Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка 19 лютага наведаў Талачынскі раён Віцебскай вобласці.
У сярэдняй школе № 2 Талачына адбылася сустрэча міністра адукацыі з педагагічнай грамадскасцю раёна. Ігар Карпенка адзначыў неабходнасць такіх сустрэч: “Мець зносіны трэба з прафесіяналамі, хто кожны дзень уваходзіць у клас, аўдыторыю, групу і непасрэдна працуе з дзецьмі, іх бацькамі. Для мяне гэта ў першую чаргу магчымасць атрымаць зваротную сувязь, абмеркаваць тэмы, якія нас хвалююць, з пункту погляду далейшага развіцця галіны”. У размове з педагогамі кіраўнік ведамства закрануў шэраг задач, пастаўленых на VI Усебеларускім народным сходзе і выніковай калегіі Міністэрства адукацыі, і асобна акцэнтаваў увагу на развіцці чалавечага патэнцыялу як адным з прыярытэтаў сучаснай адукацыі. Былі абмеркаваны пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу і дыстанцыйнага навучання, прафарыентацыі, дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, фарміравання профільных класаў пад запатрабаваныя ў эканоміцы краіны спецыяльнасці, карэкціроўкі праграм на ўзроўні вышэйшай адукацыі, развіцця Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, а таксама якасці адукацыі і выніковай атэстацыі выпускнікоў, удзелу ў Міжнароднай праграме ацэнкі ведаў PISA, правядзення і метадалогіі падліку балаў у ходзе цэнтралізаванага тэсціравання, ліцэнзавання ў сістэме агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, налічэння заработнай платы педагагічным работнікам, функцыянавання сельскіх малакамплектных школ, нарматыўнага фінансавання ў сістэме дадатковай адукацыі, дзейнасці службы СППС і раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў, забеспячэння ўмоў для стварэння інтэрактыўнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, актуалізацыі школы настаўніцтва праз замацаванне за маладымі педагогамі больш вопытных калег.
Ігар Карпенка падзякаваў педагогам за адказнасць, дысцыплінаванасць і прафесіяналізм у рабоце ва ўмовах пандэміі: “У складаных умовах мы набылі пэўны вопыт і спрацавалі якасна: паспяхова завяршылі навучальны год, далі выпускнікам школ паступіць у тыя ўстановы прафесійнай адукацыі, якія яны выбралі. Мы і далей будзем усе падобныя пытанні разглядаць сумесна і вырашаць кропкава ў дачыненні да кожнай установы адукацыі”. Асобна міністр адукацыі спыніўся на ролі адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурса для навучэнцаў і выказаў удзячнасць усім, хто ўдзельнічае ў яго стварэнні: “На платформе сабраны ў адзіную сістэму ўзоры лепшага педагагічнага вопыту, на якіх у тым ліку могуць вучыцца маладыя настаўнікі. Літаральна днямі дасягнута дамоўленасць з расійскімі калегамі аб абмене лепшымі распрацоўкамі, элементамі ўрокаў і забеспячэнні доступу да іх з дапамогай гэтай платформы. Безумоўна, яна будзе развівацца. Калі ёсць канструктыўныя заўвагі і прапановы, мы гатовы іх выслухаць. У найбліжэйшай перспектыве плануем правесці шэраг рэгіянальных пляцовак па ўдасканальванні работы платформы з удзелам метадычных аб’яднанняў настаўнікаў па прадметах. Але варта ўлічваць, што названы рэсурс найперш прызначаны, каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для навучання і дапоўніць адукацыйны працэс: класна-ўрочнай сістэмы ён не заменіць”.
“Школа выконвае яшчэ сацыяльную функцыю, выхаваўчы і развіццёвы складнікі адукацыі выключна важныя, — падкрэсліў Ігар Карпенка. —Самакіраванне, спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, міжасабовыя зносіны з равеснікамі, старэйшымі і малодшымі па ўзросце навучэнцамі, педагогамі, бацькамі — усё гэта міні-мадэлі ўзаемадзеяння ў грамадстве, каштоўны сацыяльны вопыт, без якога немагчыма з агульнаадукацыйнай школы выпусціць дзіця з атэстатам сталасці, таму ён так і называецца. Мы зусім неапраўдана забылі сістэму калектыўных творчых спраў. У выхаванні найбольш эфектыўныя рэальныя зносіны, яго ні ў якім разе нельга спрашчаць да арганізацыі мерапрыемстваў. Кожны ўрок прызначаны несці выхаваўчую, развіццёвую функцыю, напоўнены разнастайнымі відамі дзейнасці. Выхаванне павінна быць змястоўна-карэкцыйным, неабходна разумець глыбінныя працэсы, бачыць у навучэнцы асобу і выразна ўсведамляць, што трэба зрабіць, каб ён выйшаў у самастойнае жыццё хоць бы ў трох галоўных якасцях: грамадзяніна, сем’яніна і прафесіянала”.
Ігар Карпенка азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, матэрыяльна-тэхнічнай базай сярэдняй школы № 2 Талачына, вопытам выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у педагагічнай практыцы. У калектыве ўстановы адукацыі — 681 навучэнец і 60 педагогаў. З мінулагодніх выпускнікоў школы чацвёра — залатыя медалісты (на 1 больш у параўнанні з 2019 годам), Даната Блудзень па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове атрымала 100 балаў, Марыя Аўсюк адзначана дыпломам ІІІ ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове і занесена на раённую Дошку гонару. Навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях рознага ўзроўню і накіраванасці, спартыўных спаборніцтвах. У профільных класах старшакласнікі на павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку, матэматыку і англійскую мову; таксама функцыянуюць 2 профільныя групы аграрнай накіраванасці з вывучэннем на павышаным узроўні хіміі і біялогіі. З 2017 па 2020 год школа была пляцоўкай рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне сацыяльна-кіраўнічага механізма ў працэсе мадэлявання адукацыйнай прасторы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”.
Заключным пунктам рабочай паездкі міністра адукацыі была Славенская сярэдняя школа імя П.А.Галецкага Талачынскага раёна.
“Наша школа ўяўляе сабой педагагічную сістэму, што аб’ядноўвае вучэбна-метадычны, эстэтычны, фізкультурны і духоўна-маральны цэнтры, — азнаёміў з установай адукацыі яе дырэктар А.І.Маленціновіч. — На цяперашні момант у школе працуе 49 работнікаў, з іх 25 педагогаў, і вучыцца 145 дзяцей у 11 класах. На наступны навучальны год запланавана набраць 16 чалавек у першы клас, а праз год — 25. Ахоп навучэнцаў факультатыўнымі заняткамі даволі вялікі — 92,3 працэнта. Навучэнцы наведваюць секцыі і аб’яднанні па інтарэсах рознай накіраванасці. Якасць выкладання прадметаў знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні, пра што сведчыць атэстацыя: сярэдні бал па школе — 7,5. На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана навучанне ў аграрным профільным класе з вывучэннем хіміі і біялогіі на павышаным узроўні і засваеннем праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. З 2019 года ў навучальнай установе рэалізуецца праект “Зялёныя школы” — комплексны адукацыйны праект, нацэлены на фарміраванне каштоўнасных адносін да прыроды, павышэнне ўзроўню экалагічнай накіраванасці адукацыі, інфармаванасці моладзі ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. За апошнія 5 гадоў 7 нашых выпускнікоў атрымалі залатыя медалі. Сёлета навучэнка 11 класа Мілана Плавінская прайшла на рэспубліканскі этап алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Створаная педагагічная мадэль, я поўнасцю ўпэўнены, дапаможа нам і далей даваць якасную адукацыю”.
У ходзе адкрытага дыялогу навучэнцы задалі пытанні Ігару Карпенку, начальніку галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыю Хому і намесніку старшыні Талачынскага райвыканкама Іне Галубковай і на кожнае пачулі змястоўны падрабязны адказ. Юныя гаспадары школы разам з настаўнікамі арганізавалі для ганаровых гасцей экскурсію па ўстанове адукацыі і ў завяршэнне прэзентавалі яркую канцэртную праграму. Міністр адукацыі перадаў у падарунак установе спартыўны інвентар (уключаючы 2 тэнісныя сталы і мячы) і сертыфікат на мультыборд.
На Талачыншчыне працуюць 6 сярэдніх і 5 базавых школ, 12 устаноў дашкольнай адукацыі, раённыя цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр. Як паведаміў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Белагураў, з верасня за школьныя парты селі 2468 навучэнцаў, уключаючы 262 першакласнікі — пры гэтым у 2019 годзе іх было 232. У старшыя класы прыйшлі 104 выпускнікі базавай школы. Профільныя класы (групы) адкрыты ў 6 установах агульнай сярэдняй адукацыі; на павышаным узроўні вучэбныя прадметы вывучаюць 82 працэнты дзесяцікласнікаў і 86 працэнтаў адзінаццацікласнікаў. На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў, якія займаюцца на базавым узроўні. На базе двух сярэдніх школ райцэнтра дзяўчаты асвойваюць швейную, юнакі — сталярную справу. Для адзінаццацікласнікаў была арганізавана вытворчая практыка, па выніках мінулага навучальнага года 17 навучэнцаў паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі пасведчанне аб прысваеннi разраду па прафесіі. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2020 годзе прадстаўнікі раёна адзначаны дыпломамі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі. Даступнасць дашкольнай адукацыі забяспечваюць 5 гарадскіх ясляў-садоў, 7 сельскіх дзіцячых садкоў і 5 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа”. Дзеці пяцігадовага ўзросту поўнасцю ахоплены падрыхтоўкай да школы. Вырашаны многія задачы ў стварэнні здароўезберагальнага і развіццёвага асяроддзя ў дашкольных установах, істотна палепшаны ўмовы знаходжання дзяцей у яслях-садах Талачына і гарадскога пасёлка Коханава. На працягу некалькіх гадоў захоўваецца станоўчая дынаміка па колькасці дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе (у 2020 годзе — 1,93 дня пры абласным паказчыку 2,9 і рэспубліканскім — 3,5 дня). Вырашаны пытанні забеспячэння якаснай і бяспечнай перавозкі дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці: падвоз арганізаваны для 510 навучэнцаў. На асаблівым кантролі знаходзяцца пытанні арганізацыі харчавання навучэнцаў: у харчаблоках устаноўлена сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, абноўлены сталовы посуд, кухонны інвентар; усе ўстановы адукацыі раёна аснашчаны аўтаматызаванай праграмай па харчаванні. Забяспечанасць спартыўным абсталяваннем і інвентаром складае 75,8 працэнта, лыжным інвентаром — 100 працэнтаў згодна з рэкамендаваным пералікам. На развіццё галіны ў бягучым годзе выдзелена 16,8 мільёна рублёў бюджэтных сродкаў. У адукацыйным працэсе задзейнічана 339 работнікаў, з іх 172 маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.