Высокая мода ад юных мадэльераў

- 12:19Культура

VIII Абласны фестываль юных мадэльераў і дызайнераў “Жывіца” прайшоў у Гродне.

Таленавітую моладзь суст­ракалі ў Гро­дзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, сцэна якога пераўтварылася ў маляўнічае шоу, на якім былі прадстаўлены аўтарскія калекцыі адзення. Такі фестываль праходзіць раз у два гады.

Конкурс складаўся з двух тураў. У першым, адборачным, удзельнічалі 37 калекцый. Адбор праводзіўся па фота і відэаматэрыялах. 29 калекцый прайшлі ў фінал. Фестываль-конкурс праводзіўся ў намінацыях: “Этнастыль”, дзе трэба было прадставіць нацыянальныя рысы ў сучасных мадэлях адзення; “Тэатр моды” — для студый і тэатраў моды са званнем “народны” і “ўзорны”; “Высокая мода”, дзе ацэньваліся пошук новых смелых ідэй, авангардныя калекцыі; “Яркія будні” — фантазіі на тэму гарадскога стылю і адзенне для спорту.

Журы ацэньвала арыгінальнасць і актуаль­насць ідэі, дызайн, вобразнасць, адпаведнасць выбранай намінацыі, а таксама ноу-хау, творчы падыход у выкарыстанні матэрыялаў і тэхналагічных рашэнняў. Немалаважнымі былі і такія якасці, як відовішчнасць, тэатральнасць, узровень эстэтыкі, якасць выканання прадстаўленых работ.

— Удзел у фестывалі-конкурсе прымалі ад маленькіх дзетак чатырох гадоў да старшакласнікаў, якія прадстаўлялі калекцыі адзення для розных узростаў, — расказала метадыст сектара этнакультуры і мастацкай адукацыі Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Шаўцова. — Журы адзначыла высокі ўзровень калекцый. Вельмі парадавалі ўдзельнікі намінацыі “Тэатр моды”, цікавыя творчыя рашэнні пераможцаў. Арыгінальнымі былі калекцыі ў намінацыі “Яркія будні”, дзе прадстаўлена гарадская мода, спартыўны стыль. Былі выкарыстаны як традыцыйныя тканіны, так і новыя падыходы (напрыклад, перапрацоўка старых рэчаў). Вырас узровень прадстаўлення калекцый, бо поспеху спрыяе і музыка, і пастаноўка выхаду мадэлей на сцэну.

Па выніках конкурсу былі вызначаны пераможцы і прызёры абласнога фестывалю юных ма­дэльераў і дызайнераў “Жывіца”. У намінацыі “Тэатр моды” першае месца заняла калекцыя “Беларускія прыгажуні” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у намінацыі “Высокая мода” — калекцыя “Чараіт” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, у намінацыі “Яркія будні” — калекцыя Firestyle сярэдняй школы № 28 Гродна, у намінацыі “Этнастыль” — калекцыя “Дух непакораны” гімназіі № 10 Гродна.

У рамках фестывалю таксама прайшоў завочны конкурс эскізаў і fashion-ілюстрацый. Пераможцай конкурсу стала Вікторыя Лебядзевіч — удзельніца маладзёжнай студыі моды “Купава” Гро­дзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Завяршыўся фестываль канцэртам, падрыхтаваным юнымі талентамі аддзела музыкі і харэаграфіі Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Гродзенскім абласным палацам творчасці дзяцей і моладзі.