У зоне асаблівай увагі: як засцерагчы дзяцей ад сексуальнага насілля

- 14:23Новости, Психолог в школе

У сучасным свеце пытанні палавога выхавання непаўналетніх не страчваюць сваёй актуальнасці. І як ніколі востра стаіць праблема прафілактыкі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх.

…Ангеліна выхоўвалася ў мнагадзетнай сям’і, была самай малодшай. І не тое, каб усё было дрэнна, але не было добра. Старэйшыя дзеці выраслі, раз’ехаліся. Бацька з-за алкагалізму пайшоў з сям’і, перабіваўся выпадковымі падпрацоўкамі, жыў, дзе давядзецца. Маці хоць і працавала, але не саромелася ладзіць застоллі з нагоды і без. Па гэтай прычыне непаўналетняя была прызнана асобай, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За Ангелінай ніхто не сачыў. Не галодная, апранутая, вучыцца — і дзякуй богу, што яшчэ трэба. На тое, што позна, а часам і пад раніцу прыходзіла дамоў, ні­хто не звяртаў увагі: што можа здарыцца ў аддаленай вёсцы? А Ангеліне быў патрэбны нагляд. Асабліва калі аднойчы летняй ноччу на бязлюднай дарозе незнаёмцы ледзь не зацягнулі яе ў машыну. Добра, што адбілася і ўцякла, бо страшна падумаць, што магло б здарыцца. Вось тады ёй і захацелася пагава­рыць з мамай, расказаць усё, атрымаць падтрымку, абарону. Але маме не было калі. Тым не менш знайшоўся той, хто паспачуваў. У сям’і часта бываў 34-гадовы стрыечны брат Ангеліны. Анд­рэй час ад часу купляў ёй піва і даваў грошы — на дробныя расходы. Яму і расказала свой сакрэт Ангеліна. Андрэй, вядома ж, пашкадаваў дзяўчыну. Па-свойму, “па-брацку”. Маме пра гэта Ангеліна расказаць пабаялася, але ў выніку пэўных абставін прыйшлося расказаць праваахоўным органам.

Вынік гэтай гісторыі невясёлы: маці і бацьку Ангеліны пазбавілі баць­коўскіх правоў, брата асудзілі за палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзрос­ту. Ангеліна ж засталася на апецы дзяржавы: ні­хто з вялікай сям’і не захацеў забраць дзяўчыну на апеку.

Для аказання дапамогі непаўналетнім, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля і эксплуатацыі, МУС сумесна з Міністэрствам адукацыі, Следчым камітэтам, Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны распрацаваны і зацверджаны Нацыянальны механізм, якім вызначаны віды дапамогі і абароны падлеткаў, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля.

У Брэсцкай вобласці распрацавана Рэгіянальная карта дапамогі непаўналетнім, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля, гандлю людзьмі і звязаных з ім злачынстваў. Гэтая карта змя­шчае нумары тэлефонаў службаў і спецыялістаў, якія могуць экстранна аказаць дапамогу пацярпеламу дзіцяці.

Каментарый начальніка ІСН АУС Баранавіцкага райвыканкама Віталія Бабіча:

— Мала каму прынясе задавальненне размова на тэму, звязаную з сексуальным насіллем. Аднак, каб абараніць і засцерагчы ад небяспекі дзяцей і падлеткаў, пра такую з’яву ведаць трэба. Важна навучыць дзіця адрозніваць павагу да дарослых ад безумоўнага падпарадкавання старэйшым. Бацькам неабходна прымаць пэўныя меры, каб засцерагчы дзяцей ад магчымых інцыдэнтаў, якія могуць нашкодзіць іх здароўю і неакрэплай псіхіцы. Дзеці маюць права і павінны сказаць “не” любому, хто мае намер прычыніць ім шкоду. Не трэба саромецца ў выпадку чыіх-небудзь дамаганняў гучна зваць на дапамогу — злачынца гэта спыніць. Кліч на дапамогу — гэта не сведчанне баязлівасці, а неабходны сродак абароны ці нават выратавання.

Бацькам неабходна навучыць сваё дзіця наступным правілам:

– не затрымлівацца на вуліцы пасля школы, асаб­ліва з надыходам цемнаты;

– калі чалавек не адстае, трэба падысці да любога дома і зрабіць выгляд, што гэта яго дом, памахаць рукой і пазваць сваякоў, якіх дзіця нібы бачыць у акне;

– калі незнаёмец пытаецца, як знайсці вуліцу, можна растлума­чыць яму, як дайсці, але ні ў якім разе не право­дзіць;

– калі падазроны чалавек спрабуе ўгаварыць пайсці з ім некуды, трэба адказаць, што павінен пайсці дадому і папярэ­дзіць бацькоў, расказаць ім, куды і з кім адпраўляецца;

– калі незнаёмец прапануе паглядзець штосьці ці дапамагчы данесці сумку, абяцаючы запла­ціць, трэба адказваць “не”;

– не размаўляць з незнаёмцамі і не ўпускаць іх у дом, не заходзіць з імі ў ліфт і пад’езд, не садзіцца ў машыну.

Дарослым трэба звяртаць увагу на захапленне сваіх дзяцей сексуальнай літаратурай, відэафільмамі з эратычнымі сцэнамі. Ахвярамі палавых злачынстваў часцей становяцца дзеці і падлеткі, запушчаныя з пункту гледжання палавога выхавання. Па гэтай прычыне некаторыя з іх страчваюць пачуццё сарамлівасці, іншыя выхоўваюцца ў такой пакорнасці дарослым, што ў выпадку палавых дамаганняў не смеюць ім супрацьстаяць. Дзеці не павінны дазваляць, каб незнаёмцы, знаёмыя ці нават далёкія сваякі “няправільна” краналі іх, цалавалі, абдымалі. Дзіця дакладна павінна ведаць, што доўга абдымаць яго могуць толькі мама і тата.

Злачынцы могуць прымяніць не толькі гвалтоўныя, але і “спакуслівыя” прыёмы: прапанаваць цукеркі, марожанае, цацкі, паабяцаць паказаць штосьці цікавае. Спакуснік імкнецца схіліць да сябе дзіця, адначасова абяцае ва ўзаемных палавых дзеяннях бяскрыўдную і прыемную забаву. Добра, калі дзеці расказваюць бацькам пра ўсё, што адбываецца з імі.

Маючы зносіны ў сацыяльных сетках, злачынцы, як правіла, прадстаўляюцца падлеткамі, выкарыстоўваючы іх манеру зносін. Аднак віртуальныя знаёмыя павінны заставацца віртуальнымі, усе рэальныя сустрэчы павінны праходзіць пад наглядам ці з дазволу бацькоў.

Вольга КЛАЎСУЦЬ,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетні
Баранавіцкага райвыканкама
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту,
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі