасці ў сваіх сілах і мэтанакіраванасці.
Таццяна ШЫМКО.