Выключная кампетэнтнасць: Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі адзначыла юбілейную дату

- 11:03Актуально

Кампетэнтныя, актыўныя і аб’яднаныя адной ідэяй — зрабіць сістэму адукацыі краіны якаснай і запатрабаванай дзяржавай. Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі кансалідавана дзейнічае ўжо на працягу 10 гадоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Святочнае пасяджэнне з нагоды юбілею прайшло на базе сталічнай сярэдняй школы № 161, дырэктар якой Валерый Стружко ўваходзіць у савет аса­цыяцыі. У актавай зале навучальнай установы сабраліся самыя перадавыя і нераўнадушныя кіраўнікі з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Сярод ганаровых гасцей — намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Свой віншавальны адрас членам асацыяцыі накіравала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, якая адзначыла, што дзейнасць асацыяцыі кіраўнікоў заўсёды нацэлена на выкананне важных стратэгічных задач па ўдасканаленні адукацыі і распаўсюджванні перадавога кіраўніцкага вопыту і падзякавала за выключную кампетэнтнасць, самааддачу, вернасць выбранай справе і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Віншавальны адрас зачытала старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марына Ільіна.

Аляксандр Кадлубай адзначыў, што асацыяцыя з першых гадоў свайго існавання зарэкамендавала сябе аўтарытэтным грамадскім аб’яднаннем з высокім прафесіяналізмам яго ўдзельнікаў. Міністр адукацыі ў сваім пасланні-віншаванні высока ацаніў уплыў арганізацыі на фарміраванне і развіццё кампетэнцый сучаснага кіраўніка. Актыўны дырэктарскі корпус заўсёды на перадавой сістэмы адукацыі, заўсёды ў пошуку рашэнняў актуальных праблем адукацыі. А створаная за гады існавання асацыяцыі камунікатыў­ная прастора дазваляе ўдасканальваць прафесійную дзейнасць кіраўнікоў агульнаадукацыйных устаноў усёй краіны.

Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі ўваходзіць у склад Беларускага педагагічнага таварыства, кіраўніком якога з’яўляецца рэктар БДПУ Аляксандр Жук. Аляксандр Іванавіч таксама накіраваў віншаванне з юбілеем, адзначыўшы важнасць набытага кіраўніцкага вопыту для ўдасканалення дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі.

Яркім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца прафесійны лёс Марыны Ільіной, якая ў свой час 6 гадоў узначальвала асацыяцыю кіраўнікоў. Марына Аляксандраўна з удзячнасцю ўспамінае тыя гады, бо набыты вопыт дапамагае ёй па сённяшні дзень. Раскрываючы сакрэты поспеху кіраўніка, яна вызна­чыла 7 галоўных правіл. Сярод іх сумленнасць, мэтанакіраванасць, працаздольнасць, амбіцыйнасць, смеласць, самаадукацыя, імкненне быць прыкладам.

За 10 гадоў існавання Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі былі праведзены 33 мерапрыемствы з удзелам больш чым 1000 кіраўнікоў краіны.

Асабліва ўспамінаюцца выязныя пасяджэнні, калі ўдзельнікі асацыяцыі наведвалі школы і гімназіі, каб падзяліцца ўласным вопытам і азнаёміцца з кіраўніцкімі і педагагічнымі здабыткамі навучальнай установы. Абмяркоўваліся інавацыйныя кіраўніцкія практыкі ў дзейнасці сучаснай установы адукацыі, шляхі фармі­равання і развіццё інфармацыйна-камунікацыйных кампетэнцый адміністрацыі, выкарыстанне гістарычнай спадчыны ў адукацыйным працэсе, інтэграцыя традыцыйных і інавацыйных форм работы, захаванне здароўя навучэнцаў, разглядаліся арганізацыйна-метадычныя аспекты функцыянавання профільных класаў педагагічнай накіраванасці.

Наперадзе новыя сустрэчы і тэмы для прафесійнай размовы. Пра гэта ў сваім выступленні гаварыў дзеючы старшыня Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў. Сяргей Анатоль­евіч справядліва заўважыў, што менавіта ўдзельнікі асацыяцыі задаюць тон у развіцці ўсёй сістэмы адукацыі, бо з’яўляюцца не толькі сучаснымі кіраўнікамі, патрыётамі і грамадзянамі. Яны яшчэ вельмі творчыя і крэатыўныя людзі, якія яскрава прадэманстравалі свае таленты на сцэне 161-й мінскай школы. Віншавальныя візітоўкі захаплялі, смяшылі, здзіўлялі акцёрскімі і пеўчымі здольнасцямі. Брава!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара