Звыш 400 работ прадставілі на абласны этап рэспубліканскага конкурсу «ТэхнаЁлка» навучэнцы Магілёўшчыны. Вырабы здзіўлялі неверагодным палётам фантазіі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
— Удзел у спаборніцтве прынялі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі. Калектыўна і асабіста свае работы дзеці прэзентавалі ў 11 намінацыях, — паведаміла загадчык спартыўна-тэхнічнага аддзела Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Вольга Патапава.
Адметнасцю сёлетняга конкурсу стала новая намінацыя — «Ёлка Перамогі». Вялікай Айчыннай вайне і подзвігам салдат было прысвечана мноства работ.
— Вучань сярэдняй школы № 40 Магілёва Яўген Кандраценка праз чорна-белыя фотаздымкі адлюстраваў на ёлцы ключавыя падзеі ваеннага ліхалецця. За кошт таго, што экспанат рухаецца і мае музыкальнае суправаджэнне, ствараецца ўражанне прагляду кінахронікі. Задумацца над каштоўнасцю міру прымушае работа вучаніцы сярэдняй школы № 2 Бялыніч Марыны Кулаковай. Выкананая з металу, стылізаваная штык-нажамі і гільзамі, гэтая ёлка быццам наглядна дэманструе, якіх намаганняў каштавалі беларускаму народу свабода і незалежнасць, — расказала суразмоўніца.
Вырабы ў іншых намінацыях таксама адрозніваліся крэатывам. З чаго толькі не рабілі канкурсанты ёлкі! Святочныя дрэвы выкананы з пластыку, паперы, гліны, тканіны, надрукаваны на 3D-прынтарах. Шмат экспанатаў інтэрактыўныя: яны пераліваюцца агеньчыкамі, агучваюць песні, трансліруюць віншаванні.
Педагогі і навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 з фанеры стварылі ёлку-трансформер, якая была адзначана дыпломам I ступені.
— У сабраным выглядзе ёлка ўяўляе сабой шасцярэньку, на якой размешчаны фігуркі-робаты. Пры ўключэнні пачынае круціцца кола матора, што паднімае ёлку ў вертыкальнае становішча, раскладвае і запускае ў рух ліхтарыкі і музыку. Працавалі камандай. Я адказваў за тэхнічныя рашэнні, мой калега кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Мікіта Шулепаў — за візуальнае афармленне. Непасрэдна вырабам займаліся навучэнцы ліцэя Павел Несцераў і Анастасія Лабанава, а таксама вучаніца сярэдняй школы № 21 горада Паліна Мікалаева. Сумесна ўдалося зрабіць сапраўды казачны экспанат, — падзяліўся намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце МДАЛ № 3 Сяргей Шыбека.
У лік дыпламантаў увайшлі навучэнкі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Міраслава і Аліна Рудаковы. Дзяўчынкі выканалі работу ў намінацыі «Сімвал 2025 года».
— Даўно захапляюся міфамі аб цмоках. Захацелася паспрабаваць увасобіць гэта ў творчасці. Дзякуючы падтрымцы педагога Віктара Васільевіча Коханава ў нас з сястрой усё атрымалася. Работу назвалі «Танец эпох», бо прадставілі барацьбу змяі і цмока. Экспанат пастараліся максімальна ажывіць: цмок махае крыламі, дыхае агнём, у змяі пераліваюцца вочы. Усё гэта далучае гледачоў да чароўнага свету легенд, — патлумачыла Міраслава.
Усяго па выніках конкурсу каля 150 удзельнікаў былі ўзнагароджаны пераможнымі дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Яны прадставяць рэгіён на заключным туры, які адбудзецца ў сталіцы напярэдадні Новага года.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара