Дынамічна і моцна ў партытуры свята прагучала тэма пераемнасці пакаленняў, гістарычнай памяці, настаўніцтва. Педагогі былі на слыху практычна ў кожнай лакацыі, незалежна ад яе тэматыкі і ўзросту ўдзельнікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Вучні дзякавалі сваім настаўнікам, а тыя з трапятаннем і гордасцю гаварылі аб вучнях, іх працоўных і творчых поспехах, вынаходках, навуковых пошуках. Самымі юнымі аўтарамі, работы якіх прадставіў “Марафон адзінства”, сталі пераможцы абласнога этапу адкрытага конкурсу малюнка навучэнцаў пачатковых класаў “Мы разам”. Выстава адбылася ў Віцебскім лядовым палацы спорту.
Кацярына Пятруцкая, намеснік міністра адукацыі:
— “Марафон адзінства” аб’ядноўвае нас усіх. У яркіх, шчырых, прыгожых малюнках навучэнцы пастараліся перадаць сваё разуменне адзінства. Яны паказалі нашу Радзіму — усё тое, што пра яе ведаюць, і так, як умеюць. Гэтыя работы шчаслівых дзяцей моцнай, мірнай і клапатлівай краіны, любімай і найлепшай на планеце. Таму што ў Беларусі мы ўсе разам вельмі шмат робім для таго, каб нашы дзеці былі шчаслівыя. Асобную падзяку хачу выказаць педагогам, чые вучні так па-майстэрску малююць на такія складаныя тэмы. І, вядома ж, дзякуй бацькам! У кожнай перамозе нашых дзяцей — перамога іх бацькоў і педагогаў, усёй краіны.
Са школы — у студэнцкую і вялікую навуку
У Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медыцынскім універсітэце на працягу двух дзён аншлагі збірала выстава Міністэрства аховы здароўя “Беларусь. Медыцына. Будучыня”. Тут наведвальнікі на свае вочы ўбачылі дасягненні беларускіх вучоных і ўрачоў: медыцынскія манекены, вучэбныя трэнажоры і сімулятары — вельмі значны складнік практыка-арыентаванай адукацыі студэнтаў, а таксама інавацыйныя распрацоўкі ў галіне медыцыны і фармацыі, найноўшыя антысептычныя, лекавыя сродкі і тэст-сістэмы, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні і дыягностыцы. Былі прадстаўлены нават аўтамабіль хуткай дапамогі і перасовачны ФАП.
Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і старшакурснікаў на трэнажоры можна было, напрыклад, паспрабаваць сябе ў ролі стаматолага або навучыцца правільна аказваць медыцынскую дапамогу, у тым ліку рабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Дарэчы, падчас выставы прайшлі тэарэтычная віктарына на веданне анатоміі чалавека і практычная камандная віктарына па аказанні неадкладнай дапамогі пацярпеламу. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя прызы ад “Марафону адзінства”.
Наведвальнікам былі прадстаўлены і распрацоўкі пераможцаў рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Сярод іх — студэнтка 2 курса лячэбнага факультэта ВДМУ Лізавета Іванова. Першы прататып сэнсарнай пальчаткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі яна стварыла яшчэ ў школьныя гады разам з настаўніцай фізікі і інфарматыкі Хрысцінай Куставай.
Педагог-энтузіяст умее зацікавіць вучняў сучаснымі тэхналогіямі, у першую чаргу праз праектную дзейнасць. Для яе важна, каб вынік меў практычную накіраванасць, быў карысны грамадству. Аб узроўні прафесіяналізму настаўніцы сведчыць той факт, што з ліку яе вучняў амаль штогод ёсць пераможцы конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ці Рэспубліканскай канферэнцыі работ навукова-даследчага характару навучэнцаў, прычым штораз яны прадстаўляюць новыя праекты.
Юлія Цярэшчанка, дырэктар Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза І.П.Собалева:
— Сэнсарная пальчатка — адказ на выклік, рашэнне дастаткова сур’ёзнай сацыяльнай праблемы. Лізавета пад кіраўніцтвам Хрысціны Віктараўны прыдумала, як мову жэстаў адразу алічбаваць і перавесці ў тэкст. Спецыяльная пальчатка не толькі спрашчае зносіны з людзьмі, у якіх парушаны маўленне або слых, але і вучыць мове жэстаў. Гэтая вынаходка была адзначана яшчэ і медалём Еўразійскага патэнтнага ведамства “Погляд у будучыню”. Прыемна бачыць, што ва ўніверсітэце дзяўчына працягвае ўдасканальваць сваю распрацоўку. Дарэчы, з ВДМУ ў школы моцная сувязь, нашы выпускнікі штогод становяцца яго студэнтамі.
Мовай мастацтва
Не меншай папулярнасцю карысталіся выставы Нацыянальнай бібліятэкі, разгорнутыя на пляцоўках ВДТУ і ВДУ імя П.М.Машэрава. У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце наведвальнікаў чакала знаёмства з рарытэтнымі плакатамі “Са знакам якасці”. На кожным з экспанатаў — лагатып знакамітага савецкага Дзяржзнака якасці, у кожнага — захапляльная гісторыя, якую расказвалі экскурсаводы. Актуальнасць сюжэтаў, лаканічных і ёмістых агітацыйных лозунгаў не страчана да нашага часу: “Рабі так, як для сябе!”, “Як працаваў — так і зарабіў”, “Сумленне рабочага — лепшы кантралёр”.
Сімвалічна, што выстава праводзіцца ў Год якасці і служыць сувязным звяном паміж беларусамі розных узростаў, раскрываючы значнасць працоўнай дзейнасці на ўсіх этапах дзяржаўнага развіцця. Тут таксама не абышлося без спасылак на тэму настаўніцтва. Напрыклад, сярод аўтараў плакатаў — Уладзімір Васюк. Сям’я Уладзіміра і Тамары Васюк з’яўляецца адным з самых вядомых прафесійных дуэтаў у асяроддзі беларускіх мастакоў і педагогаў. Абое — зоркі першай велічыні, якія фарміруюць школу сучаснага нацыянальнага мастацтва і дапамагаюць заззяць сузор’ям таленавітых вучняў.
Марына Варахобка, старшы выкладчык кафедры дызайну і моды ВДТУ:
— Напэўна, нашы педагогі і студэнты былі самымі зацікаўленымі наведвальнікамі выставы. Гэта вельмі каштоўны, унікальны вопыт, бо плакатамі ў нас займаюцца з 2 і да 5 курса. Рэдкія шэдэўры з дастаўкай ва ўніверсітэт. Як не скарыстаць магчымасць даведацца сакрэты майстэрства, павучыцца?! Я сама выпускніца нашага факультэта. З цеплынёй успамінаю студэнцкія гады, паважаю ўсіх сваіх выкладчыкаў па спецыяльнасці, з многімі мы сталі калегамі. Напрыклад, з Наталляй Тарабука ў нас проста нейкае касмічнае ўзаемаразуменне, вынікі якога бачны ў тым ліку ў сумеснай творчасці. Існуе ў нашым прафесійным асяроддзі падзея ўзроўню паказу на рэйтынгавым міжнародным кінафестывалі ці публікацыі ў сусветна вядомым навуковым выданні — гэта міжнароднае біенале “Залатая пчала”. Сёлета яно з’яднала графічных дызайнераў з 53 краін. Лепшыя работы дэманстраваліся ў верасні ў Маскве ў выставачнай прасторы Новай Траццякоўкі. Там была і мая работа, выкананая ў суаўтарстве з Наталляй Ігараўнай. А побач былі шэдэўральныя плакаты майго студэнта Улада Белага. Вялікая радасць для мяне, што я дапамагла раскрыцца яго таленту, як і іншых сваіх студэнтаў. Ганаруся вучнямі. Думаю, у гэтым і ёсць настаўніцкае шчасце.
У Віцебскім дзяржуніверсітэце адбылася выстава “Кнігі ў дар Прэзідэнту”. Акрамя таго, “Марафон адзінства” запомніўся выставамі “Подзвігі і лёсы партызан у дакументах”, “Суверэнная Беларусь” і “Беларусь. Узлёт”, арганізаванымі калегамі з Выдавецкага дома “Беларусь сёння” і БелТА. Нельга не адзначыць і выставу рэквізіту і касцюмаў з легендарных савецкіх фільмаў “Стагоддзе беларускага кіно”. Гэты падарунак Нацыянальнага гістарычнага музея і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” быў вельмі дарэчы, бо сінематограф на тэрыторыі Беларусі пачаўся менавіта ў Віцебску ў ХІХ стагоддзі, а ў савецкі даваенны час яго планавалі зрабіць цэнтрам айчыннай кінавытворчасці.
Сапраўдны ажыятаж выклікала прадстаўленая Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перасовачная экспазіцыя “Наш абавязак — памятаць!”. Такіх чэрг у некалькі дзясяткаў чалавек горад даўно не бачыў. Пастаянна падыходзілі ўсё новыя наведвальнікі — паасобку і ў кампаніі сяброў, цэлымі сем’ямі з дзецьмі — і цярпліва чакалі, каб паглядзець. Характэрны маркер пераемнасці і адносін да гістарычнай памяці…
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і БелТА