Дзень маці сярэдняя школа № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава сустрэла водарам выпечкі, яблыкаў і карыцы. Выстава-кірмаш “Маміны пірагі” аб’яднала ўсіх: юных кулінараў, іх мам і ўдзячных пакупнікоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёлета брэндавая школьная выстава юбілейная — роўна 20 гадоў яна праводзіцца ў школе. Мамы з дзецьмі гатуюць выпечку дома, а ў школе яе прадаюць. Гэтым разам пакупніку было лёгка разгубіцца: у кулінарным кірмашы прынялі ўдзел навучэнцы васьмі класаў, усяго яны згатавалі больш за 100 пірагоў! Акрамя таго, кулінары прапаноўвалі прадэгуставаць хрусткае пячэнне, рулеты з разнастайнымі начынкамі, модныя каляровыя макаруны, круасаны, пірожныя і іншыя ласункі. Настаўнікам юныя кулінары нават рабілі скідкі.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Шлома расказала:
— Дзецям прыемна, калі настаўнік падыходзіць да іх, хваліць іх вырабы, выбірае сярод іншых. Здараецца, педагогі купляюць цэлыя тарты, хоць юныя кулінары планавалі іх прадаваць па кавалачку. Асабліва ў нашым пераважна жаночым калектыве любяць асеннюю выпечку з ябыкамі. Штрудзелі, шарлоткі разыходзяцца сярод настаўнікаў у першую чаргу.
Святлана Мікалаеўна падкрэсліла, што ў гэтай ініцыятыве самае галоўнае — тое, што дзеці кулінараць разам з мамамі. Сумесна яны ўпрыгожваюць выпечку, афармляюць стол на выставе, падпісваюць цэннікі, прадаюць. А потым усе разам, з іншымі аднакласнікамі і мамамі, вырашаюць, на што патраціць заробленыя грошы. Некаторыя класы адкладваюць іх на экскурсіі, правядзенне класных свят, некаторыя перадаюць іх на патрэбы людзям з абмежаванымі магчымасцямі ці купляюць корм у прытулак для бяздомных жывёл. Дарэчы, сёлета педагогі запрасілі прыняць удзел у выставе-продажы і прадстаўнікоў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста. Яны прадавалі вырабы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
— Такі фармат сумесных актыўнасцей дапамагае нам умацоўваць сувязі паміж мамамі і дзецьмі. А часам гэта набывае нават прафарыентацыйную накіраванасць. Так, мама адной з навучэнак працуе маркетолагам у развіццёвым цэнтры. Яна з дзецьмі гатавала выпечку, рабіла яе рэкламу, прадавала прадукцыю, а на класнай гадзіне, якая прайшла ўчора, удзельнікі каманды падвялі вынікі сваёй дзейнасці, разабралі плюсы і мінусы праведзенай маркетынгавай работы, — адзначыла Святлана Шлома.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі