Узняцца над акалічнасцямі!

- 6:13Наша пошта

Нядаўна ў Лондане завяршыліся XIV Паралімпійскія гульні, на якіх спартсмен з Бабруйска Ігар Бокі заваяваў 5 залатых і адзін сярэбраны медалі. Такім чынам, ён стаў самым папулярным беларусам у Лондане. Мясцовыя рэпарцёры параўноўвалі яго з легендарным Майклам Фэлпсам і стаялі ў чарзе, каб узяць у 18-гадовага плыўца інтэрвю. У яго зявіліся шчырыя прыхільнікі з розных краін свету і, вядома, на радзіме.

У Беларусі Ігар Бокі не толькі спартыўная зорка. Тое, як высока ён змог узняцца над акалічнасцямі, з’яўляецца неацэнным прыкладам для многіх маладых беларусаў з парушэннямі фізічнага развіцця. Летам юнак узмоцнена трэніраваўся да найважнейшых у сваім жыцці спаборніцтваў, адначасова рыхтаваўся да іспытаў, каб паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. І вось ён ужо студэнт першага курса завочнага аддзялення факультэта бізнесу і менеджменту тэхналогій, а таксама пяціразовы паралімпійскі чэмпіён!

Аднак Паралімпіяда закончылася, а жыццё працягваецца. На прэс-канферэнцыі, якая была наладжана ў інфармацыйным агенцтве БелТА з нагоды пераможнага выступлення Ігара Бокага ў Лондане, юнак падзяліўся сваім жыццёвым вопытам і расказаў, што надае яму ўпэўненасці ў сабе і дапамагае перамагаць.

Ігар Бокі пачаў займацца плаваннем у шасцігадовым узросце, але, як ён сам прызнаецца, напачатку яму не вельмі падабалася ў басейне. Бацькі ж праявілі настойлівасць і здолелі зацікавіць сына плаваннем. Зараз ён не ўяўляе сваё жыццё без вады.

Цяперашні трэнер плыўца Генадзь Вішнякоў успамінае, як чатыры гады назад упершыню ўбачыў Ігара ў басейне: “На той момант ён быў яшчэ фізічна слабенькі, але мне вельмі спадабалася яго тэхніка работы на дарожцы. І трэнерскі нюх ужо тады мне падказаў: з хлопца будзе толк. Працую з ім ужо больш як тры гады. Нагрузкі выбіралі з улікам узросту і стану здароўя, таму першыя два гады працавалі ў зберагальным рэжыме і толькі ў апошні год, перад Паралімпіядай, пачалі працаваць прафесійна”.

Як паведаміў сам Ігар Бокі, трэніруецца ён 6 разоў на тыдзень 2 разы ў дзень. Праця­гласць адной трэніроўкі — 2—2,5 гадзіны. Такі жор­сткі рэжым не перашкаджаў юнаку рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. “Я даўно ў спорце, а таму прывык да вялікіх нагрузак”, — гаворыць Ігар.

Ён плануе затрымацца ў спорце як мага даўжэй, разлічвае паспрабаваць свае сілы і ў спаборніцтвах для здаровых спартсменаў, спа­дзяецца нават прабіцца на Алімпіяду. А ў будучыні мае намер працаваць па спецыяльнасці “Лагіст-эканаміст”, па якой зараз пачаў вучобу ва ўніверсітэце.

Ігар Бокі прызнае, што яму вельмі дапамаглі ў жыцці бацькі і трэнеры, якія падказалі яму справу па душы. “Некаторыя пачынаюць чымсьці займацца, але, калі становіцца цяжка, кідаюць справу. Да сваёй мары трэба ісці смела і ўпарта, тады будзе вынік”, — гаворыць Ігар.

Яго вельмі ўразіла цёплае стаўленне лонданскіх балельшчыкаў да ўсіх паралімпійцаў. “У Беларусі да інвалідаў зусім не тая ўвага, як у Лондане”, — прызнаўся плывец.

Яго падтрымаў старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель: “У нас пакуль чалавека асабіста гэта не закране, ён не будзе задумвацца над праблемамі іншых. У той жа час, згодна са статыстыкай, інваліднасць па зроку ў нашай краіне штогод атрымліваюць каля 2 тысяч чалавек. І гэтых людзей трэба бачыць і ім трэба дапамагаць, зрэшты, як і іншым інвалідам. Гэта паказчык гуманнасці грамадства”.

Паралімпіяда і тым больш перамога Ігара Бокага прымусіла ўвесь свет хвалявацца, захапляцца і перажываць за тых, каго мы называем людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Але Паралімпіяда закончылася, а жыццё працягваецца. Таму вельмі важна, каб гэтыя людзі па меры таго, як будуць сціхаць спартыўныя страсці, не былі пазбаўлены нашай увагі і клопату.

Гісторыя Ігара Бокага, безумоўна, выбітная, але, на шчасце, яна не адзіная. Ёсць шмат прыкладаў, як маладыя людзі, нягледзячы на ўсе прыкрыя акалічнасці, змаглі пераадолець цяжкасці і ажыццявіць свае мары. І гэта іх несумненная перамога.

Нашы сённяшнія героі — студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі. Па стане здароўя яны вымушаны вучыцца дыстанцыйна, але гэта не перашкаджае ім адчуваць сваю прыналежнасць да ўніверсітэцкай супольнасці. Маладыя людзі з задавальненнем пагрузіліся ў вучобу, бо ў іх планах — атрымаць добрую прафесію, адбыцца як спецыялісты і дапамагаць іншым.

Мы ўпэўнены, што іх вопыт будзе карысны людзям, якія знаходзяцца ў падобнай сітуацыі. Зрэшты, вучыцца пераадольваць цяжкасці, не губляць упэўненасць у сабе, ставіць мэты і дасягаць іх — гэта трэба і хворым, і здаровым.

 “Паверыць у сябе  і знайсці сяброў”

Уладзіслаў Шпакоўскі — студэнт 2 курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Будучы практычны псіхолаг, меламан і жыццялюб. Мае сяброў ва ўсім свеце.

Уладзіслаў скончыў сярэднюю школу № 22 Барысава. “Горад, дзе футбольны клуб БАТЭ”, — з гордасцю гаворыць юнак. І сапраўды, які барысаўчанін праміне лішні раз узгадаць любімую каманду!

Зрэшты, вучыўся Уладзіслаў дома. Гаворыць, што вучоба давалася яму лёгка, бо ўсё было вельмі цікава.

Будучую прафесію юнак выбраў сам, бо хоча дапамагаць людзям, якія трапілі ў складанае становішча. Сам ён перанёс некалькі аперацый на нагах і цяпер зноў вучыцца хадзіць.

Да паступлення ва ўніверсітэт Ула­дзіслаў падышоў з вялікай адказнасцю, інтэнсіўна рыхтаваўся да экзаменаў. “Што да розных даведак і дазволаў, то прыйшлося, вядома, пастаяць у чэргах, — расказвае хлопец. — Добра, аднак, што ўсюды трапляліся людзі, якія імкнуліся ўвайсці ў становішча і хутка вырашыць усе пытанні”.

Уладзіслаў расказвае, што ва ўніверсітэце ўсё арганізавана “па вышэйшым класе”. Вучыцца яму цікава.

Дома ў юнака таксама шмат захапленняў. Ён сапраўдны меламан: калекцыяніруе старую і рэдкую музыку, займаецца аднаўленнем аўдыякасет і гуказапісаў.

“Самае галоўнае — паверыць у сябе і знайсці сяброў, няхай нават з іншых краін”, — гаворыць Уладзіслаў Шпакоўскі.

Самі кіруйце сваім лёсам!

Аляксандра Чычыкава — студэнтка-завочніца 1 курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (спецыяльнасць “Сацыяльная педагогіка, практычная псіхалогія”). Сваё жыццё яна хацела б прысвяціць рабоце з падлеткамі і інвалідамі розных груп.

“Чалавекам з парушэннем апорна-рухальнага апарату я стала толькі ў 2011 годзе, — расказвае Аляксандра, — таму скончыла звычайную школу з нармальным балам атэстата. Мне заўсёды падабаліся гуманітарныя навукі, але на выбар будучай прафесіі таксама паўплывала рашэнне медыцынскай камісіі, бо інвалідам першай групы прапаноўваецца даволі вузкі пералік спецыяльнасцей, па якіх яны могуць вучыцца. З гэтага пераліку я выбрала спецыяльнасць, якая падалася мне найбольш цікавай”.

Рашэнне паступаць ва ўніверсітэт у гэтым годзе Аляксандра прыняла нечакана нават для сябе самой. Часу на падрыхтоўку да ўступных выпрабаванняў заставалася няшмат, таму дзяўчына займалася ў вельмі інтэнсіўным тэмпе. Рыхтавалася з дапамогай кніг-рэпетытараў, да таго ж яшчэ добра захаваліся школьныя веды.

“Асаблівых цяжкасцей у зборы дакументаў на паступленне не было, — узгадвае Аляксандра. — Калі і ўзнікалі нейкія неспадзяванкі, то яны хутка вырашаліся, але і іх бы не было, калі б я своечасова азнаёмілася з парадкам атры­мання даведак і дазволаў”.

Уступныя выпрабаванні дзяўчына здавала непасрэдна ва ўніверсітэце. Было крыху нязвыкла: яна была адна, але экзамены пры гэтым былі самыя сапраўдныя. Аляксандра задаволена, што паказала добрыя веды і атрымала высокія адзнакі. А яшчэ ёй вельмі спадабаліся людзі, з якімі ёй давялося сустрэцца ва ўніверсітэце, — ветлівыя і прыяз­ныя.

Сёння Аляксандра ўжо цалкам пагрузілася ў вучобу. Яна хоча навучыцца дапамагаць падлеткам і інвалідам розных груп у вырашэнні іх псіхалагічных праблем і рабіць гэта правільна і тактоўна.

“Вельмі часта інваліды ствараюць для сябе праблемы, якіх насамрэч не існуе: я далёка жыву, як мне дабірацца, як на мяне будуць глядзець навакольныя, — гаворыць Аляксандра. — Я заклікаю такіх людзей не ставіць для сябе абмежаванняў у перамяшчэнні, не выбудоў­ваць у сваёй галаве непрабівальныя сцены няўпэўненасці і сораму. Вы не павінны рабіць акцэнт на грамадскім меркаванні. Вы самі ствараеце гэтае меркаванне! Паглядзіце вакол. Вы дзе-небудзь бачыце людзей у інвалідных калясках? Не! Практычна ўсе мы сядзім у сваіх дамах са сваімі страхамі, з маладосьці да старасці. Сядзім за спінай у бацькоў або ў людзей, якія за намі прыглядаюць. Але калі-небудзь іх не стане. І што тады? Што будзе, калі вы застаняцеся адны? Я прашу, пакуль ёсць час, пакуль вы маладыя, вучыцеся жыць самастойна, у якой бы сітуацыі вы не апынуліся, дасягайце пастаўленых мэт, імкніцеся змяніць і палепшыць сваё жыццё, вучыцеся адстойваць свае правы. Кіруйце сваім лёсам”.

Аляксандра пераканана: паміж інвалідам-калясачнікам і здаровым чалавекам існуе толькі адно адрозненне — гэта здаровыя ногі і колы. “Калі б у нашым горадзе ўсюды былі прадугле­джаны ўмовы не толькі для здаровага чалавека, але і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мы б перасталі здавацца экзотыкай. Інваліды-калясачнікі самі пачалі б усведамляць свае магчымасці: вучыцца, мець зносіны і перамяшчацца па горадзе, — гаворыць Аляксандра. — Кожны грамадзянін нашай дзяржавы павінен адчуваць сябе паўнапраўным членам грамадства незалежна ад сваіх фізічных магчымасцей”.

Сама Аляксандра не мае намеру здавацца. Яна ведае, што жыве, каб дапамагчы людзям знайсці сэнс жыцця і веру ў сябе.

“Мне вельмі пашанцавала ў жыцці”

Уладзіслаў Пятровіч — студэнт 5 курса факультэта бесперапыннай і дыстанцыйнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”). Як усе студэнты дыстанцыйнай формы, юнак вучыцца на ўмовах аплаты, але за высокія поспехі ў вучобе ён атрымаў 40-працэнтную скідку па аплаце за навучанне.

У свой час Уладзіслаў з залатым медалём скончыў 148-ю сярэднюю школу Мінска. Ён упэўнены, што медаль — гэта не толькі яго заслуга, але плён працы выдатных педагогаў, якія змаглі перадаць яму вялікі багаж ведаў.

Уладзіслаў успамінае былых настаўнікаў з вялікай удзячнасцю. “Навучанне было надомным, — расказвае ён, — але настаўнікі былі вельмі адказнымі. Урокі ў мяне былі кожны дзень, як у школе, а вучоба давалася лёгка”.

Пачынаючы прыкладна з 8 гадоў, Уладзіслаў амаль усё лета право­дзіў з сябрамі на вуліцы. “Мы гулялі ў футбол, я быў арбітрам, — расказвае юнак. — Увогуле, мне вельмі пашанцавала ў жыцці. У мяне выдатныя бацькі, верныя сябры і сяброўкі. І я не лічу сябе ў нечым абмежаваным. Усё, што мне трэба, у мяне ёсць. Ну а калі чаго пакуль і няма — абавязкова будзе. Усяго ў жыцці можна дасягнуць, галоўнае — моцна захацець і прыкласці максімум намаганняў”.

З прафесіяй Уладзіслаў вызначыўся яшчэ ў дзяцінстве. Ужо тады ён вырашыў, што звяжа жыццё з камп’ютарам. “Па прычыне майго захворвання ёсць шмат абмежаванняў па выбары прафесіі, але мне пашанцавала, — расказвае Уладзіслаў. — Прафесія, якую я выбраў, не ўваходзіла  ў пералік забароненых”.

Да паступлення ва ўніверсітэт ён рыхтаваўся самастойна. А цяпер, на пятым годзе вучобы, можа з упэўненасцю сказаць, што не памыліўся з выбарам.

“Універсітэт апраўдаў мае чаканні, — гаворыць Уладзіслаў. — Усе выкладчыкі, з якімі мне даводзілася ўзаемадзейні­чаць, — сапраўдныя прафесіяналы. Вучэбныя праграмы розныя, ёсць менш складаныя, ёсць больш складаныя. Вучыцца, вядома, нялёгка, асабліва напачатку, бо школа і ўніверсітэт прад’яўляюць абсалютна розныя патрабаванні. Але цяпер, на 5 курсе, ужо лягчэй”.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Ула­дзіслаў будзе інжынерам-праграмістам. “Гэтая спецыяльнасць патрэбна ў розных галінах, так што будзе, дзе разгарнуцца”, — дзеліцца планамі Уладзіслаў. Зараз яго найбольш прыцягвае вэб-дызайн, тут ёсць і праграмаванне (напісанне сайтаў) і фоташоп, якім ён захапляецца ўжо больш як 6 гадоў.

“Ні ў якім выпадку нельга зацыклівацца на сваёй праблеме і думаць: ой, які я бедны і няшчасны, — гаворыць Ула­дзіслаў. — Так званыя людзі з асаблівасцямі — гэта звычайныя, нармальныя людзі. Менавіта так мяне і выхавалі бацькі, за што я ім вельмі ўдзячны. Каляска — гэта не жыццёвая перашкода, гэта толькі невялікая “прыступка”, якую трэба вучыцца не заўважаць. І якія б цяжкасці ў жыцці ні сустракаліся, нельга апускаць рукі. Трэба ісці наперад, да сваёй мэты. Чалавек можа ўсё! Галоўнае — шчыра гэтага захацець і верыць”.

Іна НІКІЦЕНКА, Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.