Вярнуліся з узнагародамі

- 12:22World Skills

Каманда Брэстчыны паспяхова выступіла на ІІІ Рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus. Спаборніцтва, у якім удзельнічалі 115 юнакоў і дзяўчат, праходзіла ў рамках сёлетняга чэмпіянату WorldSkills Belarus з мэтай прафарыентацыі школьнікаў і авалодання імі асновамі прафесійных кампетэнцый.

Паліна Лясак.

— На Брэстчыне ўдзяляецца вялікая ўвага выяўленню і падтрымцы таленавітай моладзі ў галіне навукова­-тэхнічнай творчасці, — расказаў дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Д.М.Гумянюк. — Асаблівую ролю ў гэтым адыгрывае міжнародны рух JuniorSkills, у якім актыўна ўдзельнічаюць выхаванцы школ і ўстаноў дадатковай адукацыі Брэстчыны.

На сёлетнім конкурсе вобласць прадстаўлялі 17 юнакоў і дзяўчат па 9 кампетэнцыях: “Мабільная робататэхніка”, “Графічны дызайн”, “Вэб-тэхналогіі”, “Электроніка”, “Прататыпаванне”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” і “Дызайн і мадэляванне адзення”. Пераможцамі і прызёрамі спаборніцтва сталі 4 прадстаўнікі Брэстчыны: Паліна Лясак і Ілья Грузінскі з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста (1-­е месца ў кампетэнцыі “Дызайн і мадэляванне адзення” і 3­-е месца ў кампетэнцыі “Вэб-­тэхналогіі” адпаведна), Хрысціна Міранчук з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава (3-­е месца ў кампетэнцыі “Графічны дызайн”) і Уладзіслаў Вялешка з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч (3-­е месца ў кампетэнцыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.