Шмат гадоў вакальныя заняткі карыстаюцца нязменнай папулярнасцю як у дзяцей, так і ў дарослых, прычым і ў сучасных умовах менавіта музычныя анлайн-урокі маюць пастаянны попыт. І калі пра карысць заняткаў вакалам для падрастаючага пакалення мы гаварылі неаднаразова, то сёння паспрабуем высветліць, навошта дарослыя людзі прыходзяць на іх і як псіхалагічны настрой уплывае на вакал. І дапамогуць разабрацца ў гэтым хоць і маладыя, але вопытныя педагогі і сябры па сумяшчальніцтве Вадзім ЛУКАШЭВІЧ і Артур КУДЛАЙ.
Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся
Магістр педагагічных навук выкладчык кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вадзім Лукашэвіч нарадзіўся і вырас у Ашмянах, заспяваў у 5-гадовым узросце ў дзіцячым садку. Пайшоўшы ў першы клас сярэдняй школы № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўcкага, пачаў займацца ва ўзорнай студыі эстрадных спеваў “Палёт” і ансамблі песні і танца “Званочкі”. Іх кіраўнікі, па словах Вадзіма, “цудоўныя людзі, энтузіясты, вопытнейшыя педагогі” і сямейная пара Мікалай Паўлавіч і Вера Іванаўна Федарэнка, далі яму вакальныя азы. Паралельна юны спявак займаўся ў Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў у педагога Алены Дзмітрыеўны Рагачовай, у музычнай школе па класе фартэпіяна ў Віктара Людвігавіча Аленскага і ў раённым Палацы культуры ў Марыны Ягораўны Жаўняровіч, што, безумоўна, не магло не прынесці свае вынікі.
“Стаў пераможцам і лаўрэатам шматлікіх творчых спаборніцтваў: гран-пры конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2013”, 1-е месца на XIV рэгіянальным фестывалі-конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”, 1-е месца на IX Абласным фестывалі дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей”, 2-е месца на XIII Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, 1-е месца на III адкрытым конкурсе дзіцяча-юнацкай творчасці “Новы рух”, 1-е месца на конкурсе юных вакалістаў “Звонкая раніца — 2”, які арганізавалі “Настаўніцкая газета” і газета “Пераходны ўзрост” і г.д. — усяго ў маёй творчай скарбонцы каля 20 розных дыпломаў. Нават калі пачалася мутацыя голасу, працягваў выступаць, хаця ўжо не так паспяхова”, — расказаў малады педагог.
Аднак не толькі навучанне дапамагала юнаку ісці наперад. Духоўнае развіццё заўсёды займала важнае месца ў жыцці: падлеткам Вадзім кіраваў хорам Michael у касцёле Святога Міхаіла Архангела ў Ашмянах, а з 14 гадоў іграў на аргане. І нават думаў паехаць вучыцца ў Познань у Акадэмію музыкі, але ў апошні момант думка “дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” спыніла, і ён паступіў на кафедру харавога і вакальнага мастацтва факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які паспяхова скончыў у 2017 годзе. Паступіў у магістратуру і напісаў работу на тэму “Развіццё крэатыўнасці студэнцкай моладзі ва ўмовах аматарскай вакальна-харавой творчасці”, пасля абароны якой яму было прысвоена званне магістра педагагічных навук.
На гэтым малады чалавек не спыніўся і паступіў у аспірантуру, дзе зараз вучыцца другі год і працуе над дысертацыйным даследаваннем “Развіццё эмацыянальнага інтэлекту студэнцкай моладзі ва ўмовах аматарскай вакальна-харавой творчасці”. “Гэтая тэма цікавая тым, што паняцце “эмацыянальны інтэлект” само па сабе новае і перасякаецца з псіхалогіяй. Дарэчы, каб стаць цалкам кампетэнтным у гэтым пытанні, планую ў наступным годзе паступаць у Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы на псіхолага. З мінулага года працую на сваёй кафедры выкладчыкам такіх дысцыплін, як харавы клас, дырыжыраванне, пастаноўка голасу, вакальны ансамбль, чытанне і аналіз харавых партытур. У мяне займаецца 13 студэнтаў вочнага і 6 — завочнага аддзялення, але я працую хормайстрам двух калектываў: кітайскага хору “Садружнасць”, у складзе якога 74 чалавекі, мастацкі кіраўнік — дацэнт Ганна Аляксандраўна Нячай, і камернага хору “Дабравест”, у якім 35 беларускіх студэнтаў, мастацкі кіраўнік — Павел Мікалаевіч Шэпелеў”, — расказвае педагог.
Узгадваючы важных педагогаў, Вадзім Лукашэвіч адзначыў загадчыка сваёй кафедры Ганну Нячай і старшага выкладчыка кафедры Таццяну Ціўнову: “Ва ўніверсітэт я прыйшоў нібы чысты ліст, бо не ведаў спецыфікі дырыжыравання, пастаноўкі акадэмічнага вакалу, але Ганна Аляксандраўна дапамагла ва ўсім разабрацца, яна для мяне як анёл-ахоўнік, які накіроўвае як у прафесійным плане, так і па жыцці. А Таццяна Канстанцінаўна ўвяла мяне ў оперны свет і прывіла любоў да яго”.
Захапляльнае падарожжа
Выкладчык эстраднага і джазавага вакалу педагог дадатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Артур Кудлай таксама заспяваў у раннім дзяцінстве, але больш свядома музыкай пачаў займацца толькі ў 4 класе, калі ўгаварыў матулю перавесці яго ў сярэднюю школу № 3 імя В.М.Усава Гродна. Тады і пачалося яго “захапляльнае падарожжа ў свет музыкі і вакалу”.
“У 11 гадоў у мяне пачалася мутацыя голасу, а ў 12, пакуль я яшчэ трапляў у дзіцячую катэгорыю, але ўжо спяваў басам, пайшлі перамогі на розных конкурсах. Я стаў лаўрэатам 1-й ступені ІІІ гарадскога фестывалю дзіцячай эстраднай творчасці “Сем вясёлкавых нот — 2009”, уладальнікам Гран-пры VIII Абласнога фестывалю-конкурсу “Маладыя таленты Гродзеншчыны — 2010”, стаў фіналістам ХІ Рэспубліканскага конкурсу эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд — 2012” і суперфіналістам адкрытага фестывалю гумару і эстрады ў Маскве і г.д. З апошніх маіх узнагарод — дыплом 1-й ступені конкурсу патрыятычнай песні “Я памятаю” (Мінск), Гран-пры ІІ Міжнароднага конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці “Шлях наверх” (Масква), дыплом лаўрэата 1-й ступені ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці “Залатая сцэна” (Масква) і інш. На адным з конкурсаў я пазнаёміўся з педагогам Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якая запрасіла мяне да іх у каледж. Пасля заканчэння школы ў 2010 годзе пытанне, куды паступаць, было вырашана — я стаў навучэнцам каледжа, выбраўшы спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)”, у 2014 годзе скончыў яго і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на кафедру харавога і вакальнага мастацтва, які скончыў завочна праз пяць гадоў, — дадаў Артур Кудлай. — Увогуле дарогу ў вакальны свет мне далі кіраўнікі народнай эстраднай студыі “Міленіум” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры Ірына Грахоўская і Святлана Барысевіч, якія рыхтавалі мяне да ўсіх конкурсаў і ўклалі ў мяне сваю душу”.
Пасля заканчэння каледжа Артур па размеркаванні трапіў у Гродзенскую дзіцячую школу мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, дзе працаваў тры гады: “Мне вельмі падабалася займацца з дзецьмі. З імі мы нават паставілі мюзікл “Воўк і сямёра казлянят на новы лад”. Але на чацвёрты год работы мне стала крыху цеснавата ў Гродне, і я вырашыў пераехаць у Мінск. Праўда, настолькі цяжка было расстацца з вучнямі, што я жыў на два гарады яшчэ тры месяцы. Аднак нарэшце перадаў іх у надзейныя рукі калег, а ўсе свае сілы скіраваў на дзейнасць у сталічнай вакальнай арт-студыі Magic. Зараз працую ў студэнцкім клубе ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце кіраўніком народнага мужчынскага вакальнага ансамбля”.
Заспяваць можа любы
Многія людзі думаюць, што спяваць могуць выбраныя — толькі тыя, хто надзелены талентам ці адораны нейкімі неймавернымі здольнасцямі. Аднак гэта не так, і ўрокі вакалу могуць наведваць як дзеці, так і дарослыя. Таму вучням Артура Кудлая — аматарам спеваў — ад 4 да 50 гадоў, а Вадзіма Лукашэвіча — 17—30, бо ён больш працуе са студэнтамі. Абодва маладыя педагогі перакананы, што навучыцца валодаць голасам, адчуваць рытм і чыста інтаніраваць можа кожны, галоўнае — знайсці прафесіянальных выкладчыкаў і мець жаданне авалодаць ведамі. “Калі ў чалавека ёсць мара навучыцца спяваць, але ён упэўнены, што ў яго няма ні слыху, ні голасу, яго ўсё роўна можна развіць, і ён пачне нядрэнна спяваць, канечне, наколькі дазволіць яго фізіялогія. Тыя ж педагогі, якія адмаўляюцца займацца са складанымі вучнямі, баяцца цяжкасцей, — лічыць Артур. — Папрацаваўшы ў школе мастацтваў, магу сцвярджаць, што ўсе адораныя дзеці чамусьці вельмі лянівыя, а тыя, у каго менш таленту, затое ёсць вялізнае жаданне спяваць, заўсёды дасягаюць пастаўленай мэты і становяцца пераможцамі конкурсаў”.
Вадзім у сваю чаргу папярэджвае, што для заняткаў вакалам неабходна шукаць прафесійнага педагога, і няхай ён будзе маладым, затое з ведамі і практыкай: “На жаль, бываюць выпадкі, калі педагог вучыць няправільна, і гэта можа прывесці ў лепшым выпадку да незмыкання галасавых звязак, у горшым — да падзвязачнага трахеіту і нават кровазліцця звязак, а гэта вельмі сур’ёзна. Таму лепш звяртацца да педагогаў, якія маюць не толькі сцэнічны вопыт, а і адпаведную адукацыю”.
Навучанне вакалу як 4-гадовага вучня, так і 50-гадовага пачынаецца са знаёмства з асноўнымі тэарэтычнымі асновамі. Педагогі спачатку даюць базавыя паняцці, вучаць правільна дыхаць, бо менавіта дыханне ў будучыні дазволіць узяць патрэбную вышыню і павялічыць дыяпазон голасу, пасля вучаць трапляць у рытм, правільна інтаніраваць. Важным элементам вакальных заняткаў з’яўляецца падбор рэпертуару, які дазволіць раскрыць усе моцныя бакі голасу вучня, не падкрэсліваючы недахопаў. Так адбываецца работа над развіццём слыху, голасу, пачуцця рытму. Гарманічнае спалучэнне тэарэтычных ведаў і практычнага вопыту дазваляе раскрыць патэнцыял кожнага вучня і настроіць іх на музычны лад. Як юныя, так і сталыя наведвальнікі вакальных заняткаў пачынаюць правільна падаваць гук і арганічна адчуваць сябе ля мікрафона, а заадно яны разнявольваюцца і становяцца больш свабоднымі і ўпэўненымі — і ўсё гэта дае вялізны зарад пазітыўных эмоцый. Безумоўна, ці будзе вынік ад вакальных заняткаў, залежыць ад самога вучня, бо калі ён не праявіць цярпення і ўпартасці, нічога не атрымаецца.
Педагог па вакале = псіхолаг
На заняткі вакалам людзі прыходзяць з рознымі мэтамі: бацькі прыводзяць дзяцей, каб раскрыць іх таленты і развіць музычныя здольнасці, моладзь — каб здзівіць блізкіх і сяброў сваімі выканальніцкімі магчымасцямі, дарослыя — зняць напружанне і разняволіцца, а яшчэ ўразіць калег ці родных, напрыклад, у час святочнага мерапрыемства. Артур Кудлай і Вадзім Лукашэвіч імкнуцца раскрыць патэнцыял кожнага вучня незалежна ад ўзросту, індывідуальна падыходзяць да кожнага і ствараюць сяброўскую атмасферу на занятках.
“Мне вельмі падабаецца выкладаць вакал, а калі бачыш, што твае вучні становяцца лепшымі за цябе, то ўдвая прыемней, бо разумееш, што нездарма займаешся гэтай справай, — прызнаецца Артур. — Да таго ж сёння педагогу па вакале вельмі важна быць яшчэ і нядрэнным псіхолагам. Бо калі не наладжаны кантакт з вучнем, то плённай працы не атрымаецца. Часам прыходзяць настолькі заціснутыя людзі, што і месяц можна патраціць толькі на наладжванне кантакту. Калі да нас прыходзяць дарослыя вучні пасля складанага працоўнага дня, то мы як педагогі павінны дапамагчы ім зняць напружанасць і скаванасць, а для гэтага часам прыходзіцца гаварыць з імі пра іх праблемы большую частку заняткаў. Прычым гэтак жа і з юнымі вучнямі, бо калі яны ў дрэнным настроі, то ў іх нічога не атрымліваецца. Часта моладзь і больш сталыя людзі прызнаюцца, што з нецярпеннем чакаюць нашых заняткаў, бо на іх яны расслабляюцца”.
У свеце няма двух аднолькавых галасоў, таму на ўроках вакалу варта раскрываць менавіта свой голас, а не пераймаць манеру знакамітых спевакоў. “Адна з маіх вучаніц — прыхільніца творчасці Пятра Ялфімава, але будова яе звязак не вельмі дазваляе спяваць яго рэпертуар, аднак яна займалася самастойна па ўроках, размешчаных на YouTube, і прыйшла да такіх жудасных зажымаў, што мы разам з фаніятарам лячылі яе амаль год, — узгадаў Артур. — Увогуле вакал — гэта такая справа, якой можна вучыцца ўсё жыццё. Нават паглядзіце на знакамітых спевакоў, напрыклад на Паліну Гагарыну, на якую часта хочуць быць падобнымі мае вучаніцы, і параўнайце яе выкананне 5 гадоў назад і зараз — яны істотна адрозніваюцца. Усе спевакі пастаянна развіваюцца”.
Педагогі таксама павінны ўвесь час пазнаваць штосьці новае, каб ісці ў нагу з часам. “Як бы банальна ні прагучала, прафесія педагога — гэта пастаянная праца над сабой, пошук чагосьці новага, бесперапыннае самаўдасканаленне. Часам мне сустракаюцца, так бы мовіць, праблемныя студэнты, якія задаюць шмат каверзных пытанняў, на якія я не заўсёды ведаю адказы. Але мне не сорамна прызнацца ў гэтым і прапанаваць пашукаць адказы разам, што таксама ператвараецца ў вельмі цікавы і займальны працэс, — дзеліцца сваімі думкамі Вадзім Лукашэвіч. — Я не ўяўляю сябе без музыкі, хору і выкладчыцкай дзейнасці, хоць часам і вельмі цяжка, але нідзе не бывае лёгка. І што б хто ні гаварыў, я лічу прафесію педагога прэстыжнай, бо мы вырошчваем новае пакаленне, якое некалі зменіць мэтраў, і мы будзем ганарыцца імі”.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва герояў.