«Ушацкая хваля»: як прайшоў педагагічны эдутон

- 17:07Новости

Трэці год аздараўленчы лагер “Турасполле” ва Ушацкім раёне збірае настаўнікаў з усёй Беларусі на педагагічны эдутон “Ушацкая хваля”. Ініцыятарамі гэтай знакавай падзеі з’яўляюцца настаўнікі Ушацкай сярэдняй школы Вольга Жыткая, Алена Марозава і Уладзімір Хамёнак.

Падтрымку ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемства аказваў аддзел па адукацыі Ушацкага райвыканкама. У першы дзень эдутону ўдзельнікаў гасцінна віталі галоўны спецыя­ліст аддзела па адукацыі Ганна Струй і намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Анжаліка Міранкова.

Сёлета мерапрыемства наведалі 23 настаўнікі з усіх куточкаў Беларусі: Мазыра, Гродна, Бабруйска, Магілёва, Мінска, Варапаева, Вілейкі, Віцебска, Наваполацка, Астраўца, Баранавіч. Сярод іх былі як настаўнікі-метадысты, так і тыя, хто толькі пачынае сваю педагагічную дзейнасць. Першы год удзельнікамі эдутону сталі члены клуба “Крыштальны журавель”. Дзякуючы арганізатарам на працягу трох дзён для кожнага ўдзельніка былі створаны камфортныя ўмовы для пражывання і работы з калегамі. Задача педагогаў — за гэты тэрмін прадставіць, распрацаваць і абараніць уласны праект. Для гэтага настаўнікам неабходна арганізавацца ў каманды, якія ў далейшым спаборнічаюць паміж сабой. Пераможца атрымлівае фінансавую падтрымку на рэалізацыю праекта. Фінансавая падтрымка складаецца з укладу кожнага ўдзельніка эдутону. Такім чынам збіраецца пэўная сума грошай, якую забірае каманда-пераможца.

Важна адзначыць работу ментараў, якія тактоўна і прафесійна каардынавалі кожны праект. Сёлета імі сталі метадыст цэнт­ра педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі Віцебскага абласнога ІРА Марына Белахвостава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава Ганна Жукава, якая разам са сваёй камандай была пераможцай першага эдутону “Ушацкая хваля”, і спецыяліст па камунікацыі са школамі праграмы “Настаўнік для Беларусі” Алена Озерава.

Пасля сустрэчы і знаёмства ўсіх удзельнікаў была арганізавана экскурсія па маршруце “Турасполле — Ушачы”, што стала адметнай асаблівасцю трэцяга эдутону. Настаўнікі наведалі Ушацкі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка і мемарыяльны комплекс “Прарыў”, в.Бычкі — радзіму Васіля Быкава — і месцы, дзе жыў і пахаваны Рыгор Барадулін. Цудоўную атмасферу падчас экскурсіі стварыла навуковы супрацоўнік музея Святлана Турло, якая не толькі высокапрафесійна выконвала сваю работу, але і змагла пера­даць пачуццё глыбокага патрыятызму і гордасці за сваю Радзіму. Для настаўнікаў, якія наведаліся з самых розных куточкаў Беларусі, гэтая экскурсія стала цудоўнай магчымасцю азнаёміцца з гераічнай гісто­рыяй Ушацкага краю.

Пасля вяртання з экскурсіі быў арганізаваны майстар-клас ад Алены Озеравай “Што такое “Добры праект”, дзе ментар расказвала пра дзесяць асаблівасцей паспяховага праекта. Гэта дазволіла ўдзельнікам эдутону суаднесці свае ідэі з атрыманай інфармацыяй, і на пітчынгу ідэй у першы дзень было заяўлена дзевяць праектаў. Але на гэтым праграма першага дня не заканч­валася. Усіх удзельнікаў чакала яшчэ вячэрняя работа каманд і нефармальная частка — музычны квіз, падрыхтаваны Міхаілам Тарасам і Максімам Яўланавым. Удзельнікі квіза адгадвалі песні, разам спявалі і нават танцавалі.

Другі дзень эдутону быў скіраваны на работу ў камандах і дасканалую распрацоўку праектаў. Тыя настаўнікі, якія не агучвалі тэму ў першы дзень, далучаліся да праекта, што іх найбольш зацікавіў. У выніку сфарміравалася шэсць рабочых праектаў, якія былі распрацаваны пры падтрымцы ментараў і прадстаўлены для галасавання. Гэта былі педагагічныя праекты як адукацыйнай, так і выхаваўчай накіраванасці: педагагічны альянс “Сінергія”, фестываль экалагічных стартапаў “Здубавецце”, школа захоўвання Easyroom 30, універсальны воблачны рэсурс для настаўнікаў і навучэнцаў All, “Вучым мову гуляючы, або Лайфхакі для цікавага навучання”, літаратурная гасцёўня. Ментары суправаджалі работу каманд праз чэк-пойнт № 1 і чэк-пойнт № 2. Усе каманды атрымлівалі бланк заданняў для кожнага чэк-пойнта і ў пэўны час прадстаўлялі ментарам інфармацыю, атрымліваючы зваротную сувязь.

Кожны дзень быў распісаны літаральна па хвілінах, што дазволіла эфектыўна правесці час. Самі ж удзельнікі эдутону змаглі арганізаваць і правесці тры майстар-класы адукацыйнай накіраванасці. Гэта былі майс­тар-клас ад Веранікі Арловай і Вольгі Кецко “Сучасны фармат арганізацыі праектнай дзейнасці для фарміравання метапрадметных кампетэнцый”, ад Людмілы Крыловай “Адукацыйныя настолкі, або Як вучыць цікава” і майстар-клас ад Аляксея Белахвостава “Лічбавыя інструменты ў рабоце з адукацыйнымі праектамі”. Кожны майстар-клас быў карысным і цікавым, адпавядаў агульнай тэме мерапрыемства і адкрываў магчымасці прафесійнага росту.

Увечары працягвалася работа каманд, а пасля ўдзельнікаў чакала гарачая лазня, цудоўная рака Дзіва і інтэлектуальны квіз “Варушы мазгамі” ад Міколы Атрахімовіча.

Раніца трэцяга дня набліжала ўдзельнікаў да фіналу эдутону. Усе каманды прэзентавалі свае напрацоўкі, напружанне нарастала, бо кожны праект быў варты ўвагі і канкурэнтаздольны. Удзель­нікам былі выдадзены бланкі для галасавання з крытэрыямі, і, пакуль арганізатары праводзілі развітальнае кола, ментары падліч­валі вынікі. Так, сёлета перамогу атрымала каманда, у якой працавалі настаўнікі з Астраўца, Вілейкі, Магілёва і Мінска. Гэта была самая вялікая каманда па колькасці ўдзельнікаў. Іх праект Easyroom 30 вырашаў праблему эмацыянальнага выгарання настаўніка і самазахавання асабістага здароўя праз стварэнне ў школе спецыяльнага пакоя для разгрузкі педагога. І гэта невыпадкова, бо ў кожнага настаўніка надараецца такі час, калі трэба аднавіць рэсурсны стан, каб зноў з усмешкай увайсці ў клас. Плануецца, што ў спецыяльным пакоі можна бу­дзе паслухаць музыку, выпіць гарбаты, нават памаляваць пяском і паназіраць за рыбкамі ў акварыуме ці іншымі істотамі з жывога куточка. Веру, што ў пераможцаў эдутону атрымаецца стварыць такое асяроддзе ў сярэдняй школе № 30 Мінска і ўсе ўдзельнікі “Ушацкай хвалі” змогуць наве­даць гэтую ўнікальную лакацыю.

Праведзенае мерапрыемства абавязкова будзе мець эфект доўгага хваста, бо тыя людзі, якія ў свой летні адпачынак прыехалі за сотні кіламетраў ва Ушачы, каб абмяняцца вопытам, наладзіць камандную работу і распраца­ваць уласны праект, пасеялі такое зерне, якое прарасце і дасць доб­ры ўраджай у школьных калектывах па ўсёй нашай краіне. Нездарма адзін з удзельнікаў эдутону Мікалай Атрахімовіч сказаў: “Ух, мы яшчэ такое ўбачым! Не хваля, а цунамі! Цунамі ад таго, што было тры дні, будзе цэлы год у нашых душах!” Што ж, чакаем “Ушацкую хвалю 4.0”.

Юлія НЕКРАШ,
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры Міханавіцкай
сярэдняй школы