У Мінску падведзены вынікі адкрытай міжпрадметнай алімпіяды UNISTAR, якая прайшла сёлета ў дыстанцыйнай форме. Навучэнцы заваявалі 87 дыпломаў рознай вартасці. Па агульнай суме набраных балаў у камандным этапе першае месца заваявала каманда сярэдняй школы № 121 Мінска. Навучэнцам будзе ўручаны пераходзячы кубак пераможцы гэтых спаборніцтваў.

—Ужо шосты год запар у сталіцы праводзіцца адкрытая міжпрадметная алімпіяда UNISTAR, — расказвае метадыст гімназіі № 38 Таццяна Шчэрба. — Менавіта наша ўстанова стала ініцыятарам яе правядзення. Яшчэ ў 2016 годзе педагогі распрацавалі праект, які прадставілі на гарадскі конкурс “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і атрымалі грант Мінгарвыканкама. І зараз мы яго рэалізуем.
Унікальнасць алімпіяды ў тым, што заданні распрацоўваюцца з улікам міждысцыплінарнай інтэграцыі вучэбных прадметаў і для іх выканання неабходна прымяніць веды з розных адукацыйных галін. Вучні 8—9 класаў спаборнічаюць па трох напрамках: гуманітарным (аб’ядноўвае беларускую мову і літаратуру, рускую мову і літаратуру, сусветную гісторыю), фізіка-матэматычным (матэматыка і фізіка), прыродазнаўчанавуковым (біялогія, хімія і геаграфія).
— Удзел у алімпіядзе садзейнічае дапрофільнай падрыхтоўцы: удзельнікам гэтых спаборніцтваў намнога прасцей вызначыцца, на чым зрабіць акцэнт у старшых класах, — падкрэслівае Таццяна Яўгенаўна. — Алімпіяда UNISTAR — гэта яшчэ і першы крок да незалежнай ацэнкі адукацыйных дасягненняў па міжнароднай праграме PISA, асноўная мэта якой — ацэнка здольнасці школьнікаў выкарыстоўваць набытыя веды і вопыт для шырокага дыяпазону жыццёвых задач у розных сферах чалавечай дзейнасці.
Навучэнцам прапаноўваліся заданні рознага ўзроўню складанасці ў залежнасці ад выбранага напрамку, каб кожны з іх мог праявіць сябе.
Сёлета алімпіяда аб’яднала рэкордную колькасць удзельнікаў — 189 навучэнцаў, з якіх 109 васьмікласнікаў і 80 дзевяцікласнікаў. Спаборніцтвы пашырылі сваю геаграфію: калі летась яны праводзіліся для мінскіх навучэнцаў, то сёлета паспрабаваць свае сілы выказалі жаданне навучэнцы з Мінскага раёна (са школ Самахвалавіч, Ждановіч, Бараўлян, Астрашыцкага Гарадка і інш.). У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй алімпіяда праводзілася другі год запар у рэжыме анлайн. Сёлета большасць навучэнцаў праявілі цікавасць да гуманітарнага напрамку, менш цікавіць дзяцей прыродазнаўчанавуковы напрамак.
На працягу тыдня на асенніх канікулах навучэнец па спасылцы мог зайсці на старонку алімпіяды, выканаць заданні і даслаць адказы. Дарэчы, у распрацоўцы заданняў прымалі ўдзел выкладчыкі БДУ і педагогі гімназіі. Навучэнцам прапаноўваліся заданні рознага ўзроўню складанасці ў залежнасці ад выбранага напрамку, каб кожны з іх мог праявіць сябе. Напрыклад, па прыродазнаўчанавуковым напрамку школьнікам давалася наступнае заданне: “Калі вам спатрэбіцца ў лесе знайсці папараць, то вы будзеце звяртаць увагу на расліны, у якіх: 1) буйныя лісты; 2) няма каранёў; 3) кветкі дробныя, несамавітыя; 4) у глебе знаходзіцца магутнае карэнішча; 5) спарангіі размешчаны на ніжнім баку ліста?”
Цікавыя творчыя заданні сёлета прапаноўваліся і па гуманітарным напрамку. Так, напрыклад, вучням неабходна было ўжыцца ў вобраз і напісаць невялікія выказванні ад імя вядомых людзей Беларусі: “Уявіце, вас называюць і асветнікам, і вучоным, і гуманістам, і філосафам. Што гэта была за эпоха, у якой вы жылі і тварылі?”, “Полацк, Кракаў, Падуя, Вільня. Дайце кароткую характарыстыку (2—3 сказы) і раскажыце пра значнасць кожнага з гэтых гарадоў у вашым жыцці”. Дарэчы, заданні былі прадстаўлены на дзвюх мовах: рускай і беларускай, і школьнікам неабходна было паказаць веды і здольнасць хутка пераключацца з адной на другую.
Вучні добра справіліся з заданнямі, прадэманстраваўшы прадметныя і міжпрадметныя веды, эрудыцыю, кругагляд. Па выніках алімпіяды яны заваявалі 87 дыпломаў: І ступені — 17, ІІ ступені — 28, ІІІ ступені — 42. Абсалютнымі пераможцамі спаборніцтваў сталі навучэнец сярэдняй школы № 73 Мінска Іван Сакалоў (9 клас, прыродазнаўчанавуковы напрамак), навучэнец сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы Мінска Леў Галамызда (8 клас, прыродазнаўчанавуковы напрамак), дзевяцікласніца сярэдняй школы № 132 Мінска Аліна Медушэўская (гуманітарны напрамак), васьмікласніца гімназіі № 38 Мінска Ева Далінкіна (гуманітарны напрамак), навучэнка сярэдняй школы № 178 Мінска імя Т.Лук’яновіча Ганна Кляшчэўская (9 клас, фізіка-матэматычны напрамак) і навучэнец сярэдняй школы № 84 Мінска Аляксандр Слабадняк (8 клас, фізіка-матэматычны напрамак).
Віншуем пераможцаў!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.




