Педагогі дзіцячага сада № 110 Гродна распрацавалі цэлую праграму мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы. Падрабязней аб гэтым — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Яшчэ напярэдадні тут арганізавалі відэачэлендж «Моўная размінка. Загадкі». Дзеці разам з бацькамі вучылі і стваралі відэазагадкі. А ўсе падрыхтаваныя матэрыялы знайшлі сваё адлюстраванне ў сацыяльнай сетцы Іnstagram.
— Непасрэдна 21 лютага прыемнай нечаканасцю для выхаванцаў, іх мам і татаў стала ранішняя сустрэча з Гаспадаром і Гаспадыняй на парозе сада. Прапанавалі пакінуць свае самыя родныя беларускія словы на паперы. І такія карткі ўпрыгожылі сімвалічную карту нашай краіны, — расказала загадчыца ўстановы Галіна Аляхновіч.
Да таго ж у садзіку вітала сваіх маленькіх гасцей утульная беларуская хатка. У міні-музеі хлопчыкі і дзяўчынкі дапамагалі Гаспадыні прыбірацца, накрываць на стол і калыхаць у люльцы малога.
Экспанаты з міні-музея «вандравалі» па групах. Педагогі расказвалі дашкольнікам аб гісторыі праса, маслабойкі, куфара… І, вядома, звярталі ўвагу на сучасныя аналагі.
— Да самых маленькіх выхаванцаў завітаў Дзед-Барадзед, які прынёс з сабой цікавыя беларускія казкі. «Скарбонку роднай мовы» разглядалі хлопчыкі і дзяўчынкі сярэдніх і старшых груп. А сюжэтна-ролевая гульня «Турагенцтва «Падарожжа па Беларусі» дазволіла выхаванцам старшых груп у дыстанцыйнай форме наведаць розныя куткі нашай краіны, — адзначыла Г. Аляхновіч.
Вершы, казкі, апавяданні, песні беларускіх аўтараў гучалі ў групах на працягу дня. Не абышлося і без народных рухавых гульняў. Аформілі ў дзіцячым садзе таксама і тэматычную фотавыставу «Зямля пад белымі крыламі».
— Паказаць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа падчас розных відаў творчасці, выхаваць пачуццё любові і зацікаўленасці да роднага слова — гэта была мэта правядзення тэматычнага дня беларускай мовы, — падвяла вынікі суразмоўніца і дадала, што сённяшні дзень прынёс сапраўднае задавальненне і дзецям, і дарослым.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай дашкольнай адукацыі