На летніх канікулах настаўнікі, вучні і тэхперсанал сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны дружна добраўпарадкоўваюць тэрыторыю ўстановы адукацыі і дапамагаюць у рэканструкцыі спартыўнай пляцоўкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Не толькі футбольнае поле
Урачыстае адкрыццё абноўленага спартыўнага аб’екта адбудзецца ў Дзень Незалежнасці і стане чарговым падарункам школе і ўсім жыхарам райцэнтра.
— У мінулым годзе да свайго паўвекавога юбілею наша ўстанова адукацыі ўжо атрымала выдатны падарунак: быў праведзены капітальны рамонт яе будынка з мадэрнізацыяй. Змяніўся яго знешні і ўнутраны выгляд. Цяпер чарга за спартыўнай пляцоўкай, — паведаміла дырэктар школы Ірына Рычардаўна Рымдзёнак.
Спартыўны аб’ект будзе ўключаць у сябе футбольнае поле і бегавую дарожку са спецыяльным пакрыццём, сумешчаную баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, абсталяванае месца для скачкоў, варкаўта. Гэта будзе шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка, дзе кожны, незалежна ад узросту, зможа знайсці сабе куточак для карыснага баўлення часу.
Нягледзячы на тое, што пляцоўка знаходзіцца на балансе ўстановы адукацыі, тут будуць праводзіцца спартыўныя спаборніцтвы раённага і абласнога ўзроўняў, напрыклад, матчы 2-й лігі чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе або валейбольныя баталіі.
Валейбол, дарэчы, актыўна папулярызуецца ў школе па асабістай ініцыятыве дырэктара. Яна ў свой час актыўна наведвала заняткі секцыі валейбола ў спартыўнай школе. Цяпер да свайго спартыўнага захаплення далучае вучняў і калег. Ёсць і вынікі: школьнікі рэгулярна прадстаўляюць каманду раёна на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, становяцца іх прызёрамі. Але самае галоўнае, што дзякуючы валейболу яны фізічна развіваюцца, павышаюць самаацэнку, знаходзяць новых сяброў.
Зроблена з густам
Летам работа кіпіць не толькі на тэрыторыі школы, але і ў самім будынку. Тут працягваецца эстэтычнае афармленне вучэбных кабінетаў. Новую мэблю, сучасную камп’ютарную тэхніку цудоўна дапаўняе прыгажосць інтэр’ераў. Прычым прыгажосць, створаная з густам. Усё гэта — вынік сумеснай творчай працы кіраўніцтва ўстановы адукацыі, настаўнікаў, а таксама начальніка аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Кацярыны Рыгораўны Міхнёнак. Кожны ўносіў свае прапановы па ўнутраным афармленні кабінетаў, але канчатковае слова было ўсё ж за педагогамі. Яны вырашалі, якая колеравая гама будзе пераважаць у іх кабінеце, якіх адценняў будуць жалюзі і г.д.
— Цяпер мы актыўна афармляем кабінеты матэматыкі, біялогіі, пачатковых класаў. Кожны настаўнік укладвае ў гэта свае фізічныя і творчыя сілы. Асабліва шчыруе настаўніца працоўнага навучання Таццяна Валер’еўна Гембіцкая. Яна не лічыцца з вольным часам і дзякуючы сваім творчым здольнасцям робіць кабінеты больш утульнымі, а кожны лесвічны праём упрыгожвае арыгінальнымі мастацкімі работамі, — адзначыла Ірына Рычардаўна.
Школьная прастора падзелена на некалькі тэматычных рэкрэацый. “Тэрыторыя памяці” прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Калідор гэтай рэкрэацыі ўпрыгожвае выява Аляксандра Іванавіча Халаева, пад камандаваннем якога воіны 44-й мотастралковай брыгады 1-га Прыбалтыйскага фронту вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Будынак школы, дарэчы, знаходзіцца на вуліцы імя Халаева. Упрыгожваюць рэкрэацыю і стэнды, прысвечаныя генацыду беларускага народа, а таксама драўляная 3D-карта памяці. Яшчэ тут абсталяваны кабінет міру, паколькі ў мінулым годзе ўстанова адукацыі была ўдастоена ганаровага звання “Школа міру”.
У рэкрэацыі “Экалогія” можна ўбачыць выяву знакамітага ўраджэнца Шаркаўшчынскага раёна, селекцыянера, заслужанага агранома БССР Івана Паўлавіча Сікоры. Афармленне рэкрэацыі пачатковых класаў накіравана на ўсебаковае развіццё малодшых школьнікаў. У “Тэатральнай гасцінай” праводзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, прадстаўнікамі педдынастый.
— Мы хочам, каб нашы выпускнікі вярталіся працаваць на малую радзіму, а тыя, хто выбраў педагагічную сцяжыну, — у родную школу. У гэтым годзе мы заключалі мэтавы дагавор з выпускніком Міхаілам Падобам, які наведваў заняткі педгрупы. Праз некалькі гадоў чакаем яго ў якасці калегі. Калі гаварыць пра поспехі сёлетніх выпускнікоў, то варта адзначыць, што з 30 навучэнцаў 11 класа 13 удастоены звання “Вучань года” раёна. Таксама ў нас 9 залатых медалістаў. Выдатныя вынікі паказалі выпускнікі і на ЦЭ. Некаторыя набралі 97—99 балаў па рускай мове, матэматыцы і грамадазнаўстве. Усе пацвердзілі свае адзнакі, — паведаміла дырэктар.
Цэнтральнае месца ў рэкрэацыі “Краязнаўства” займае інтэрактыўная выстава “Шаркаўшчына ў старых фотаздымках”. Яе падрыхтавала і аформіла настаўніца гісторыі Аксана Анатольеўна Бабоўская. Тут прадстаўлены копіі старых чорна-белых здымкаў Шаркаўшчыны. Дзякуючы ім, можна здзейсніць захапляльнае падарожжа ў мінулае. А QR-код, размешчаны каля выяў помнікаў архітэктуры, зробіць гэтае падарожжа больш цікавым і інфарматыўным.
Ад чаго залежыць будучыня?
Падчас экскурсіі па краязнаўчай выставе акцэнт робіцца на прафесіях, папулярных у Шаркаўшчыне ў розныя перыяды яе гісторыі. Гэта цалкам лагічна, паколькі прафарыентацыйнай рабоце ў школе ўдзяляецца асаблівая ўвага. Створана і асобная рэкрэацыя, да афармлення якой педагогі таксама падышлі крэатыўна. Так, сцяну ўпрыгожвае выява Юрыя Аляксеевіча Гагарына як прыклад чалавека, які сваім жыццём праславіў Радзіму. А побач такія словы: “Будучыня залежыць ад таго, што ты робіш сёння”.
Яны сталі своеасаблівым дэвізам для сённяшніх педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны. Дзеля будучыні яны працуюць у дні летніх канікул на тэрыторыі ўстановы і ў яе будынку. Прычым працуюць з задавальненнем, бо цудоўна ўсведамляюць, што ствараюць прыгажосць і ўтульнасць не толькі для сябе, але і для наступных пакаленняў.
Будзеце ў Шаркаўшчыне — наведайце 1-ю школу. Тут заўсёды рады новым знаёмствам і плённаму супрацоўніцтву.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара