Дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства Вольга Рыбаключава падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сваімі меркаваннямі аб павышэнні якасці адукацыі.
Нагадаем, Вольга Зайніеўна ўзначаліла вышэйназваны дэпартамент у красавіку. У адукацыі яна чалавек не новы: больш за 20 гадоў работы ў гэтай сістэме, высокі статус кандыдата юрыдычных навук, дацэнта, шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды. З адзнакай скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Больш за 20 гадоў ажыццяўляе педагагічную дзейнасць у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пэўны час узначальвала Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі.
— Вольга Зайніеўна, як адчуваеце сябе на новым месцы?
— Спачатку было вельмі хвалююча. Але мне дасталася добрая спадчына, шмат было зроблена перш за ўсё ў сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Многія рэчы, якімі займаюся зараз, я ўжо рабіла да гэтага. Напрыклад, у перыяд работы ў Нацыянальным агенцтве па забеспячэнні якасці адукацыі нашу каманду прыцягвалі да распрацоўкі нарматыўных прававых актаў у сферы дзяржаўнай акрэдытацыі, мы арганізоўвалі і праводзілі шэраг кантрольна-дыягнастычных вымярэнняў на ўзроўні вышэйшай адукацыі, удзельнічалі ў маніторынгу дзейнасці ўстаноў адукацыі розных узроўняў. Акрамя таго, мне вельмі пашанцавала з людзьмі, якія працуюць у калектыве. Гэта неверагодна таленавітыя супрацоўнікі, з якімі вельмі лёгка размаўляць і вырашаць пастаўленыя задачы. Я ўдзячна лёсу, што сустрэла іх на сваім шляху.
— Як ахарактарызуеце якасць нашай адукацыі — агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай? Якія крытэрыі можна выкарыстоўваць для яе ацэнкі?
— Традыцыйна высокая якасць нацыянальнай адукацыі была і застаецца адным з брэндаў нашай краіны, выступаючы найважнейшым гарантам сацыяльнай стабільнасці, эканамічнага развіцця грамадства, крыніцай росту інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу нацыі.
Якасная адукацыя з’яўляецца асновай усіх пераўтварэнняў, накіраваных на пабудову моцнай і квітнеючай дзяржавы.
У сучасных умовах узрастае роля забеспячэння ўсеахопнай, даступнай і якаснай адукацыі, заахвочвання магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх. Якасць адукацыі з’яўляецца інтэгруючым паказчыкам эфектыўнасці развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі і вымяраецца перш за ўсё яе адпаведнасцю адукацыйнаму стандарту, тым патрабаванням, якія дзяржава, грамадства і сам навучэнец ставяць перад канкрэтным узроўнем адукацыі. Вядома, сёння заканадаўча вызначаны крытэрыі ацэнкі адпаведнасці для кожнага ўзроўню адукацыі, якія выкарыстоўваюцца намі пры ацэнцы дзейнасці ўстаноў адукацыі.
Аднак паняцце якасці адукацыі значна шырэйшае. Гэта вельмі аб’ёмны тэрмін, які ўключае ў сябе многія фактары, галоўным з якіх, несумненна, з’яўляецца педагог, яго асабістыя якасці, захопленасць педагагічнай прафесіяй і дзецьмі. Адукацыя не толькі дае веды, уменні і практычныя навыкі, але і фарміруе сапраўднага грамадзяніна, патрыёта нашай краіны.
Прыярытэтнай мэтай дзейнасці Міністэрства адукацыі з’яўляецца павышэнне якасці асноўнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі.
У 2023 годзе галіновым Міністэрствам была распрацавана і прынята Праграма развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года (пастанова Міністэрства адукацыі ад 31 кастрычніка 2023 года № 329).
У рамках аб’яўленага кіраўніком дзяржавы бягучага года Годам якасці галіновым міністэрствам расстаўлены акцэнты і вызначаны ключавыя мерапрыемствы для кожнага ўзроўню адукацыі, кожнага напрамку сістэмы забеспячэння якасці нацыянальнай адукацыі, над якімі ўся сфера адукацыі будзе працаваць на працягу наступных гадоў і вынік якіх — паляпшэнне якасці нацыянальнай адукацыі — будзе відавочны для кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
— Ці можна сёння гаварыць аб эфектыўнасці рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў?
— Неабходна адзначыць, што рэалізацыя праграмных дакументаў у сферы забеспячэння якасці нацыянальнай адукацыі — гэта комплексная і сістэмная работа кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу, усіх зацікаўленых бакоў, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі, арганізацый, якія забяспечваюць функцыянаванне і навукова-метадычнае забеспячэнне сістэмы адукацыі, непасрэдна ўстаноў адукацыі і, вядома, педагагічных работнікаў і саміх навучэнцаў.
На працягу апошніх некалькіх гадоў Міністэрствам адукацыі вядзецца работа па стварэнні матывуючых умоў для адораных абітурыентаў у мэтах іх паступлення ў рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Так, Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі забяспечана нарматыўнае замацаванне залічэння ў рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных экзаменаў, па-за конкурсам медалістаў, выпускнікоў ліцэяў і каледжаў, пераможцаў алімпіяд, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Вялікая ўвага ўдзяляецца і прафесійнай арыентацыі нашых школьнікаў, пашыраецца сетка профільных класаў, створана сістэма работы з навучэнцамі профільных класаў.
Для навучальных устаноў усіх узроўняў ажыццяўляецца распрацоўка метадычных рэкамендацый па парадку арганізацыі і правядзення самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі, якія будуць змяшчаць
у тым ліку і механізмы самакантролю на рабочым месцы для педагагічных работнікаў за якасцю рэалізацыі адукацыйных праграм і, адпаведна, якасцю адукацыі. Для ўзроўняў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі і спецыяльнай адукацыі такія рэкамендацыі распрацоўваюцца Акадэміяй адукацыі пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі.
У бягучым годзе галіновым міністэрствам праводзіцца вялікая работа па распрацоўцы канцэпцыі, якая прадугледжвае павелічэнне часткі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, іх сацыялізацыю, удасканаленне механізма іх далейшага працаўладкавання і інтэграцыі ў грамадства.
Для шырокага інфармавання грамадскасці распрацоўваюцца інфармацыйныя лістоўкі па пытаннях якасці адукацыі (па ўзроўнях адукацыі, асобных напрамках адукацыйнага працэсу), якія да канца года будуць выдадзены ў выглядзе асобнай брашуры, прысвечанай якасці нацыянальнай адукацыі.
24 кастрычніка на базе Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Мінску адбудзецца ІІ Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Забеспячэнне якасці адукацыі: стан, праблемы і перспектывы”, арганізатарамі якой выступаюць Міністэрства адукацыі, Дэпартамент кантролю якасці адукацыі і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі.
Запрашаем педагагічных работнікаў прыняць удзел у канферэнцыі. З інфармацыяй аб ёй можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. У гэтым годзе будуць рэалізаваны і іншыя мерапрыемствы.
— Якасць адукацыі — гэта клопат не толькі саміх устаноў адукацыі, але і кантралюючых органаў. Якія асноўныя задачы ставіць перад сабой дэпартамент у гэтым напрамку дзейнасці?
— Безумоўна, любая дзейнасць патрабуе эфектыўнага кантролю. У бягучым годзе акцэнт у кантрольнай дзейнасці зроблены на індывідуальных прадпрымальніках і іншых арганізацыях, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць. Па-першае, сумесна з галоўнымі ўпраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама праведзена шырокая інфармацыйная работа, накіраваная на выяўленне і ўлік усіх суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць. Па-другое, у ажыццяўленні кантрольнай дзейнасці асноўны ўпор зроблены на прафілактычную накіраванасць, распрацоўку і правядзенне мэтавых маніторынгаў. Па-трэцяе, асаблівая ўвага ўдзелена метадалагічнаму і метадычнаму суправаджэнню дзейнасці як саміх кантралюючых органаў, так і ўстаноў адукацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць.
Цяпер мы актыўна працуем над больш шырокім укараненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кантрольна-аналітычную дзейнасць.
— А якія задачы перад Дэпартаментам ставіце вы як непасрэдны яго кіраўнік?
— Мы плануем расці якасна. Шукаем новыя формы і мадэлі работы па ўсіх напрамках дзейнасці дэпартамента: ад ліцэнзавання і прадастаўлення апастыля да дзяржаўнай акрэдытацыі і кантрольнай дзейнасці. Нягледзячы на наш статус і наяўнасць дзяржаўна-ўладных паўнамоцтваў, мы адкрыты для супрацоўніцтва, гатовы ўкараняць інавацыі на карысць нацыянальнай сістэмы адукацыі. І, безумоўна, любыя задачы добра вырашаць разам з моцнай камандай, якая працуе на апярэджанне і гатова смела сустракаць новыя выклікі.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА