Вучаць працы на зямлі

- 11:12Навіны рэгіёнаў

Праблема недахопу кадраў у аграпрамысловым комплексе вельмі актуальная. Пошук шляхоў вырашэння кадравага пытання вядзецца пастаянна, але сельская гаспадарка па-­ранейшаму адчувае патрэбу ў спецыялістах. Чым гэта абумоўлена? Як прыцягнуць маладых людзей у вёскі і аграгарадкі?

Разнастайная дзей­насць на прышкольным вучэбна-доследным участку дазваляе навучэнцам Разанцаўскага ВПК быць руплівымі гаспадарамі роднай зямлі.

У Мсціслаўскім раёне знайшлі свой шлях вырашэння гэтай праблемы. У навучальных установах комплексна, мэтанакіравана і з удзелам усіх зацікаўленых выбудоўваюць прафарыентацыйную работу з навучэнцамі.

— Наш раён сельскагаспадарчы. Таму адна з ключавых задач прафарыентацыі — прыцягненне выпускнікоў школ да вучобы ва ўстановах адукацыі сельскагаспадарчай накіраванасці, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама А.Д.Паштовая. — Мы добра разумеем, што ад таго, у якім ключы мы прадставім працу і жыццё ў вёсцы, напрамую зале­жыць будучая забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў кваліфікаванымі кадрамі. Прафарыентацыю ажыццяўляем з удзелам усіх зацікаўленых, у тым ліку і заказчыкаў кадраў. Пры гэтым стаўку робім на навучэнцаў сельскіх навучальных устаноў, якія ведаюць аб працы на зямлі не па чутках. Пазітыўнае стаўленне да работы ў сельскай гаспадарцы пачынаем з самага ранняга этапу — дзіцячага сада. Стараемся, каб дзеці ўжо з дашкольнага ўзросту ганарыліся тым месцам, дзе жывуць, ведалі каштоўнасць і важнасць працы сваіх бацькоў — работнікаў аграпрамысловага комплексу. Пасля, у школе, імкнёмся паказаць вучням перспектывы працы ў вёсцы. Тут ужо работа вядзецца з індывідуальным акцэнтам на канкрэтных дзяцей, канкрэтных бацькоў, каб потым накіра­ваць іх у канкрэтную сельскагаспадарчую навучальную ўстанову.

Па словах Алены Дзмітрыеўны, формы прафарыентацыйнай работы ў навучальных установах выкарыстоўваюць самыя розныя. Важна, што ў асноўным яны скіраваны на тое, каб вучні маглі самастойна набыць пэўныя навыкі працы на зямлі. Адметна і тое, што многія ўстановы выкарыстоўваюць у арганізацыі прафарыентацыі інавацыйныя падыходы, рэалізуюць эксперыментальныя праекты. Наглядны прыклад — Разанцаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, дзе ўжо другі год ажыццяўляецца праект
“АграШкола”.

— Мы заўсёды асаблівую ўвагу ўдзя­лялі далучэнню вучняў да працы на зямлі. Для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы, — расказала дырэктар Разанцаўскага ВПК В.У.Селіванава. — Удзе­л у праекце “АграШкола” грамадскага аб’яднання “Беларускі зялёны крыж” дазволіў істотна пашырыць магчымасці для арганізацыі навучання ў гэтым напрамку. Пры­школьны земляробчы вучэбна-доследны ўчастак ператварыўся ў маштабную адукацыйную пляцоўку. Для навучання педагогі зараз выкарыстоўваюць перадавыя адукацыйныя праграмы і метадычныя комплексы ў галіне сельскай гаспадаркі. Адпрацоўка практычных навыкаў адбываецца праз выкарыстанне сучасных бяспечных агратэхналогій. На тэрыторыі плошчай 2 гектары нашы навучэнцы займаюцца даследчай дзейнасцю па вывучэнні культуры землекарыстання, тэхналогіі вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці па вырошчванні розных гатункаў раслін.

Да работы на прышкольным участку выхаванцы вучэбна-педагагічнага комплексу далучаны ўжо з дзіцячага сада. У рамках праекта дашкольнікі і навучэнцы забяспечваюць вырошчванне і даследаванне розных відаў раслін на эксперыментальных градках. Кожны з дзяцей можа прасачыць за ростам асобнай культуры ад усходу маленькага парастка да збору ўраджаю.

— Навучэнцы 1—9-х класаў у пазаўрочны час вырошчваюць розныя гатункі агародніны, лекавых і вострых траў, — адзначыла Вольга Уладзіміраўна. — Выхаванцы дзіцячага сада пад кіраўніцтвам выхавальнікаў вывуча­юць расліны, назіраюць за іх ростам. Вучні 10—11-х класаў асвойваюць праграму прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Агароднік”. Падлеткі вывучаюць тэхналагічныя працэсы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, характарыстыкі і асаблівасці вырошчвання агародніны. Праект “АграШкола” дазволіў нам не толькі палепшыць якасць навучання і прафарыентацыі школьнікаў. Інавацыя таксама садзейнічае развіццю ініцыятывы і прадпрымальніцтва сярод падрастаючага пакалення. У летні пе­рыяд мы арганізоўвалі работу профільнага атрада “Агразмена”. Навучэнцы самастойна вырошчвалі ў цяпліцах перцы і таматы і, дзякуючы сваім ведам, атрымалі высокія ўраджаі. Канкрэтна гэтая агародніна была рэалізавана мясцовым жыхарам. А такія культуры, як бульба, морква і іншыя, дазваляюць патанняць харчаванне ў школьнай сталовай.

Паводле слоў дырэктара, працоўная дзейнасць на вучэбна-доследным участку зацікавіла і захапіла мноства дзяцей. Вучні развіваюць атрыманыя веды, вывучаюць магчымасці павышэння эфектыўнасці вырошчвання агародніны, распрацоўваюць метадычныя рэкамендацыі па доглядзе розных раслін. Зацікаўленасць хлопчыкаў і дзяўчынак дазволіла ўстанове значна пашырыць асартымент агароднінных культур. Цяпер у Разанцах выро­шчваюць нават эксклюзіўныя, неўласцівыя мясцовасці расліны.

Пазітыўнае стаўленне да работы ў сельскай гаспадарцы пачынаецца з самага ранняга этапу — дзіцячага сада. Тут стараюцца, каб дзеці ўжо з дашкольнага ўзросту ганарыліся тым месцам, дзе жывуць, ведалі каштоўнасць і важнасць працы сваіх бацькоў — работнікаў аграпрамысловага комплексу.

— Нашы навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў прымаюць актыўны
ўдзе­л у рэспубліканскіх трэнінгах і семінарах, дзе атрымліваюць веды ў галіне развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва і аграэкатурызму, — падкрэсліла В.У.Селіванава. — Вынік гэтага — ужо запланаваная распрацоўка экамаршруту, які дапаможа ствараць умовы для бесперапыннай экалагічнай адукацыі дзяцей праз фарміраванне ў іх практычнага вопыту прыродакарыстання. Гэты крок, як і шэраг іншых у рамках праекта “Агракола”, дазваляе нам выхоўваць навучэнцаў руплівымі гаспадарамі сваёй роднай зямлі, даваць ім добрыя веды і вопыт для прадукцыйнай працы ў вёсцы.

Падобным чынам да прафарыентацыі навучэнцаў падыходзяць і ў іншых установах адукацыі Мсціслаўшчыны. І ў гэтай плённай дзейнасці ёсць адпаведныя вынікі. Сярод мясцовых навучэнцаў шмат дзяцей, скіраваных на работу ў сельскай гаспадарцы. У адной са школ раёна функцыянуе аграклас, у шасці — 55 вучняў праходзяць прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасці “Агароднік”. Сёлета 17 мсціслаўскіх выпускнікоў працягнулі навучанне ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах сельскагаспадарчай накіраванасці. У мінулым годзе такі выбар зрабілі 15 выпускнікоў.

У прафарыентацыйнай рабоце тут асаблівую значнасць надаюць таму, каб моладзь, атрымаўшы адукацыю, вярталася жыць і працаваць на малую радзіму. Рознымі спосабамі педагогі імкнуцца паказаць дзецям, што кожны з іх патрэбен сваёй роднай зямлі. У пэўнай ступені зрабіць гэта атрымліваецца. У сельгаспрадпрыемствы рэгулярна прыбыва­юць маладыя спецыялісты — ураджэнцы Мсціслаўскага раёна. Пакуль іх не вельмі многа, але ў планах кіраўніцтва раённага аддзела па адукацыі агульнымі намаганнямі імкнуцца да павелічэння колькасці такіх маладых людзей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Разанцаўскім вучэбна-педагагічным комплексам.