Урокі дабрыні і чалавечнасці Лідзіі Грынь з Навагрудка згадваюць яе былыя вучні

- 13:22Образование: взгляд через эпохи

Паўстагоддзя Лідзія Грынь паспяхова фарміравала ў юных жыхароў Навагрудка любоў да фізікі. Яе захапляльныя заняткі і сёння добра памятаюць выпускнікі сярэдніх школ № 5 і № 2. А яшчэ яны з цеплынёй прыгадваюць урокі дабрыні і чалавечнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кветкі для любімай настаўніцы

Лідзія Цімафееўна працавала не толькі настаўніцай, але і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, паспяхова кіравала ўстановай адукацыі, узначальвала раённы вучэбна-метадычны кабінет. За працоўныя дасягненні адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх Ганаровая грамата ЦК КПСС. Сваім багатым вопытам, роздумамі пра развіццё сістэмы адукацыі яна ахвотна дзеліцца з чытачамі роднай газеты.

— Настаўнік павінен любіць усіх дзяцей. А для гэтага нават самы маленькі поспех школьніка, найперш слабага ў вучобе, трэба адзначаць перад усім класам. І ні ў якім выпадку не крычаць на дзяцей. Калі педагог робіць гэта, ён страчвае аўтарытэт, — лічыць ветэран педагагічнай працы.

Яна невыпадкова пачала нашу размову менавіта з гэтых слоў. Увага да дзяцей і калег, цярпімасць, стрыманасць у адносінах з імі і абавязкова добры настрой — вось залатое правіла Лідзіі Грынь. Таму яе добра памятаюць і паважаюць многія навагрудчане, асабліва былыя вучні. Сярод іх — Святлана Аляксандраўна Сцёпіна, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 імя Рыгора Фамічова.

Разам з ёй мы і завіталі ў госці да ветэрана з букетам кветак і фірменным “Настаўніцкім” пернікам ад Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, каб павіншаваць з нядаўнім 85-годдзем (Лідзія Цімафееўна нарадзілася 3 студзеня) і пачуць слушнае меркаванне па розных аспектах прафесійнай дзейнасці. У марозны дзень ва ўтульнай кватэры наша размова атрымалася цёплай, шчырай, працяглай.

Дрэнных вучняў не бывае

Неперспектыўныя, непаслухмяныя дзеці, гультаі… Якіх толькі слоў часам не пачуеш у адрас вучняў ад некаторых нас­таўнікаў. Для Лідзіі Цімафееўны такі падыход абсалютна непрымальны.

— Я часта жартую: дзіця ж не вінавата ў тым, што Бог яго пацалаваў не “ў фізіку”. Усе вучні адораныя па-свойму: адны лёгка рашаюць матэматычныя і фізічныя задачы, іншыя хутка засвойваюць моўныя законы, у трэціх схільнасць да спорту і фізкультуры. Кожнаму сваё, але якім бы ні было дзіця, настаўнік не павінен прыніжаць яго з-за непаспяховасці, не страляць яму ў лоб дрэннай адзнакай. Трэба стварыць сітуацыю поспеху, каб вучань пачаў старацца.

Бяда некаторых дзяцей у тым, што яны хочуць, але не ўмеюць вучыцца, і настаўнік павінен у гэтым дапамагчы. Пры рашэнні задач я заўсёды гаварыла так: “Уважліва чытай умовы, знайдзі ў тэксце апорныя словы і толькі тады пачынай рашаць”. Больш за ўсё любіла праводзіць доследы. Без іх і лабараторных работ урокі фізікі непаўнацэнныя. Сёння з эксперыментамі вучні часта знаё­мяцца ў інтэрнэце. Але калі дзіця само трымае прыбор, дапамагае настаўніку, то ў яго з’яўляецца большая цікавасць, школьнік лепш засвойвае матэрыял, — адзначыла Лідзія Цімафееўна.

Кожны яе ўрок быў непаўторным, запамінальным. Настаўніца ніколі адразу не аб’яўляла тэму. Калі, напрыклад, вывучалі кенетычную энергію, то спачатку яна пытала: “Хто ў класе самы моцны?” Заўсёды ўставаў адзін, а то і два хлопцы. Яна давала ім круглы кардонны дыск, драўляную планачку і прапаноўвала яе распіліць. Канечне, у дзяцей нічога не атрымлівалася. Тады разам з іншымі вучнямі (самымі непаслухмянымі, яны ў Лідзіі Цімафееўны былі грамадскімі лабарантамі) настаўніца прыносіла спецыяльнае абсталяванне, раскручвала дыск і — о цуд! — ён пачынаў рэзаць дрэва. Трэба было бачыць вочы дзяцей!

— У 1963 годзе, калі пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута я прыйшла працаваць у школу, актыўна ўкаранялася дыферэнцыраванае навучанне. На ім і рабіла акцэнт усе далейшыя гады работы. Для свайго першага класа рыхтавала спецыяльныя карткі — асобныя для выдатнікаў, “чацвёрачнікаў”, “троечнікаў”. Раздавала гэтыя карткі на кантрольных работах і ў якасці дадатку да дамашняга задання. Такі падыход прынёс вынікі. Ужо ў першым маім выпус­ку 1967 года (вось ён, дарэчы, на здымку) трое вучняў сталі фізікамі. Ваня Бурак таксама скончыў Гродзенскі педінстытут, атрымаў вучоную ступень кандыдата тэхнічных навук, Валодзя Разумовіч — заслужаны настаўнік БССР, Іра Захарэнка выкладала фізіку ў Ваўкавыску. Я часта давала вучням заданне правесці дома эксперымент. Напрыклад, перад вывучэннем закона Архімеда прапаноўвала падабраць такі раствор солі, каб у адной шклянцы бульбіна плавала як рыба ў вадзе, а ў другой усплывала на паверхню. Дзіця з цікавасцю выконвала заданне, у яго атрымлівалася, і тады я перад усім класам хваліла вучня, а ён літаральна расцвітаў на вачах. І мне прыемна, і ў школьніка з’явілася любоў да фізікі, — паведаміла педагог.

Па словах Лідзіі Цімафееўны, распаліць іскрынкі такой любові вельмі проста. Для гэтага варта актыўней звяртацца да міжпрадметных сувязей. Уявіце здзіўленне дзяцей, калі настаўніца фізікі заходзіць у клас і пачынае дэкламаваць: “Ехаў дзедка на кірмаш…” А потым задае пытанне: “Хто лепш вучыў у школе фізіку — дзед ці бабка?” Або расказвае байку Крылова пра лебедзя, рака і шчупака. І таксама пытанне вучням: “Ці мае рацыю дзядуля Крылоў з пункту гледжання фізікі?” У працэсе абмеркавання высвятляецца, што не, але, абараняючы аўтара, педагог гаворыць: “У гэтым творы важная не фізіка, а мараль — “когда в товарищах согласья нет, на лад их дело не пойдет”.

— Калі ішла ў той ці іншы клас, то заўсёды ўлічвала, які там да мяне быў урок (спеваў, фізкультуры ці матэматыкі) і, што самае важнае, які настаўнік яго праводзіў, бо пасля некаторых калег дзеці былі ўзбуджаныя, не гатовыя да работы. Тады я рабіла ўсё магчымае, каб спачатку супакоіць іх, сфарміраваць прыхільнасць да мяне. Для гэтага выкарыстоўвала розныя падыходы. Пасля таго як яны ўставалі, каб павітацца, магла сказаць: “Пастойце хвілінку, дайце я на вас пагля­джу, якія вы прыгожыя. Вось малайцы! А цяпер будзем працаваць”. Або распытвала пра іх настрой, што цікавага яны сёння за дзень даведаліся, што іх расчаравала. Для такой размовы дастаткова некалькі хвілін, але дзеці супакойваюцца і настройваюцца на рабочы лад, — расказала Лідзія Цімафееўна.

Закранула Лідзія Цімафееўна і тэму павышэння паспяховасці навучэнцаў. Праводзячы паралелі з савецкай школай, педагог засяродзіла ўвагу на распаўсюджанай у той час з’яве пакідання “двоечнікаў” на другі год:

— Такая практыка толькі шкодзіла адукацыйнаму працэсу, і добра, што мы ад яе адышлі. Застаўшыся яшчэ на адзін год навучання ў тым жа класе, нічога добрага школьнік не даваў ні настаўніку, ні дзецям, ні самому сабе. Лічу, што яму трэба дапамагаць у вучобе, наколькі гэта магчыма. Тут галоўная роля належыць педагогу: трэба зацікавіць дзіця сваім прадметам. І зрабіць гэта можна абсалютна з любым вучнем.

Індывідуальны падыход

Дыферэнцыраванае навучанне, індывідуальная работа заўсёды былі ў прыярытэце для Лідзіі Цімафееўны. Важна ўлічыць і такі факт: у савецкі час класы былі вялікія. Напрыклад, разам са Святланай Сцёпінай вучыліся яшчэ 35 чалавек. І да кожнага дзіцяці Лідзія Грынь знаходзіла падыход, як і да іх бацькоў.

— Калі працавала намеснікам дырэктара ў 5-й школе, то адказвала і за работу з бацькамі. У той час, а гэта канец 1970-х — пачатак 1980-х, быў папулярны ўніверсітэт педагагічных ведаў, папярэднік сённяшняга бацькоўскага ўніверсітэта. Мы рэгулярна праводзілі канферэнцыі бацькоў. Вось, дарэчы, адпаведны фотаздымак. У прэзідыуме — старшыня калгаса — шэфа нашай школы, галоўны раённы дзіцячы ўрач, пракурор, бацькі, я і дырэктар. Звярніце ўвагу — поўная зала, а над прэзідыумам красуюцца словы: “Не надобно иного образца, когда в глазах пример отца”. На гэтую канферэнцыю мы запрасілі татаў з праблемных сем’яў. Па радыё ў той час ішла вельмі цікавая перадача для бацькоў з цудоўнымі размовамі, кампетэнтнымі гасцямі. Я запісвала перадачы, вяла фанатэку. Потым на сустрэчах з бацькамі, калі пасля агульнага сходу пачыналася індывідуальная работа ў групах, уключала гэтыя запісы, затым мы абмяркоўвалі канкрэтныя праблемныя сітуацыі, давала бацькам на дом розныя карткі з дамашнім заданнем. Не скажу, што такі падыход спрацоўваў стапрацэнтна, але ён быў эфектыўным, — падзялілася ветэран.

Падчас нашай размовы асаблівую ўвагу Лідзія Цімафееўна засяродзіла на прадмеце “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”, які выкладаўся ў школах у 1980-я гады. На думку педагога, сёння, калі на высокім узроўні гаворыцца пра неабходнасць захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей, вельмі важна, што зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Асновы сямейнага жыцця”.

— У нас нават быў створаны кабінет сямейнага выхавання, які на абласным аглядзе заняў 2-е месца, — дадала Лідзія Грынь.

Індывідуальны падыход яна выкарыстоўвала і ў зносінах з калегамі. За 20 гадоў адміністрацыйнай работы Лідзія Цімафееўна і тут заваявала аўтарытэт, у першую чаргу дзякуючы ўважлівасці, чалавечнасці, прафесіяналізму.

— Я ўсіх калег добра ведала, падтрымлівала, дапамагала. Калі ўзнікалі казусныя сітуацыі, старалася выручыць настаўніка. Напрыклад, у яго па нейкіх прычынах не атрымліваўся ўрок, тады я імкнулася зразумець чаму. Аналізавала, прапаноўвала зрабіць канкрэтныя крокі, звярнуць увагу на пэўныя моманты. Спакойна, без павучання і павышэння голасу. Мы разам спраўляліся і разам прафесійна раслі, — адзначыла Лідзія Грынь.

Асабліва ўважліва яна падыходзіла да падбору педагагічных кадраў.

— У размове з новым настаўнікам я ў першую чаргу спрабавала пачуць ноткі чалавечнасці ў яго голасе. Акрамя стандартных пытанняў пра біяграфію, прапаноўвала яму знайсці выхад з той ці іншай сітуацыі. І ў такія моманты суразмоўца пачынаў раскрываць сябе. Заўсёды імкнулася знайсці ў калегах дабрыню, бо гэта адна з галоўных рыс характару для педагога. Дзякуючы такому падыходу ў сярэдняй школе № 2 мне ўдалося стварыць дружны, працавіты калектыў. На раённых конкурсах самадзейнасці ў нас былі 1-я месцы, мы паспяхова выступалі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. Разам зрабілі цудоўны рамонт у будынку школы.

Калі ж і ўзнікалі непрыемныя сітуацыі, то я не адразу пачынала ўшчуваць калегу і тым больш ніколі не рабіла гэта пры вучнях і бацьках. Калі нехта з бацькоў прыходзіў да мяне скардзіцца на настаўніка, то я з гэтым педагогам разбіралася потым, а спачатку імкнулася абараніць яго перад бацькамі. Часам даводзілася і прабачэння прасіць за ўчынкі настаўніка, бо ведала, што да мяне бацькі прыслухаюцца, — паведаміла суразмоўніца.

Заставацца чалавекам

Падчас працяглай цёплай размовы ва ўтульнай настаўніцкай кватэры мы абмеркавалі з Лідзіяй Цімафееўнай розныя аспекты яе педагагічнай дзейнасці. Пачулі цікавыя факты яе насычанай біяграфіі, слушныя думкі пра сённяшняе школьнае жыццё, азнаёміліся з багатым унутраным светам. Галоўны ўрок, вынесены з нашай сустрэчы, — у якія б жыццёвыя сітуацыі ні давялося трапіць, важна заставацца чалавекам.

***

Лідзію Цімафееўну і яе мужа Міхаіла Яфімавіча, які шмат гадоў працаваў настаўнікам музыкі і спеваў, з удзячнасцю згадваюць былыя вучні. Некаторыя з іх сёння працуюць у сярэдняй школе № 5 Навагрудка імя Рыгора Фамічова.

— Лідзія Цімафееўна была з намі строгай, але справядлівай. Ва ўсім дакладная, акуратная. Кожны ўрок яна пачынала з нейкага жыццёвага факта, цікавілася, з якім настроем мы, дзеці, прыйшлі на ўрок, ці ёсць у каго праблемы. Да кожнага праяўляла ўвагу, хаця ў маім класе вучылася 36 чалавек. Нам асабліва імпанаваў яе элегантны выгляд — прыгожая прычоска, сукенка. І заўсёды добры настрой. Такім жа элегантным (кожны дзень у касцюме, пры гальштуку) быў і яе муж. Дзякуючы Міхаілу Яфімавічу ў нашай 5-й школе дзейнічаў цудоўны аркестр, ансамбль, дзіцячы і настаўніцкі хор, — паведаміла настаўніца пачатковых класаў Святлана Сцёпіна.

— Яна пачынала працаваць у Дзятлаўскім раёне разам з маёй мамай. Потым, калі Лідзія Цімафееўна ўзначальвала сярэднюю школу № 2 Навагрудка, і я стала яе калегай. Гэта быў працавіты і крэатыўны кіраўнік. Цудоўна арганізоўвала калектыў: магла сама пафарбаваць у кабінеце вокны, тым самым паказваючы прыклад іншым настаўнікам. І як прадметнік была магутнай. Усяго дасягнула ў жыцці сама: сваёй настойлівасцю, працавітасцю, адказнасцю, — падзялілася настаўніца музыкі Ірына Кашко.

Шмат цёплых слоў пра любімую настаўніцу сказала і сакратар Наталля Сайчык:

— На той час я вучылася ў 2-й школе. Запомніла Лідзію Цімафееўну як прынцыповага кіраўніка, але ў той жа час добрага, душэўнага чалавека. Умелае сумяшчэнне гэтых якасцей і дазволілі ёй заваяваць аўтарытэт.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара