Упершыню віртуальную 3D-экскурсію па музеі Красненскай сярэдняй школы можна будзе здзейсніць 9 Мая

- 12:20Гомельская область, Новости

У Красненскай сярэдняй школе Гомельскага раёна актыўна ідзе работа па пераносе даных гісторыка­краязнаўчага школьнага музея ў глабальную сетку інтэрнэт. Першую віртуальную 3D­-экскурсію можна будзе здзейсніць 9 Мая. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У сучасных умовах віртуальныя экспазіцыі з дапамогай IT-тэхналогіі становяцца ўсё больш запатрабаваным фарматам далучэння да культурнай і гістарычнай спадчыны. Анлайн-экскурсія ў школьны музей дазво­ліць адчуць асабістую прысутнасць у прасторы, разгледзець цікавыя дэталі ўнікальнай выставы. Гэты крок не толькі па­спрыяе пашырэнню аўдыторыі, але і падорыць магчымасць людзям з розных куткоў Беларусі азнаёміцца з багаццем гісторыі, культуры і дасягненнямі ўстановы адукацыі. Дзіўныя экспанаты, якія раней былі даступны толькі вучням і мясцовым жыхарам, у хуткім часе змогуць натхняць і здзіўляць аматараў навукі і адукацыі па ўсёй рэспубліцы. Віртуальнае падарожжа стане сапраўдным акном ва ўнікальны свет ведаў, дзе кожны адкрые для сябе нешта новае.

— Хочацца зрабіць не проста сайт аб музеі, а базу даных з усімі матэрыяламі і экспанатамі, — падкрэслівае кіраўнік гісторыка-края­знаўчага музея настаўнік гісторыі Красненскай сярэдняй школы Аляксандр Меркуль. — З дапамогай калег з Буда-Кашалёўскага раёна і пэўнага сучаснага абсталявання ствараецца 3D-экскурсія. Плануецца, што першае падарожжа анлайн можна будзе здзейсніць у Дзень Перамогі.

Школьны музей адкрыўся яшчэ у 1981-м, пры ім быў створаны клуб “Радзімічы”, які стаў цэнтрам турыстычна-краязнаўчай дзейнасці, яго ўдзельнікі зай­маліся зборам экспанатаў. Шырока прадстаўлены матэрыялы пра гісторыю калгаса-мільённіка, знакамітых вяскоўцаў, ветэранаў, перадавікоў. З часам у музеі з’явіліся новыя раздзелы экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі самога музея і школе, вёсцы Краснае, мясцовай царкве, подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Назапашаны велізарны матэрыял, сярод экспанатаў прадметы побыту: элементы ткацкага станка, прас на вуглях, гліняныя збаны і чыгуны, лапці, падковы, — пералічвае педагог. — Сабраны ўспаміны доўгажыхароў пра да­ваенныя гады ў гісторыі школы, захоўваюцца фатаграфіі настаўнікаў і выпускнікоў мінулых гадоў.

У адным з раздзелаў прадстаўлена інфармацыя пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны: каля 900 сяльчан удзельнічалі ў баявых дзеяннях, больш за 100 чалавек па­дзяліліся ўспамінамі пра самы жудасны перажыты час. На вайне, на жаль, загінула больш за 200 жыхароў вёскі. Сёння ва ўстанове таксама актыўна вядзецца пошукавая і даследчая дзей­насць.

Каля вёскі ў гады нямецкай акупацыі выкапаны супрацьтанкавы роў, куды фашысты вывозілі і расстрэльвалі людзей. У 2018 годзе ваеннаслужачыя ­52-га асобнага спецыялізаванага пошу­кавага батальёна Мінабароны праводзілі раскопкі, было зной­дзена масавае пахаванне і астанкі 139 ваеннапалонных Чыр­вонай Арміі. Іх астанкі перапахавалі ў брацкай магіле. Частка знаходак перададзена ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, таксама знойдзеныя прадметы аддалі ў школьны музей.

— Так у нас з’явіліся гільзы нямецкіх вінтовак і кулі, — адзначае Аляксандр Валер’евіч. — У нашай экспазіцыі па генацыдзе беларускага народа захоўваюцца дакументы, лісты з фронту, каскі, паходныя пляшкі, грабеньчыкі, футляры адэкалону, ключы, брытвы, курыльныя трубкі, больш за 200 савецкіх манет. Ваенная форма 40-х гадоў, альбомы, у якіх сабраны ўспаміны ветэранаў, значацца ў экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне.

Яшчэ адзін раздзел зна­ёміць з 12 выпускнікамі школы, якія ­ваявалі ў Афганістане. Адзін з іх — Анатоль Удавенка — перадаў у музей палявую форму разам з узнагародамі, цяпер яна захоўваецца побач з вайсковымі рэчавымі мяшкамі, процівагазамі, рамянямі і іншымі прадметамі.

Самая вялікая частка музейнай прасторы прысвечана ўстанове адукацыі. Першая звестка пра школу датуецца 1926 годам, тады гэта была 2-класная царкоўнапрыходская школа. У музеі таксама захоўваюцца тысячы фатаграфій многіх выпускаў.

— Наша ўстанова славіцца педагогамі і ўласнай багатай гісторыяй. Таму хочацца, каб у калег з Гомельскай вобласці і іншых рэгіёнаў краіны была магчымасць наведаць школьны музей, больш падрабязна разгледзець назапашаны матэрыял. Робіцца ўсё, каб гісторыя аграгарадка і школы стала даступна кожнаму беларусу, — дзеліцца суразмоўнік уласным бачаннем наконт пераносу даных школьнага музея ў глабальную сетку інтэрнэт.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі