«Вам адказвае Міністэрства адукацыі»: ці можа студэнт узяць мэтавае накіраванне, і што для гэтага трэба

- 12:20Новости, Школа управления

На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

З’яўляюся студэнткай 3 курса бю­джэтнай дзённай формы навучання. Ці магу я на 3 курсе ўзяць мэтавае накіраванне ад школы, дзе планую праходзіць адпрацоўку (вучуся ў Мінску, а школа знаходзіцца ў маім родным горадзе)? Калі так, то які алгарытм дзеянняў для атрымання мэтавага накіравання?

У адпаведнасці з пунктам 10 Палажэння аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых, служачых, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572 (далей — Палажэнне), пры наяўнасці ва ўстанове адукацыі вакантных месцаў для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на гэтыя месцы могуць быць пераведзены асобы, якія вучацца па той жа ці роднаснай спецыяльнасці, у тым ліку на платнай аснове, у гэтай або іншай установе адукацыі, па іх заявах з абавязковым заключэннем дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Дагавор складаецца па форме згодна з дадаткам 3 да Палажэння ў трох экзэмплярах і падпісваецца грама­дзянінам і заказчыкам. Дагавор лічыцца заключаным з даты яго падпісання ўсімі бакамі і дзейнічае да заканчэння тэрміну абавязковай работы маладога спецыяліста (пункт 6 Палажэння).

Для заключэння дагавора вам неабходна звярнуцца ў аддзел адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа па месцы пастаяннай рэгістрацыі.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Пасля заканчэння 10 класаў агульнаадукацыйнай школы дачка паступіла ў каледж з атэстатам аб заканчэнні 9 класаў. Калі пасля заканчэння 2 курса каледжа дачка прыме рашэнне аб адлічэнні з каледжа, ці зможа яна здаць ЦЭ па неабходных ёй прадметах і паступаць ва УВА для атрымання вышэйшай адукацыі на падставе даведкі аб заканчэнні двух курсаў каледжа?

Для засваення зместу адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі на ўсе формы атрымання адукацыі прымаюцца (залічваюцца) асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, прафесійна-тэхнічную адукацыю (прафесійна-тэхнічную адукацыю з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі ці прафесійна-тэхнічную адукацыю на аснове агульнай сярэдняй адукацыі) або сярэднюю спецыяльную адукацыю (пункт 1 арты­кула 208 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс).

Згодна з артыкулам 90 Кодэкса дакумент аб адукацыі — дакумент дзяржаўнага ўзору, які пацвярджае засваенне навучэнцам зместу адпаведнай адукацыйнай праграмы, у тым ліку з прысваеннем кваліфікацыі і (ці) ступені.

Даведка аб навучанні адносіцца да дакументаў аб навучанні (падпункт 2.8 пункта 2 артыкула 91 Кодэкса) і не з’яўляецца дакументам аб адукацыі, такім чынам, ваша дачка на падставе гэтага дакумента не зможа паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі для засваення адпаведнай адукацыйнай праграмы.

Артыкулам 159 Кодэкса ўстаноўлена, што ў выпадку, калі грамадзянін не завяршыў навучанне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі ён можа атрымаць шляхам праходжання працэдуры атэстацыі ў парадку экстэрнату па выніках навучання і выхавання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У адпаведнасці з Інструкцыяй аб атэстацыі ў парадку экстэрнату, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь ад 8 жніўня 2022 года № 234 (далей — Інструкцыя), рашэнне аб допус­ку асобы да атэстацыі ў парадку экстэрнату прымаецца структурным падраздзяленнем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі (далей — аддзел (упраўленне) адукацыі) па месцы жыхарства (месцы знаходжання) асобы, на падставе яе заявы, заявы законнага прадстаўніка непаўналетняй асобы пры прад’яўленні пасведчання аб нараджэнні або дакумента, які сведчыць асобу, даведкі аб навучанні (пры наяўнасці), пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. Заява і дакументы падаюцца ў тэрмін са студзеня па 25 красавіка.

Пасля 25 красавіка дакументы для прыняцця рашэння аб допуску асобы да атэстацыі ў парадку экстэрнату прымаюцца аддзелам (упраўленнем) адукацыі пры наяў­насці ўважлівых прычын пропуску ўстаноўленага тэрміну падачы дакументаў, пацверджаных дакументальна (прызыў на тэрміновую ваенную службу або звальненне з тэрміновай ваеннай службы пасля заканчэння тэрміну ваеннай службы па прызыве, службовая камандзіроўка, па стане здароўя, іншыя прычыны).

Улічваючы, што выніковыя іспыты ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, праводзяцца ў іншым выглядзе, экстэрны пасля завяршэння навучання і выхавання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі прахо­дзяць два выніковыя іспыты ў выглядзе цэнтралізаванага экзамену (далей — ЦЭ) у пісьмовай форме.

Такім чынам, для вырашэння пытання аб допуску да атэстацыі ў парадку экстэрнату вам неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па адукацыі (аддзел па адукацыі) па месцы жыхарства.

У каледжы ёсць вакансіі на пасаду выкладчыка. Ва ўстанову адукацыі паступаюць рэзюмэ ад студэнтаў апошніх курсаў педагагічных вышэйшых навучальных устаноў з прапановай прыняць іх на работу ў якасці выкладчыка. Каледж просіць растлумачыць:

1. Ці можна прыняць на работу на пасаду выкладчыка і заключыць працоўны дагавор са студэнтамі апошніх курсаў вышэйшых навучальных устаноў педагагічнага профілю? Якія дакументы аб адукацыі павінен прадаставіць студэнт пры прыёме на работу?

2. Згодна з якім заканадаўчым актам ажыццяўляецца прыём на работу вышэйназванай катэгорыі асоб, калі АКДП такога не прадугледжана?

3. Які тарыфны разрад прысвойваецца студэнтам для аплаты працы і паводле якога заканадаўчага акта?

4. Ці прызначаны вышэйназванай катэгорыі асоб усе віды надбавак, як выкладчыку, прадугледжаныя пастановай ад 3 чэрвеня 2019 года № 71 Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь?

5. У выпадку накіравання вышэйшымі навучальнымі ўстановамі педагагічнага профілю ў каледж (ССА) студэнтаў для праходжання практыкі ці мае каледж права прыняць іх на аплатную практыку, згодна з якім заканадаўчым актам і які тарыфны разрад пры гэтым устанавіць такім студэнтам, калі ў штатны расклад каледжаў уводзяцца вакансіі толькі выкладчыкаў з вышэйшай адукацыяй?

Згодна з пунктам першым артыкула 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да педагагічных работнікаў, вызначаюцца кваліфікацыйнымі характарыстыкамі, якія зацвярджаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад педагагічных работнікаў вызначаны Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2020 года № 69.

Іншае ў дачыненні да прыёму на работу педагагічных работнікаў заканадаўствам не вызначана, за выключэннем выпадкаў прыёму на работу падчас праходжання практыкі.

Згодна з часткай чацвёртай пункта 9 Палажэння аб практыцы студэнтаў, курсантаў, слухачоў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2010 года № 860, падчас пераддыпломнай практыкі студэнты выконваюць асобныя працоўныя функцыі, прадугледжаныя службовымі абавязкамі кваліфікацыйнай характарыстыкі адпаведнай пасады служачага, якая змешчана ў Адзіным кваліфікацыйным даведніку пасад служачых. У перыяд гэтай практыкі студэнты могуць прымацца на работу на вакантныя пасады служачых у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы.

Разам з тым мае месца практыка прыёму на работу ва ўстановы адукацыі асоб, адукацыя якіх не адпавядае патрабаванням, прадугледжаным кваліфікацыйнымі характарыстыкамі адпаведнай пасады, з ліку студэнтаў, для якіх гэтая работа не будзе пастаяннай.

Аплата працы работнікаў у сферы адукацыі рэгулюецца пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2019 года № 71 аб аплаце працы работнікаў у сферы адукацыі (далей — Пастанова № 71).

У выпадку прыёму работніка на пасаду выкладчыка тарыфны разрад яму ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з дадаткам 2 да Пастановы № 71 (выкладчык, які не мае кваліфікацыйнай катэгорыі, тарыфікуецца па 8-м разрадзе).

У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку ажыццяўлення і памерах стымулюючых і кампенсуючых выплат педагагічным работнікам і служачым, занятым у адукацыі, бюджэтных арганізацый (далей Інструкцыя 1), Інструкцыяй аб парадку ажыццяўлення і памерах стымулюючых і кампенсуючых выплат работнікам бюджэтных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, і бюджэтных арганізацый, падпарадкаваных мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якія адносяцца да сферы дзейнасці Міністэрства адукацыі (далей — Інструкцыя 2), зацверджанымі Пастановай № 71, выкладчыку ўстанаўліваюцца наступныя надбаўкі:

  • за спецыфіку работы ў сферы адукацыі (напрыклад, выкладчыку, які не мае кваліфікацыйнай катэгорыі, памер надбаў­кі складае 30% ад акладу) у адпаведнасці з падпунктам 3.2 пункта 3 Інструкцыі 1;
  • за класнае кіраўніцтва (куратарства вучэбнай групай) на навучальны год загадам кіраўніка ўстановы адукацыі пры рэалізацыі зместу адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў памеры 100% базавай стаўкі ў выпадку выканання выкладчыкам функцый куратара вучэбнай групы (вучэбных груп) у адпаведнасці з падпунктам 4.1 пункта 4 Інструкцыі 1;
  • за работу ў галіне ў памеры 21% ад акладу ў адпаведнасці з падпунктам 4.2 пункта 4 Інструкцыі 1;
  • за характар працы ў адпаведнасці з умовамі падпункта 3.1 пункта 3 Інструкцыі 2. Памер надбаўкі за характар працы педагагічным работнікам па кожнай падставе ўстанаўліваецца да 60% (уключна) ад базавай стаўкі незалежна ад педагагічнай нагрузкі педагагічнага работніка. Канкрэтны памер і парадак выплаты надбаўкі за характар працы вызначаецца кіраўніком бюджэтнай арганізацыі сферы адукацыі;
  • за высокія дасягненні ў працы ў адпаведнасці з умовамі падпункта 3.4 пункта 3 Інструкцыі 2. Памеры і парадак выплаты надбаўкі вызначаюцца кіраўнікамі бюджэтных арганізацый сферы адукацыі.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА