Віктар ГРАМЫКА: “Вайна навучыла мяне ўважліва прыглядацца да людзей, цаніць іх…”

- 12:38Культура

1 студзеня 2015 года адзначыў сваё 92-годдзе выдатны жывапісец, народны мастак Беларусі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар Віктар Аляксандравіч Грамыка. Яго педагагічны стаж налічвае больш за 70 гадоў!

А пачаўся ён яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, калі, будучы старшым школьнікам, ён скончыў завочна Маскоўскія цэнтральныя курсы жывапісу і малявання пры Доме народнай творчасці імя Крупскай. Гэта дало яму права выкладаць выяўленчае мастацтва ў школе. І вось з раніцы ён спасцігаў навуку за партай (скончыў школу з залатым медалём), а ў другой палове дня сам станавіўся настаўнікам, бо выкладаў маляванне ў 5-х класах. У музеі сярэдняй школы № 11 Оршы захаваўся ўнікальны фотаздымак, датаваны 1941 годам, на якім юны Віктар Грамыка з настаўнікамі і вучнямі.
Непасрэдна да выкладчыцкай працы Віктар Аляксандравіч вярнуўся толькі ў 1959 годзе. Але і ў час Вялікай Айчыннай вайны, і пасля яе ён сваімі творамі самааддана вучыў гледача і чытача (бо працаваў рэдактарам і ілюстратарам) бязмежнай любові да Айчыны і яе цудоўных людзей, прыгажосці і справядлівасці.
Апошнім часам мастак карціны не піша — не дазваляе зрок. Таму галоўнай яго турботай з’яўляецца цяпер рэдагаванне да друку другой кнігі ўспамінаў “За аблокамі — сонца” з трылогіі “Вясёлка над дарогай”. Першая кніга пад такой назвай выйшла ў 2000 годзе і захапляльна апавядала пра дзіцячыя і юнацкія гады будучага класіка беларускага выяўленчага мастацтва, якія прайшлі на Аршаншчыне, яго актыўны ўдзел у падпольнай і партызанскай барацьбе ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тады ж у Оршы адбылася прэзентацыя кнігі і першая персанальная выстава мастака. Менавіта пасля гэтага зарадзілася ў яго думка падарыць гораду калекцыю сваіх твораў. І ў верасні 2008 года ў адноўленым будынку былога калегіума езуітаў была ўрачыста адкрыта Аршанская гарадская мастацкая галерэя В.А.Грамыкі.
Другая кніга ўспамінаў прысвечана пасляваеннаму перыяду (з 1944 да канца 60-х гадоў), калі адбывалася станаўленне В.А.Грамыкі як мастака і педагога, непасрэднаму ўдзелу яго ў грамадска-палітычным і культурным жыцці краіны. Яму даводзілася сустракацца і быць добра знаёмым з многімі выдатнымі людзьмі Беларусі, сярод якіх дзяржаўныя дзеячы Пётр Машэраў і Ціхан Кісялёў, пісьменнікі Янка Брыль і Пімен Панчанка, мастакі Віталь Цвірка і Міхаіл Савіцкі…
Да 70-годдзя Вялікай Перамогі аршанскі краязнавец і кінадакументаліст Эдуард Навагонскі здымае цыкл відэафільмаў, прысвечаных мастакам, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і ў сваіх творах адлюстравалі гэтую велічную і трагічную старонку гісторыі. Першым будзе фільм пра нашага славутага земляка.
Зразумела, галоўнае месца ў ім зоймуць успаміны мастака пра незабыўныя дні мужнага і самаахвярнага змагання з фашызмам на Віцебшчыне. “Айчынная вайна ўмацавала мой цвёрды выбар звязаць сваё жыццё з выўленчым мастацтвам, — гаворыць Віктар Аляксандравіч, — бо ў час вайны мне давялося сустракацца і прайсці небяспечныя шляхі і шматлікія баі з людзьмі розных прафесій, але аднолькава адданымі Радзіме, людзьмі, для якіх грамадскія інтарэсы былі непараўнальна вышэй за асабістыя. Вайна навучыла мяне ўважліва прыглядацца да людзей, цаніць іх, бачыць у прастаце людзей, незалежна ад іх прафесій, нацыянальнасцей і ўзросту, цудоўныя якасці савецкага чалавека-патрыёта. І гэтых людзей мне хацелася ўвекавечыць”.
Згадаў Віктар Аляксандравіч і пра свае найбольш адметныя карціны, прысвечаныя вайне і памяці аб ёй. Сярод іх шырока вядомыя творы “Дарогамі мсціўцаў” (1959), “Салдаты” (1967), “1941. Над Прыпяццю” (1970), “Жанчынам Вялікай Айчыннай вайны прысвячаецца” (1972), “Яблыкі ўраджаю 1941 года” (1987).
“Пра Вялікую Айчынную вайну расказваць вельмі цяжка, — кажа ветэран, — бо гэта падзея па маштабе не мае сабе роўных у гісторыі. Але, на жаль, большасць з тых, чые ўспаміны былі б каштоўным нацыянальным набыткам, пайшлі ад нас. Але галоўнае, каб подзвіг усіх тых, хто ваяваў танкістам ці лётчыкам, партызанам або хірургам, які праводзіў бяссонныя ночы, каб вярнуць да жыцця нашых людзей, не быў ніколі забыты нашчадкамі”. Застаецца зазначыць, што такім бясцэнным набыткам сталі ўспаміны нашага субяседніка. І выдадзеныя, і якія яшчэ чакаюць (на жаль, недаравальна доўга) выхаду ў свет.
Мне пашчасціла неаднойчы слухаць успаміны і развагі Віктара Аляксандравіча пра жыццё і мастацтва, і я заўсёды здзіўляўся і захапляўся яго трапным словам, асабістай сціпласцю і глыбокай мудрасцю. А каб памяць пра подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны захавалася назаўсёды, Эдуард Навагонскі свой і робіць фільм. Праз некаторы час яго можна будзе паглядзець у інтэрнэце (https://sites.google.com/site/filmorsha).

Віктар ЛЮТЫНСКІ,
выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.