Праваслаўныя вернікі адзначылі Тройцу — адно з галоўных хрысціянскіх свят. У вёсках Лельчыцкага раёна на траечным тыдні і сёння праводзіцца ўнікальны абрад — Ваджэнне русалкі.
Галоўная мэта абрада, каб пайшлі дажджы і быў добры ўраджай. Дзяўчаты збіраліся на паляне, прыносілі з сабой шмат кветак, а хлопцы насілі галлё для вогнішча. Затым выбіралі адну дзяўчыну з доўгімі валасамі — русалку.
Як паведаміла Матруна Андрэеўна Гаўрылавец, 1928 года нараджэння, выбіралі на русалку самую прыгожую дзяўчыну з вёскі, з доўгімі валасамі, плялі ёй вянок на галаву, а замест сукенкі — убранне з галінак бярозы, крапівы і рагозу. Людзі больш сталага ўзросту спявалі песні, з гармонікам, са смехам і жартамі праходзілі праз усю вёску, дзе на яе ўскрайку раскладвалі вогнішча. На ім нібыта асвячалі сплеценыя дзяўчатамі вянкі, пераскоквалі праз яго. Лічылася, хто даўжэй прыгне праз вогнішча, той будзе самы здаровы. Вадзілі карагоды, спявалі асаблівыя песні.
Тры разы абыходзілі вёску з русалкай, праводзілі яе ў жытняе поле. Русалка ехала на качарзе, за ёй ішлі дзяўчаты ў вянках і білі ў заслон. Малыя бегалі каля русалкі, хапалі яе за рукі, за сарочку, за качаргу і крычалі: “Русалка, русалка, пашлакаці мяне”. Дзяўчаты вялі русалку ў жыта і спявалі, гулялі. Русалка бяжыць у поле, каб парваць каласкі, а за ёй бягуць дзеці, каб парваць тыя каласкі ўжо ў русалкі. Потым з каласкоў плятуць маленькія вяночкі. Гэтыя вяночкі кладуць на капусту, каб добра раслі тугія качаны і не было вусеняў. Каб дзеці не рвалі каласкі ў полі і не смажылі на агні, то казалі: “Ідзі, то цябе русалка спалохае”.
На русальным тыдні жанчыны ішлі рана ў лес, калі на раслінах была яшчэ раса, збіралі зёлкі. Зімой іх заварвалі на чай, а калі захварэе скаціна, то акурвалі яе гэтымі травамі, і жывёліна папраўлялася. Дзяўчаты адпраўляліся ў лес, каб нарваць кветак, сплесці вянок і паваражыць на суджанага. У бярэзніку яны плялі вянкі з зеляніны, апляталі верхнія галіны дзвюх бяроз, атрымліваліся своеасаблівыя вароты, праз якія праходзілі з песнямі. Дзяўчаты, якія прайшлі праз вароты, сплеценыя з бярозавых галін, лічыліся кумамі, сяброўкамі на ўсё жыццё. Заплеценую бярозку ўпрыгожвалі каляровымі абрэзкамі, шнуркамі, вянкамі з іншых бяроз.
З кветак таксама плялі вянкі і кідалі на ваду. Калі вянок варушыцца або плыве да берага — застанецца дзяўчына ў сваёй вёсцы, а калі паплыве, то выйдзе замуж. Вянкі праз тыдзень патрэбна было разрываць. Незасохлыя вянкі азначаюць добрае жыццё. Бярозавыя галінкі кідалі ў жыта, пшаніцу, каб яны ўрадзілі.
У Лельчыцкім раёне існуе такая легенда. Адзін чалавек на русальным тыдні запрог каня і паехаў у лес па дровы. Насек дроў і хацеў ужо вяртацца дадому, але тут падбягае русалка і сядае на воз. Ён сказаў, каб яна злезла з воза, але тая не паслухала. Так чалавек прывёз русалку ў свой двор. Яна злезла з воза і зайшла ў хату, села на прыпечку. Калі гаспадыня ставіла стравы, якія варыла ў печы, то паставіла і русалцы, але тая не ела, а толькі сядзела над парай. Каб сагнаць русалку з прыпечка, ёй казалі: “Брат з сястрой жэняцца”. Яна адказвала: “Хай жэняцца”. Тады казалі: “Кум з кумою жэняцца”. Пачуўшы гэта, яна хапалася за галаву і бегла з хаты.
У нас раней гаварылі, хто на русальным тыдні курыцу пасадзіць на яйкі, каб вывела куранят, то ў таго ўсе птушаняты загінуць. Не ішлі на русальным тыдні і на агарод па адным, бо казалі, што русалка зашлакоча. Збіраліся талакою. У чэрвені глядзелі вуллі і да вулля падцягваліся на вяроўцы. Калі хто быў з родных, то дзяўчына-русалка падыходзіла і казала: “Род, род, падцягні свой павод”.
Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ,
настаўніца гісторыі Лельчыцкай сярэдняй школы № 1
Фота Уладзіміра ШПАКОЎСКАГА