У мінулым навучальным годзе праходзілі адбор для ўдзелу ў адукацыйных зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ад Гродзенскай вобласці 912 вучняў. 350 юных разумнікаў і разумніц пачулі жаданае: “Вы залічаны!”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Найбольшая колькасць дзяцей праходзіла адбор у НДТ з Ашмянскага, Лідскага, Слонімскага і Мастоўскага раёнаў. А лідарам па колькасці залічаных на адукацыйныя змены стаў Ашмянскі раён. Толькі адтуль прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў мінулым навучальным годзе 57 школьнікаў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іна Бачко.
З 15 прапанаваных тэхнапаркам адукацыйных праграм сярод юных жыхароў Гродзеншчыны найбольшай папулярнасцю карысталіся такія напрамкі, як лазерныя тэхналогіі, энергетыка будучыні, прыродныя рэсурсы, біятэхналогіі, электроніка і сувязь і “зялёная” хімія.
— Сярод усіх удзельнікаў адукацыйных змен ад Гродзеншчыны 87 — адзінаццацікласнікі. І гэта самы высокі паказчык у цэлым па краіне. Для нагляднасці скажу толькі, што наступны рэгіён у шкале рэйтынга па колькасці залічаных у тэхнапарк адзінаццацікласнікаў быў прадстаўлены камандай з 67 без пяці мінут выпускнікоў, — працягвае Іна Фёдараўна Бачко.
Практычна ўсе гэтыя разумнікі з Гродзенскай вобласці сёлета паступілі ва ўніверсітэты — 97 працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто прайшоў навучанне ў тэхнапарку.
23 выпускнікі школ і гімназій Гродзенскай вобласці атрымалі рэкамендацыі наглядальнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных іспытаў. Усе яны выбралі беларускія УВА.
— Удзел у адукацыйнай змене тэхнапарка — гэта заўсёды новыя магчымасці. Так, летась удзельнікі адукацыйных змен сталі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, які праводзіцца на базе БНТУ, — працягвае суразмоўніца.
Абласны цэнтр тэхнічнай творчасці сёння — апорная пляцоўка Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў Гродзенскім рэгіёне. І калі ў 2021/2022 навучальным годзе 348 навучэнцаў вобласці праходзілі адбор для ўдзелу ў адукацыйных зменах тэхнапарка, то ў мінулым годзе гэтая лічба вырасла амаль утрая.
— Вядома, галоўным чынам гэта вынік працы дзяцей з педагогамі. Але нельга не ўлічваць і вялікую інфармацыйную падтрымку праекта з нашага боку. Імкнёмся да таго, каб кожны дырэктар школы і гімназіі вобласці сёння добра разумеў паслядоўнасць дзеянняў вучня для ўдзелу ў адукацыйнай змене дзіцячага тэхнапарка, — дадае Іна Бачко.
Стаць удзельнікам адукацыйнай змены, дарэчы, могуць навучэнцы 9—11 класаў. Але знаёмяць школьнікаў з такой магчымасцю значна раней. Па праграме “Навуковыя выхадныя” ў мінулым навучальным годзе на экскурсіях у тэхнапарку пабывалі сямі- і васьмікласнікі практычна з усіх раёнаў вобласці.
Зрэшты, ужо сёння можна сказаць, што па выніках наступнага навучальнага года колькасць удзельнікаў адукацыйных праграм абавязкова ўзрасце. Так, вучыцца ў першую адукацыйную змену ў верасні будуць 38 навучэнцаў вобласці. А для праходжання тэсціравання на кастрычніцкую змену ўжо зарэгістраваліся 117 школьнікаў Гродзеншчыны.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА