Усе ўзросты пакорныя РТ

- 7:44Тэсцiраванне

За два дні да РТ прачынаюся ў паніцы: прыснілася, што прыходжу на рэпетыцыйнае тэсціраванне, а ў мяне няма з сабой чорнай гелевай ручкі. Пераводжу дыханне і разумею: ажно дзве чакаюць свайго зорнага часу ў заплечніку. “Глядзі ж, — кажу сама сабе, — пропуск раздрукаваць не забудзься”. І з асалодай пераварочваюся на другі бок. Так пачынаецца прыгода, якой папярэднічала жаданне без паўтарэння пройдзенага матэрыялу яшчэ раз прайсці сцяжынкамі рэпетыцыйнага тэсціравання.

Пасля здачы цэнтралізаванага тэсціравання многія абітурыенты перакананы, што больш ніколі ў жыцці не пагодзяцца прайсці гэты шлях яшчэ раз. З часам такая думка не толькі перастае пужаць, але і выклікае спартыўны інтарэс. Вядома, толькі ў тым выпадку, калі збіраешся здаваць тыя прадметы, што найлепш даваліся ў школе.

#Парада 1: рабіце ўсё своечасова

Увечары напярэдадні вызначанай даты закрадваецца думка пагартаць старыя канспекты, прарашаць некалькі тэстаў са зборніка. “Ох, і сорамна ж будзе глядзець у вочы настаўнікам, калі заваліш тэст. Прабяжыся па заданнях”. У барацьбе довадаў за (“Жах, калі будзе працэнтаў 40”) і супраць (“Спакойна, ты ж не ўчора школу скончыла”) жаданне прайсці РТ па беларускай мове без падрыхтоўкі ўсё ж узяло верх.

Раніцай разам са мной прачнулася хваляванне. Праз хвілін сорак пачалі перапаўняць пачуцці, як гэта бывае перад важным экзаменам, пераздаць які наўрад ці выпа­дзе. “А можа, трэба было ўсё ж глянуць які тэст?”

Адкрываю разбор заданняў дыстанцыйнага РТ мінулага года, размешчаны на сайце РІКВ. “Хоць нешта”. Пытанні з А1 па А10 прабягаю даволі хутка: да арфаграфіі звяртаюся штодня, таму правілы з галавы не вылецелі. Напісанне часціц не-/ні, словазлучэнні, што адпавядаюць літаратурным нормам, таксама паўтарыла. Першае, аб што спатыкаюся, — акалічнасць. “А гэта ты, Іра, падзабылася”. Паўтараю: “Акалічнасць — даданы член сказа, які абазначае месца, час, прычыну, мэту, спосаб дзеяння, ступень і адказвае на пытанні “Дзе?”, “Куды?” “Адкуль?”, “Як?”, “Па якой прычыне?”. Успамінаю заадно дапаўненне (адказвае на пытанні ўскосных склонаў) і азначэнне (“Які?”, “Чый?”).

Спраўляюся з аднасастаўнымі сказамі, ненадоўга спыняюся на пунктуацыі. У старшых класах пытанні гэтага раздзела мовы ўсялялі страх: тады здавалася, што вывучыць усе правілы пастаноўкі косак, двукроп’яў, працяжнікаў — звышзадача. Цяпер жа правілы ў выглядзе прыкладаў, што разбіраліся на ўроках і курсах, адклаліся ў свядомасці.

Афармленне простай мовы, стыль тэксту, правільнае ўжыванне слова… Зноў спатыкаюся — у вызначэнні часціцы. “Ай, доб­ра, часу ўжо няма — не трапіцца ў тэсце” (спойлер: ніколі не трэба так думаць). У частцы Б даўжэй за ўсё завісаю над фанетыкай (трэба запісаць словы ў транскрыпцыі) і словаўтварэннем (ух і папіў крыві ў свой час разбор слоў па саставе!) — адзначаю марфемы.

За некалькі хвілін да выхаду чарговы раз гуглю, што неабходна мець на тэсціраванні. Усе прагледжаныя сайты, як адзін, гавораць: пашпарт, пропуск, гелевая ручка. “Ну ўсё. Бачу мэту — не бачу перашкод”.

#Парада 2: настройцеся на добры лад

У пункт правядзення тэсціравання (у маім выпадку гэта Ліцэй БДУ) трэба прыехаць за 20 хвілін да пачатку. За 40 я ўжо на месцы. Успамінаю не столькі свае першыя РТ, колькі ЦТ. Цэнтралізаванае тэсціраванне ўразіла колькасцю дарослых лю­дзей, якія, мабыць, здавалі яго для атрымання другой адукацыі. Перад тым, як нам раздалі бланкі, думала, што ЦТ не здам і ўніверсітэта мне не бачыць як уласных вушэй (дарослыя ж больш ведаюць, значыць, і бал у іх будзе вышэйшы). Калі праз 20 хвілін ад пачатку тэсціравання адзін з дарослых ­удзельнікаў здаў бланк і выйшаў з аўдыторыі, задаўшы пытанне: “А што, там можа быць некалькі варыянтаў?”, выдыхнула. Рашаю, правяраю варыянты, запаўняю бланк, зноў правяраю, здаю. 96 балаў для паступлення праз тыдзень у маёй кішэні. “Дык тады ты жыла ў матэрыялах, а зараз на колькі напішаш?”

Таксама думаю, ці не буду моцна выбівацца сярод абітурыентаў. “Глядзі ж страху не нагані на дзяцей”, — усміхаюся сама сабе. Пакрысе ў ліцэй сцягваюцца школьнікі. Хвілін за 15 да пачатку запускаюць у кабінеты. “Не бойцеся, гэта ж яшчэ не ЦТ”, — далятае з суседняй аўдыторыі, калі мы заходзім у сваю. Выкладчык, які павінен сачыць за працэсам, зрабіўшы належную рассадку, жартуе, каб стварыць нязмушаную атмасферу.

“Перад ЦТ прагуляйцеся ў некалькі кіёскаў. Пастарайцеся, каб ручка, якую вы возьмеце з сабой, мела тонкі стрыжань і пісала без перабояў. Бываюць надта спякотныя дні, і тады тлусты стрыжань можна размазаць па бланку з адказамі”, — падзяліўся з будучымі абітурыентамі педагог. “Так, капітан!” — хочацца сказаць у адказ. Старшакласнікі спакойна выдыхаюць, не турбуюся і я: школьнікі прынялі за сваю. У памяці ўсплыло вядомае выслоўе, толькі з ухілам на тэсціраванне: “РТ усе ўзросты пакорныя”.

#Парада 3: будзьце ўважлівымі і скрупулёзнымі

Пачынаем запаўняць шапкі ў бланках адказаў. Я ўжо адвыкла пісаць друкаванымі літарамі, і рука першы час падрыгвае, ­асвойваецца. На выкананне тэсціравання нам адведзена 120 хвілін.

Як і раней, калі перад вачыма з’яўляюцца заданні, усё навокал перастае існаваць. Перш чым запісаць адказ, кожны пункт тэста тлумачу сабе правілам. Хочацца хутчэй улавіць сутнасць задання, але асаджваю сябе словамі свайго настаўніка: “Уважліва азнаёмся з заданнем. Дачытай да канца і толькі пасля давай адказ”. Як паказвае шматгадовая практыка, так надзейней.

На заданні А14, быццам праз туман, чую: “Засталося 60 хвілін”. На апошніх заданнях блытаюся ў аднасастаўных/двухсастаўных сказах, ледзь не раблю зваротак членам сказа. Словы, якія цяжка аднесці да пэўнай катэгорыі, замяняю аналагічнымі. І спыняюся на забытай са спакойнай душой… часціцы (“А так верыла, што не трапіцца!”).

На выкананне тэста затрачваю 35—40 хвілін. Вырашаю: “Час ёсць, прагле­джу яшчэ раз і зверу адказы”. Гэта дапамагае знайсці памылкі. Пасля пераношу варыянты ў чыставік. Падчас запаўнення бланка выбраныя мной адказы аддаюцца ў галаве голасам настаўніцы: “Два, тры, чатыры; наступны — адзін, тры, пяць”. Нарэшце ўсё зверана. Узнімаю галаву: у аўдыторыі нас усяго трое. “Здаюся”. Цяпер самае складанае — дачакацца вынікаў.

#Парада 4: выдыхайце!

Ангеліна САРОКА вучыцца ў сярэдняй школе № 11 Маладзечна. На рэпетыцыйным тэсціраванні на абодвух этапах дзяўчына здавала гісторыю Беларусі, рускую і французскую мовы.

— Нягледзячы на тое што гэта яшчэ не ЦТ, усё роўна трывожна. Тэсты паказва­юць твой вынік на сёння. Калі ён нізкі — не хочацца засмучаць настаўнікаў і бацькоў. І хочацца найперш даказаць сабе, што ты на належным узроўні ведаеш прадметы. Калі шмат часу ўдзяляеш падрыхтоўцы, праблем не ўзнікае. Калі ж, наадварот, расслабляешся — падаюць і вынікі. РТ, акрамя ўсяго іншага, дапамагае расставіць прыярытэты ў падрыхтоўцы. Ты бачыш свой першапачатковы ўзровень і канчатковую мэту, падцягваеш, дзе трэба, веды, — расказвае школьніца. — Другое РТ, здаецца, было больш складаным. Напэўна, таму, што набліжаецца ЦТ і заданні становяцца больш падобнымі да тых, што прапануюцца на ім. Але добра вучыцца ў школе — не значыць добра напісаць тэсціраванне. Трэба дадаткова рыхтавацца да яго самастойна ці з рэпетытарам.

Каця ЯЛФІМАВА вучыцца ў мінскай школе № 91 імя Хасэ Марці. Адзінаццацікласніца двойчы здавала рэпетыцыйнае тэсціраванне па грамадазнаўстве, рускай мове і гісторыі Беларусі, а ў красавіку збіраецца прайсці яго яшчэ раз. Спакойны па сваёй натуры чалавек, дзяўчына не адчувае хвалявання падчас рашэння тэстаў.

— Для мяне галоўнай праблемай было тое, што я пастаянна адцягвала сваю ўвагу: заглядвалася ў акно ці ў стол. Мне здаецца, у многім з-за фармату аркуша з заданнямі: гэта быў не звыклы А4, а А3 з двухбаковым друкам і дробным шрыфтам. Цяжка ўспрымаць такую колькасць сімвалаў у адным тэксце, факусіравацца толькі на патрэбным радку. Таму на РТ затрачваецца нашмат больш часу, чым дома, пры рашэнні зборнікаў ЦТ, — дзеліцца Каця. — Другі этап даўся мне прасцей, чым першы. Гэта звязана з тым, што да другога этапу я паспела лепш вывучыць матэрыял, а таксама з невялікімі зменамі ў колькасці пытанняў у частках А і Б.

Кацярына гаворыць, што перастала зважаць на парады знаёмых, якія ўжо здавалі ЦТ, пасля таго як яны пераконвалі яе, маўляў, тэсціраванне па грамадазнаўстве — самае складанае з усіх. Дзяўчыне яно здалося, наадварот, самым простым.

Сярод недахопаў РТ Каця адзначае ня­зручны бланк з заданнямі і кошт у параўнанні з ЦТ (за тры іспыты — 22,8 руб.). Да станоўчых момантаў дзяўчына адносіць даступную і зразумелую электронную рэгістрацыю, а таксама зручны прагляд вынікаў на сайце. Каця заўважае, што сайт РІКВ добра адаптаваны пад мабільны тэлефон, што радуе многіх старшакласнікаў.

— Думаю, кожнаму абітурыенту трэба прайсці хаця б праз адзін этап РТ, у ідэале нават праз два. Мне здаецца, што самыя важныя змяненні ці дапаўненні з’яўляюцца да другога і трэцяга этапаў, а першы — гэта своеасаблівая размінка, — лічыць Кацярына.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва гераінь.