Віктар Аверын: “Мы працуем, каб выпускнікоў не трэба было перавучваць”

- 14:04Наша пошта

Дэкан біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прафесар Віктар Сяргеевіч Аверын упэўнены, што абітурыенты і іх бацькі разглядаюць біяфак пераважна для набыцця прафесіі выкладчыка біялогіі і хіміі. Але гэта толькі адзін з напрамкаў падрыхтоўкі.

Шматгранная сфера

Сам Віктар Сяргеевіч — біяхімік, скончыў Маскоўскую ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга ветэрынарную акадэмію імя К.І.Скрабіна. Прайшоў розныя ступені навуковай дзейнасці, доўгі час узначальваў Рэспубліканскае навукова-даследчае ўнітарнае прадпрыемства “Інстытут радыялогіі” ў Гомелі. Прызнаецца, што раней таксама думаў, што біяфак рыхтуе перш за ўсё выкладчыкаў.
— Калі я прыйшоў сюды ў якасці дэкана, то зразумеў, як памыляўся, — гаворыць прафесар. — Вядома, той, хто хоча, можа працаваць выкладчыкам. Аднак можна ісці і па іншых напрамках. Сёння нашы выпускнікі запатрабаваны ў розных лабараторыях (як у навукова-даследчых, так і ў лабараторыях Следчага камітэта), а таксама на вытворчасці. Біялогія — гэта шматгранная сфера, дзе вывучаецца генетыка, фізіялогія, хімія, бяспека жыццядзейнасці, радыяцыйная бяспека і многае іншае. А калі выпускніку закладаецца такі базіс, то, трапіўшы ў рэальны сектар эканомікі, ён можа спецыялізавацца па тых напрамках, якія будуць запатрабаваны.
У складзе біялагічнага факультэта чатыры кафедры: хіміі; батанікі і фізіялогіі раслін; заалогіі, фізіялогіі і генетыкі; лесагаспадарчых дысцыплін. Апошняя, дарэчы, якая рыхтуе інжынераў лясной гаспадаркі, даволі цікавая і перспектыўная. Гомельская вобласць — самы лясісты рэгіён краіны, лясы займаюць амаль палову тэрыторыі. Спецыялісты ў гэтай сферы будуць запатрабаваны, а таму на біялагічным факультэце маюць намер актыўна развіваць згаданы напрамак. Да таго ж у Гомелі размяшчаецца Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на базе якога створаны філіял кафедры лесагаспадарчых дысцыплін. Будучыя лесаводы маюць унікальную магчымасць яшчэ студэнтамі далучыцца да вялікай навукі, тым больш што на кафедры працуюць вядучыя спецыялісты ў галіне лясной гаспадаркі. Сярод іх — вядомы вучоны-лесавод, прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі У.Ф.Багінскі.
Кафедра батанікі і фізіялогіі раслін — адна са старэйшых на факультэце. Яна бярэ пачатак з адкрыцця ў Гомелі ў 1930 годзе аграпедагагічнага інстытута (зараз — ГДУ імя Францыска Скарыны). Цікава, што кафедрай у розныя часы кіравалі пераважна яе выпускнікі. Гэтая традыцыя цягнецца з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Яшчэ адна кафедра — кафедра хіміі. Яна мае цесныя сувязі з рознымі навуковымі прадпрыемствамі рэгіёна, краіны і замежжа, і гэта адкрывае перад студэнтамі добрыя магчымасці. Выпускнікі кафедры паспяхова працуюць ва ўстановах вышэйшай адукацыі, навукова-даследчых і вытворчых лабараторыях, лабараторыях экалагічнага, аграхімічнага, біяхімічнага і медыцынскага профілю, настаўнікамі школ.
І, нарэшце, кафедра заалогіі, фізіялогіі і генетыкі, сфарміраваная ў студзені 2014 года, якую ўзначальвае член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Р.Р.Ганчарэнка. Не варта думаць, што кафедра зусім маладая. Яна была ўтворана на базе дзвюх кафедраў: заалогіі і аховы прыроды і фізіялогіі чалавека і жывёл, якія існавалі даўно. У апошнія гады тут створана лабараторыя малекулярна-генетычных рэсурсаў і ПЛР-аналізу, дзе праводзяцца даследаванні па ідэнтыфікацыі і расшыфроўцы паслядоўнасцей ДНК жывёл і чалавека. Матэрыяльна-тэхнічная база лабараторыі дазваляе на новым вучэбна-метадычным узроўні праводзіць лабараторныя заняткі па генетычнай інжынерыі, генетыцы, біятэхналогіі.
Наогул, на факультэце створаны добрыя ўмовы для практычнай дзейнасці студэнтаў. Пагадненні з навукова-даследчымі інстытутамі дазваляюць выкарыстоўваць іх лабараторыі, кафедра хіміі мае філіял на Гомельскім хімзаводзе. Зараз плануецца заключыць пагадненне з лабараторыяй Следчага камітэта. А базай летніх палявых практык служыць біястанцыя “Чонкі” — дзівосны куточак прыроды на беразе ракі.

Перадавыя веды

На факультэце даволі моцны прафесарска-выкладчыцкі склад. Бясспрэчны плюс у тым, што многія выкладчыкі маюць вопыт работы ў рэальным сектары эканомікі. Гэта важна, бо калі чалавек пазнаў прафесію на практыцы, а не толькі па падручніках, то ён можа вельмі даступна перадаць свае веды студэнтам. Прафесар Аверын упэўнены, што сёння выкладчык павінен крыху забягаць наперад і даваць студэнтам тое, што яшчэ зусім свежае, што яшчэ толькі зараджаецца, аб чым яшчэ не паспелі напісаць кнігі.
— Гэта простае патрабаванне часу, — тлумачыць Віктар Сяргеевіч. — Нам неабходна выпускаць спецыялістаў, здольных апярэдзіць прагрэс, думаць і бачыць на перспектыву; спецыялістаў, якія, пакінуўшы сцены альма-матар, будуць у курсе таго, што адбываецца ў галіне.
Вельмі правільная думка. Калі выкладчык будзе несці самыя сучасныя, самыя перадавыя веды, тады вытворцы забудуцца пра сваё знакамітае “а цяпер выкінь з памяці ўсё, чаму цябе вучылі ва ўніверсітэце”.
— Мяне асабіста такія словы вельмі раздражняюць, — прызнаецца дэкан біялагічнага факультэта. — Я хачу, каб майго выпускніка не трэба было перавучваць. Наадварот, хачу, каб у яго вучыліся. І я імкнуся да таго, каб на факультэце гэта стала адным з галоўных правіл, неабходнай планкай нашага вучэбна-педагагічнага працэсу.
Сённяшнія студэнты гатовы быць на перадавой, яны здольны не толькі атрымліваць веды, але і аналізаваць, спрабаваць прымяняць іх на практыцы. Хаця і на біяфаку сустракаюцца маладыя людзі, якія трапілі сюды выпадкова, для іх аказваюцца цяжкімі патрабаванні і той рытм, які задаецца вучэбным працэсам.
— Тут ёсць два варыянты, — разважае Віктар Сяргеевіч. — Можна пакінуць факультэт, а можна ўзважыць і вырашыць для сябе: магчыма, ёсць сілы справіцца, толькі неабходна больш працаваць. І тады трэба выкарыстоўваць свой шанс. Калі ты аказваешся ў пэўным асяроддзі, стараешся не адставаць ад іншых. Так пачынае фарміравацца цяга да ведаў. Галоўнае — мець жаданне і памятаць, што кожнае прынятае табой рашэнне — гэта цаглінка, з якіх будуецца твая будучыня.
На біялагічным факультэце існуе правіла ўзаемападтрымкі. Калі ў студэнта ўзнікаюць нейкія цяжкасці, яму не дазволяць проста плыць па цячэнні, а дапамогуць знайсці выйсце. Перад выкладчыкамі — куратарамі груп — стаіць задача фарміраваць суперажыванне ў студэнтаў, каб аднакурснікі не былі абыякавымі, каб падтрымлівалі адно аднаго, у тым ліку ў вучобе.
Прафесар Аверын лічыць неабходным данесці да студэнтаў, што веды — гэта іх будучыня. Тое, што яны возьмуць на ўніверсітэцкіх занятках сёння і будуць развіваць далей, дапаможа ім уладкавацца ў жыцці.
— Мы заўсёды гаворым студэнтам, што, калі яны прыйдуць на работу, у іх не будуць пытацца, якія яны маюць адзнакі, будуць ацэньваць не па рэзюмэ, якое яны напішуць, а па ведах, якія яны пакажуць, — гаворыць Віктар Сяргеевіч.

Прафесіі заўтрашняга дня

Сёння, выбіраючы прафесію, маладыя людзі стараюцца глядзець на перспектыву, а таму звяртаюць увагу на спецыяльнасці, якія будуць запатрабаваны праз 5, 10, 15 гадоў. Біялагічны факультэт рыхтуе спецыялістаў, якія заўсёды былі і будуць у цане. Пры гэтым факультэт пастаянна развіваецца.
Летась у рамках спецыяльнасці “Біялогія” была адкрыта новая спецыялізацыя — “фітадызайн”. Навучанне ў гэтым напрамку дас ць студэнтам навыкі выканання кампазіцый і аранжыровак з прыродных матэрыялаў, а таксама разуменне правіл стварэння кветкавых кампазіцый і азелянення інтэр’ераў. Дызайн, фларыстыка, дэкаратыўнае кветкаводства, работа з прыродным матэрыялам і іншыя веды, якія засвояць будучыя спецыялісты, дазволяць ім працаваць кансультантамі па фларыстыцы, фітадызайне і аранжыроўцы, ландшафтным дызайне. Біялагічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны пакуль адзіны ў краіне вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па такой спецыялізацыі.
У перспектыве тут маюць намер прапанаваць абітурыентам новую спецыяльнасць — “Біяхімія”. Пра гэта марыць дэкан факультэта.
— Пакуль у нас ёсць толькі спецыялізацыя “біяхімія”, але я спадзяюся, хутка мы пачнём рыхтаваць спецыялістаў у галіне біяхіміі, — дзеліцца планамі Віктар Аверын. — Яны вельмі неабходны ў фармацэўтычнай прамысловасці, тым больш што гэты напрамак актыўна развіваецца ў нашай краіне.
Ніхто не абяцае будучаму студэнту біялагічнага факультэта бесклапотных дзён. Прыродазнаўчыя навукі патрабуюць асаблівай стараннасці, цягі да аналізу і даследаванняў. Але ж тут гарантуюць веды і добрыя практычныя навыкі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.