Удзельнікі «Экспертнай пляцоўкі»: «Важна выхоўваць у моладзі гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу»

- 9:32Компетентно, Новости

Пра найбольш яркія праекты для дзяцей і моладзі ў Год міру і стварэння адбылася размова падчас чарговай сустрэчы на “Экспертнай пляцоўцы” Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

У круглым стале прынялі ўдзел:

  • Людміла Мікалаеўна Кандрашова — старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду;
  • Аляксандра Уладзіміраўна Ганчарова — сакратар ЦК БРСМ і старшыня Цэнтральнага савета БРПА;
  • Таццяна Анатольеўна Сіманоўская — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі;
  • Аксана Міхайлаўна Мыцько — рэдактар аддзела сацыяльнай работы Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”;
  • Галіна Якаўлеўна Кабешава — дырэктар сярэдняй школы № 16 Оршы;
  • Святлана Уладзіміраўна Багдашова — дырэктар сталічнай сярэдняй школы № 164 імя Б.В.Карпенкі;
  • Максім Уладзіміравіч Місько — старшыня праўлення Беларускага фонду міру.

Будаваць масты

— Мір і стварэнне — цяжка ўявіць сабе больш натхняльны і шматгранны пасыл. Як лепш раскрываць яго ў рабоце з дзецьмі і моладдзю, на чым рабіць акцэнты? 

Таццяна Сіманоўская:

— У нас быў Год народнага адзінства, потым Год гістарычнай памяці. Правільна і лагічна, што 2023 год аб’яўлены Годам міру і стварэння. Можна сказаць, гэта своеасаб­лівае чарговае звяно. Мы аб’ядноўваліся, мы ўспаміналі нашу гісторыю, а сёння выступаем за мір і стварэнне, што цалкам адпавядае той палітыцы, якую право­дзіць наша дзяржава, пра якую гаварыў Прэзідэнт падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Усе тыя кірункі дзейнасці, якія мы актыўна развівалі ў папярэднія гады, закла­дзены ў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года міру і стварэння. Наша сістэма адукацыі мэтанакіравана працуе на тое, каб замацаваныя ў ім знакавыя пасылы прасочваліся як у адукацыйным, так і ў выхаваўчым працэсе. Дзеці і мо­ладзь сёння ахоплены вялікай колькасцю мерапрыемстваў, ініцыятыў, якія рэалізуюцца на мясцовым, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях. Плённа ўзаемадзейнічаем у гэтым працэсе з грамадскімі арганізацыямі, фондамі. Кірункаў шмат, але за што б мы ні ўзяліся, у аснове ляжыць галоўная мэта — фарміраванне патрыёта і грамадзяніна. Невыпадкова зараз мы пачалі звяртаць больш увагі на самых маленькіх выхаванцаў — дашкольнікаў. Расціць сапраўдных патрыётаў трэба з дзіцячага сада, працягваць гэтую работу ў школе і ўстановах адукацыі на ўсіх ступенях.

Аляксандра Ганчарова:

— Згодна з Таццянай Анатольеўнай. Хачу адзначыць, што ўся дзейнасць і БРПА, і БРСМ у Год міру і стварэння так ці інакш накіравана на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Фарматы і кірункі работы самыя розныя, кожнае дзіця, падлетак ці малады чалавек можа выбраць сваё, тое, што цікава, што захапляе. Для аднаго гэта ўдзел у ваенна-патрыятычных гульнях “Зарніца”, “Зарнічка”, “Арляня”, для другога — інтэлектуальна-забаўляльная гульня “Акцябрацкі/піянерскі/маладзёжны квіз”, які, дарэчы, не прой­дзеш, калі не ведаеш асноўных фактаў нашай гісторыі і сучаснасці, дзяржаўных сімвалаў. А для кагосьці бліжэй цімураўскі рух, валанцёрская дзейнасць у складзе атрадаў “Добрае сэрца”. Адзін са знакавых нашых праектаў — міжканфесійная дабрачынная акцыя “Аднаўленне святынь Беларусі”, якая ў гэтым годзе праходзіць ужо дзясяты раз. Моладзь дапамагае добраўпарадкоўваць тэрыторыі храмаў розных канфесій, сустракаецца са святарамі, якія гавораць з ёй аб традыцыйных каштоўнасцях. 

Шмат праводзім адкрытых дыялогаў, дыялогавых пляцовак. У студзені гэтага года стартаваў новы праект — інфармацыйна-асветніцкая акцыя “Заліковая размова”. Вядомыя эксперты, палітаглядальнікі, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў ідуць у каледжы, універсітэты і даносяць да моладзі праўдзівую інфармацыю аб падзеях у краіне і за яе межамі. Я двойчы была экспертам на такіх сустрэчах. Гэта вельмі карысная справа. На жаль, маладыя людзі сёння амаль не глядзяць тэлевізар, не чытаюць газет, інфармацыю атрымліва­юць у асноўным ад равеснікаў ці з сацыяльных медыя і інтэрнэт-крыніц, не асабліва падвяргаючы яе крытычнаму асэнсаванню. Дыялогавыя пляцоўкі дапамагаюць сфарміраваць усвядомленую грамадзянскую пазіцыю, вучаць аналізаваць інфармацыю. 

Галіна Кабешава:

— Аляксандра Уладзіміраўна справядліва адзначыла, як важна выхоўваць у моладзі гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу — грамадзянскага, міжканфесійнага, міжнацыянальнага. Наша школа таксама імкнецца на справе паказаць дзецям, што лепшы шлях да міру — гэта будаваць масты сяброўства з прадстаўнікамі іншых культур. Мы з’яўляемся цэнтрам вывучэння кітайскай мовы ў Віцебскай вобласці, дзеці вучаць яе як асноўную замежную разам з англійскай, у нас адкрыты кабінет Канфуцыя. А нядаўна зрабілі яшчэ адзін крок — падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з Наньчанскай школай замежных моў КНР. У анлайн-рэжыме адбыўся дыялог паміж навучэнцамі і педагогамі дзвюх нашых школ. Кожны бок расказаў пра гісторыю сваёй краіны, сваю ўстанову, а таксама прадставіў адзін з сімвалаў Радзімы. Дзеці дамовіліся ў знак сяброўства імі абмяняцца. Мы пасылку з буслікам ужо адправілі, чакаем іх жураўля. Будзем таксама абменьвацца інфармацыяй, відэасюжэтамі аб жыцці нашых школ, гарадоў. 

Праз канкрэтныя справы выхоўваем у вучнях працавітасць, што з’яўляецца яшчэ адным важным пасылам Года міру і стварэння. На прышкольнай тэрыторыі агульнымі намаганнямі педагогаў, дзяцей, бацькоў створаны сапраўдны аазіс, нават называем сябе школай-паркам. У ім ёсць бэзавая алея, сад камянёў, сцежка адчуванняў, кветкавы фантан і шмат чаго яшчэ. Навучэнцы любяць там адпачываць, але і працуюць ахвотна. І ніхто нічога не псуе, бо шкада — самі ж зрабілі.

Святлана Багдашова:

— Думаю, калегі са мной пагодзяцца, што работу сёння нам вельмі аблягчае тое, што ўжо зроблена за папярэднія гады. Возьмем, напрыклад, выхаванне паважлівага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў — сцяга, герба, гімна. Прызнаем, да пэўнага моманту мы ўдзялялі гэтаму недастаткова ўвагі. Але памылкі выпраўлены. Цяпер словы гімна ведае кожны вучань, з гэтага пачынаецца выхаванне грамадзяніна і патрыёта, гэта моцны аб’яднальны момант.  

Правільным крокам у свой час стала актывізацыя стварэння ваенна-патрыятычных клубаў, якія фарміруюць у хлопцаў і дзяўчат усвядомленую пазіцыю патрыёта і абаронцы Радзімы. Калі 1,5 года назад на базе вайсковай часці 5448 адкрылі ваенна-патрыятычны клуб “Граніт”, першапачаткова былі некаторыя сумненні: ці зацікавіць ён навучэнцаў, як адрэагуюць бацькі? Але хваляваліся дарма. Зацікаўленасць вайскоўцаў і сістэмная работа педагогаў далі свой вынік. Пачыналі з 80 дзяцей, а сёння іх ужо каля 200, існуе нават чарга на ўступленне.

Шмат перспектыў адкрыла музейная педагогіка. Школьны музей “Ленінскі раён: учора, сёння, заўтра” — фундамент усёй выхаваўчай работы. І што самае каштоўнае, ён натхняе дзяцей на самыя розныя ініцыятывы. Адна з нядаўніх — стварэнне міні-ма­дэлей музеяў, тэатраў, іншых устаноў, якія размяшчаюцца на тэрыторыі Ленінскага раёна. Навучэнцы зрабілі каля 30 такіх макетаў будынкаў, атрымалася цэлая музейная экспазіцыя. Яшчэ адна ўвасобленая ў жыццё ідэя юных экскурсаводаў музея — правесці для школьнікаў экскурсію на месцы былога канцлагера Малы Трасцянец. Зрабілі гэта так кранальна, што абыякавым не застаўся ніхто. У моладзі шмат цікавых ідэй, дарослым трэба ўмець убачыць у іх рацыянальнае зерне і дапамагчы рэаліза­ваць. Гэта важная частка выхавання. 

Максім Місько:

— Прыемна чуць пра такія ініцыятывы. Патрыятызм трапляе ў дзіцячую душу праз пачуцці, праз тое, што дзіця паплача, камяк да горла падыдзе. Нам, вядома ж, хацелася б, каб яны маленькія адразу Радзіму любілі. Але так не будзе, кожны павінен прайсці свой шлях. Вельмі важна, каб усё было па-сапраўднаму, нельга дапусціць фармалізму, няшчырасці.

Адзін са знакавых праектаў Беларускага фонду міру — стварэнне ў краіне сеткі Школ міру. Ён рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Прыемна адзна­чыць, што суполка такіх школ актыўна развіваецца. З пачатку года ганаровага статусу ўдастоена больш за 20 устаноў адукацыі, на сёння ў краіне дзейнічае звыш 120 Школ міру. Колькасць — не самамэта, для нас важная якасць ажыццёўленай працы. Але бачым, што ініцыятыва перарастае ў валанцёрскі школьны рух. Гэта чарговы раз даказ­вае: ідэя міратворчасці вельмі блізкая беларускаму народу. 

Мы аб’явілі конкурс на лепшы міратворчы праект 2023 года, у фінале якога будуць прадстаўлены найбольш яркія ініцыятывы Школ міру розных рэгіёнаў. Таксама плануецца правесці конкурс на атрыманне грантаў для ажыццяўлення новых міратворчых праектаў.

Людміла Кандрашова:

— Беларускі дзіцячы фонд таксама імкнецца пакінуць у Год міру і стварэння свой добры след. Нядаўна далі старт акцыі “Яблыневы сад”, якая разлічана на дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Наш фонд бясплатна прадастаўляе ім саджанцы яблынь і ўсё неабходнае для пасадкі. Выхаванцы разам з бацькамі-выхавальнікамі і добраахвотнымі памочнікамі садзяць дрэўцы на прысядзібнай тэрыторыі сваіх дамоў. Гэта вельмі сімвалічна: яблыневы цвет асацыіруецца з мірам і дабром. Акрамя таго, акцыя накіравана на выхаванне ў дзецях-сіротах працавітасці. Як слушна сказала Галіна Якаўлеўна, калі расліна пасаджана сваімі рукамі, адносіны да яе іншыя.

Вядома ж, у гэты год мы працягваем нашы традыцыйныя праграмы падтрымкі выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей з інваліднасцю, з малазабяспечаных сем’яў, дзетак бежанцаў з Украіны і інш. З 1 сакавіка наш фонд пачаў марафон міру, дзяцінства, стварэння, дабрыні і міласэрнасці. Сабраныя сродкі будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуа­цыях, а таксама на закупку абсталявання для дзіцячых устаноў.

Шляхамі памяці

— Хутка будзем адзначаць асаблівае для кожнага з нас свята — Дзень Перамогі. У апошні час шмат зроблена для таго, каб перазагрузіць работу з падрастаючым пакаленнем па тэме Вялікай Айчыннай вайны, да кожнага данесці, якую высокую цану заплаціла наша краіна за мір і свабоду ад фашысцкага рабства. Што прынясе ў гэтым кантэксце бягучы год?

Таццяна Сіманоўская:

— Вельмі важна перадаць дзецям і моладзі гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне, аб тым, як змагаліся і як пакутавалі нашы продкі. Зроблена сапраўды шмат і спыняцца ні ў якім разе не збіраемся. Установы адукацыі сумесна з пракуратурай, органамі кіравання даносяць да падрастаючага пакалення факты, звязаныя з генацыдам беларускага народа. Працягваецца таксама пошукавая работа дзеля ўвекавечвання памяці аб загінуўшых воінах, спазнання дзецьмі старонак сямейнай гісторыі ваеннага часу. Ахоплены ўвагай ветэраны вайны. Кожны год да Дня Перамогі і іншых звязаных з Вялікай Айчыннай вайной памятных дат узнікаюць новыя праекты, папаўняюцца шэрагі традыцыйных. Так, маштабны міжнародны праект “Цягнік Памяці”, які ў мінулым годзе ярка заявіў пра сябе, гэтым летам будзе рэалізаваны зноў. Ужо прайшлі конкурсныя адборы ўдзельнікаў, рыхтуецца маршрут наведвання гістарычных месцаў, якія звязваюць адзінай памяццю Беларусь і Расію. 

Галіна Кабешава:

— Вельмі важна бачыць і выкарыстоўваць патэнцыял таго месца, дзе мы жывём. Напрыклад, у нас ёсць выдатны праект “Масты пакаленняў”. Ён аб’ядноўвае навучэнцаў нашай школы і ўдзельнікаў народнага хору ветэранаў вайны і працы аршанскага Дома культуры, старэйшаму з якіх 88 гадоў. Яны разам ездзяць на экскурсіі. Дзеці вучаць бабуль працаваць на камп’ютары, тыя іх — вязаць. Некалькі гадоў назад вучні запісалі на відэа ўспаміны пажылых людзей аб іх абпаленым вайной дзяцінстве. Паспелі своечасова, бо з таго часу 18 удзельнікаў ветэранскага хору пайшлі ўжо з жыцця. А дзякуючы відэафільму, іх успаміны мо­гуць пачуць сённяшнія навучэнцы школы.

Самы яскравы момант гэтага супрацоўніцтва — зводны хор ветэранаў, нашых педагогаў і дзяцей. Калі тры пакаленні на сцэне разам спяваюць пра вайну і каштоўнасці міру, гэта неперадавальна. Слухаючы некаторыя песні, дарослыя гледачы ў адзіным парыве ўстаюць, і дзеці ў зале ро­бяць тое ж. Зараз наш хор рыхтуе святочную праграму да 9 Мая. Упэўнена, яна бу­дзе, як заўсёды, незабыўная. 

Святлана Багдашова:

— Наша школа ў гэты год уступіла ў новым ганаровым статусе: атрымала імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Браніслава Віктаравіча Карпенкі. Былому партызану і байцу Чырвонай Арміі ўжо 97 гадоў, але ён разам з сям’ёй прыйшоў у школу на ўрачыс­тую цырымонію прысваення яго імя. Лічу, нам вельмі пашанцавала: вучні маюць магчымасць на свае вочы бачыць чалавека, які ўнёс асабісты ўклад у Перамогу. 9 Мая абавязкова павіншуем яго, парадуем. Спадзяёмся, здароўе дазволіць яму прыняць удзе­л
яшчэ не ў адным нашым мерапрыемстве.

З пачатку года больш за 20 устаноў адукацыі сталі Школамі міру, на сёння іх у краіне ўжо звыш 120.

Максім Місько:

— Выдатна, калі ў дзяцей ёсць магчы­масць бачыць жывых ветэранаў. На жаль, іх усё менш. Таму такія важныя ініцыятывы, што дазваляюць зрабіць бліжэй імёны воінаў-пераможцаў, якіх ужо няма сярод нас. Наш фонд некалькі гадоў ажыццяўляе праект “У страі заўжды, у памяці навекі!”. У школьных калідорах змяшчаюцца стэнды памяці, якія расказваюць пра гераічных продкаў сённяшніх навучэнцаў. Дарэчы, такія экспазіцыі маюць ужо каля тысячы ўстаноў адукацыі, ініцыятыву падхапілі таксама прадпрыемствы, дзяржаўныя ўстановы. Традыцыйна напярэдадні 9 Мая дзеці праводзяць каля сваіх стэндаў мітынгі памяці. 

Што тычыцца Школ міру, то ў ліку асноўных напрамкаў іх дзейнасці — захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, клопат аб ветэранах, добраўпарадкаванне помнікаў і мемарыялаў. Памятаючы аб вайне, мы больш шануем мір на нашай зямлі. І разумеем: яго трэба берагчы!

Аляксандра Ганчарова:

— За межамі краіны моладзь зневажае і зносіць абеліскі, а ў Беларусі хлопцы і дзяўчаты старанна іх даглядаюць. Мы можам па праве ганарыцца, што захоўваем гэтую традыцыю.

Разам з тым у рабоце з падрастаючым пакаленнем вельмі важна выкарыстоў­ваць і сучасныя фарматы. Так, у гэтым го­дзе БРПА другі раз праводзіць рэспуб­ліканскую патрыятычную квест-гульню “Па слядах Перамогі”. Раённыя і абласныя этапы ўжо завяршыліся, фінал запланаваны на 6 мая, ён пройдзе ў парку Перамогі каля музея Вялікай Айчыннай вайны. Каманды рухаюцца па маршруце, у пэўных пунктах праз QR-код атрымліваюць тэматычныя заданні, якія трэба выканаць хутка і дакладна. Для дзяцей гэта выдатны стымул пашыраць веды аб Вялікай Айчыннай вайне, памятаць аб яе героях.    

Людміла Кандрашова:

— У мінулым годзе Беларускі дзіцячы фонд ажыццявіў праект “Шляхамі памяці”, падчас якога мы ладзілі экскурсіі для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу па гістарычных месцах. Без дапамогі выбрацца ў такую паездку ім складана, бо сямейны дзіцячы дом — гэта да 10 выхаванцаў плюс бацькі-выхавальнікі. У гэтым годзе працягнем гэтую практыку, а яшчэ дададзім удзел у добраўпарадкаванні воінскіх мемарыялаў, размешчаных непадалёк ад месца пражывання дзяцей-сірот.

Не магу не сказаць яшчэ пра адно. Нельга перакладваць усю выхаваўчую работу на школу. Калі 9 Мая кожны ў сваёй сям’і не ўспомніць подзвігі продкаў, грош нам цана. Дзеці ўбіраюць у сябе ўсё як губка: што мы гаворым, робім ці не робім. Я заўважыла, што ў Хатыні нават трохгадовыя малышы ідуць моўчкі. Будзем паважаць памяць аб вайне мы — будуць паважаць і нашы дзеці.

Таццяна Сіманоўская:

— Гэта так. Невыпадкова ў Рэспубліцы Беларусь з мінулага года дзейнічае праг­рама патрыятычнага выхавання насельніцтва. Было правільна прынята рашэнне, што працаваць у гэтым кірунку трэба не толькі з дзецьмі, а і з дарослымі. Удзяляць больш увагі фарміраванню патрыятычнай пазіцыі бацькоў, каб яны потым трансліравалі яе на сваіх дзяцей. 

Мы шмат гаварылі пра выдатныя ідэі юнакоў і дзяўчат, якія ўвасабляюцца ў актуальныя праекты.

Вельмі добра, што ў нашай краіне сёння створана сістэма падтрымкі такіх ініцыятыў.

Дзяржава ідзе насустрач моладзі. Гранты на рэалізацыю маладзёжных праектаў выдзяляе Прэзідэнт Беларусі, а цяпер яшчэ і Міністэрства адукацыі. 8 красавіка стартаваў адпаведны конкурс па адборы маладзёжных ініцыятыў для іх далейшага фінансавання, заяўкі на ўдзел можна падаваць да 8 мая.

Лету насустрач

— Хутка пачнуцца летнія канікулы. Што цікавага, пазнавальнага, карыснага чакае дзяцей і моладзь?

Таццяна Сіманоўская:

— Будуць прадстаўлены ўсе магчымасці адпачыць, аздаравіцца і правесці час з карысцю. Шмат варыянтаў зарабіць першы рубель: лагеры працы і адпачынку, працоўныя брыгады, студэнцкія атрады, індывідуальнае працаўладкаванне і інш. Дарэчы, наймальнікамі прадастаўлена 38 тысяч працоўных месцаў для работы ў складзе студатрадаў.

Што тычыцца выхаваўчай работы ў межах арганізаванага дзіцячага аздараўлення, то праз яе чырвонай ніткай пройдзе тэматыка міру і стварэння. І, вядома ж, лета адкрывае шырокія гарызонты для сямейнага адпачынку. У Беларусі створаны выдатныя ўмовы для ўнутранага турызму, самы час імі скарыстацца.

Святлана Багдашова:

— Усе тры летнія месяцы на базе нашай установы адукацыі будзе дзейні­чаць школьны аздараўленчы лагер. Будуць функцыянаваць брыгады другаснай занятасці, якія дастаткова запатрабаваны ў навучэнцаў. Таксама школьнікі працягнуць наведваць аб’яднанні па інтарэсах у цэнт­рах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. 

Галіна Кабешава:

— У нас тыя ж формы работы, якія пералічыла калега. Акрамя таго, у чэрвені традыцыйна арганізуем інтэрактыўную школу “Лідар”. У ёй удзельнічаюць навучэнцы 8—11 класаў усіх школ горада. Заўсёды прапаноўваем ім цікавую, запамінальную праграму.

Аляксандра Ганчарова:

— Сумесна з нацыянальным дзіцячым цэнтрам “Зубраня” БРПА рыхтуе палатачны лагер для нашых цімураўскіх атрадаў. Працягнем разам з БРСМ рэалізацыю праекта “Крок да поспеху”: вядомыя беларускія дзеячы культуры, спорту, іншых сфер бу­дуць сустракацца ў летніх лагерах з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Акрамя таго, традыцыйна пройдуць ваенна-патрыятычныя гульні “Зарніца”, “Зарнічка” і “Арляня”. Прапануем дзецям таксама ўдзел у шэрагу анлайн-праек­таў.

Запрашаем моладзь далучацца да студэнцкіх атрадаў, іх фарміраванне пачалося. Дарэчы, у гэтым годзе беларускі студатрадаўскі рух адзначае юбілей — 60-годдзе.

Людміла Кандрашова:

— Кожнае лета Беларускі дзіцячы фонд арганізоўвае рэабілітацыйна-аздараўленчыя змены “Вясёлыя сэрцайкі” для дзетак, якія перанеслі складаныя аперацыі на сэрцы, і “Вясёлка надзеі” для анкалагічна хворых у стадыі рэмісіі. Таксама набываем пуцёўкі для сямейнага аздараўлення ў санаторыях для выхаванцаў і бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Дапамагаем з адпачынкам дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У мінулым годзе аздаравілі каля тысячы дзяцей. У гэтым годзе, спадзяюся, будзе не менш.

Максім Місько:

— Для Беларускага фонду міру адметная падзея лета — палатачны міжнародны дзіцячы лагер міру і сяброўства “Крынічка”. Па традыцыі ён размесціцца ў Рагачоўскім раёне на беразе возера з сімвалічнай назвай “Добрае”. Тут будуць адпачываць хлопцы і дзяўчаты з Беларусі і Расіі. Гэта дапамагае ўмацоўваць узаемаразуменне, а таксама прывіваць дзецям патрыятызм.

Аксана МЫЦЬКО