Весці свой род

- 12:10Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

У яслях-садзе № 127 Гомеля прыдумалі цікавы праект, які вучыць дзяцей шанаваць свае карані. І не апошняя роля ў ім адведзена бабулям.

Напярэдадні візіту сюды вось якую характарыстыку дала гэтай установе галоўны спецыяліст аддзела да­школьнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Вольга Аляксандраўна Дулуб: 

— Яслі-сад № 127 адчыніў свае дзверы для выхаванцаў даўно, але тут увесь час развіваюцца, не стаяць на месцы. Трэба аддаць належнае кіраўніку, які разам з супрацоўнікамі няспынна шукае новыя тэхналогіі. Нездарма многія бацькі кажуць: нам патрэбен толькі 127-ы сад. Гэта лепшае пацвярджэнне якасці працы ўсяго калектыву. 

— Асабліва нас уражваюць бабулі, — прагучаў далей інтрыгуючы анонс арыгінальнай формы работы з сем’ямі. 

…Не дзіва, што, пераступіўшы парог садка, мы адразу ж вырашылі даведацца падрабязнасці.

— Аднойчы прыйшло вось якое разуменне: бабулі нашых хлопчыкаў і дзяўчынак хочуць прымаць удзел у выхаванні ўнукаў, але мы іх ніяк не задзейнічаем. Так склалася, што больш шчыльны кантакт наладжаны з бацькамі. Тым не менш у прадстаўнікоў старэйшага пакалення шмат крэатыўных ідэй. І мы прыйшлі да высновы: сітуацыю трэба выпраўляць. Як вынік — стварылі клуб “Бабулі могуць”, які з верасня 2021 года кожны месяц праводзіць свае пасяджэнні ў нашай установе, — расказвае загадчыца ясляў-сада № 127 Наталля Мікалаеўна Острыкава. — На першую такую сустрэчу ўдзельніцы прынеслі чорна-белыя фотаздымкі і расказвалі ўнукам гісторыю сваёй сям’і. 

Доўга разважаць над тым, чым займацца на чарговым пасяджэнні, не прыходзілася. Цікавых тэм хапае. Нават простая цацка можа ­стаць падставай для размовы, асабліва калі яе набылі 30 ці 40 гадоў назад. Потым надышла чарга чэленджа — бабулі дзяліліся ўспамінамі, хто дзе пабываў з унукамі. Адпаведна, наступным лагічным крокам стала прапанова распрацаваць інтэрактыўную гульню “Падарожжа па Беларусі з бабуляй”. Дамовіліся — зрабілі. І ўжо нават апрабавалі. Пазнавальная віктарына ў віртуальнай прасторы для дзвюх каманд “Бусел” і “Васілёк” прайшла на ўра.  

— Узаемадзеянне з сям’ёй, калі сувязным звяном выступаюць прадстаўнікі старэйшых пакаленняў, — гэта вельмі слушная ідэя, — лічыць Вольга Аляксандраўна Дулуб. — Нягледзячы на тое, што сучасныя дзеці вельмі актыўныя, фармат цёплых сямейных вячорак ім прыйшоўся даспадобы. Спакон веку менавіта бабулі і дзядулі перадавалі нашчадкам вопыт, назапашаны стагоддзямі, бераглі памяць роду. Быў перыяд, калі мы страцілі гэтую сувязь, але настаў час яе аднаўляць.  

Так за размовай мы падышлі да невялікага куточка і апынуліся… у сапраўднай сялянскай хаце. Ложак, засланы белым пакрывалам, аздобленым карункамі, гліняныя гарлачыкі, тканы дыван, вышываныя карціны.

— Карціны — наша асаб­лівая гордасць. Гэта сямейныя рэліквіі нашых бабуль, якія іх атрымалі ў пасаг ад сваіх бабуль, — з задавальненнем адзначае Наталля Мікалаеўна, а праз паўзу дадае: — Вы ніколі не здагадаецеся, што было раней у гэтым памяшканні… Ліфтавая. Па праекце яна павінна была выкарыстоўвацца для пад’ёму прадуктаў харчавання. Планы такія былі падчас будоўлі ў 1979 годзе, але яны так і не здзейсніліся. Нарэшце, мы знайшлі прызначэнне пустуючай зоне — зрабілі міні-музей, які знаёміць дзетак з традыцыямі беларускага народа. 

Адметная рыса гэтага дзіцячага сада — імкненне задзейнічаць кожны куточак, каб стварыць цікавую прастору, якая спадабаецца выхаванцам. І будзе карыснай не толькі для іх, але і для бацькоў.

Дарэчы, адметная рыса гэтага дзіцячага сада — імкненне задзейнічаць кожны куточак, каб стварыць цікавую прастору, якая спадабаецца выхаванцам. І будзе карыснай не толькі для іх, але і для бацькоў. Падчас экскурсіі ў нас была магчымасць завітаць і ў своеасаблівы цэнтр бяспекі, і ў другі невялічкі музей, прысвечаны харчаванню. Як пры­даць арыгінальнае аблічча яшчэ аднаму месцу, падказалі зноў-такі бабулі.  

— На першым паверсе побач з лесвіцай нашы энтузіясткі сталага ўзросту ўбачылі пустуючую нішу, і ў іх адразу ж узнікла ідэя твор­чага праекта. Яны прапанавалі зрабіць вязаны акварыум. Месяц руплівай працы — і вось што ў нас атрымалася, — расказвае Наталля Острыкава, паказваючы незвычайны арт-аб’ект.

Плеценыя крабы і васьміногі, марская зорка і разнастайныя рыбкі, водарасці і каралы. Мы пагадзіліся, што агульныя намаганні былі недарэмныя — усё выглядае вельмі эфектна. 

Напэўна, тут валодаюць нейкім сакрэтам, як здзяйсняць усе мары выхаванцаў і педагогаў. А магчыма, ім дапамагае мясцовы талісман — залатая рыбка, якая жыве ў акварыуме на першым паверсе побач з уваходам. Малыя і іх баць­кі загадваюць тут жаданні. І як расказалі нам па сакрэце хлопчыкі і дзяўчынкі, яны абавязкова збываюцца. Развітваючыся з гасціннымі гаспадарамі, мы не прамінулі паспытаць свайго шчасця. Хутка абавязкова праверым.

Святлана ЛОЦМАНАВА.
Фота аўтара і дзіцячага сада.