Лізавета Матарас, навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 1 Ашмян, заваявала залаты медаль на чэмпіянаце свету па паўэрліфтынгу ў жыме штангі лежачы. Прыехаўшы на турнір у ролі фаварыта, выхаванка спартыўна-атлетычнага клуба “Аякс” не пакінула сапернікам ніводнага шансу, устанавіўшы новы сусветны рэкорд!
Па дарозе ў Вільнюс, дзе з 22 па 31 кастрычніка праходзіла сусветнае першынство, Лізавета настройвалася на максімальны вынік. Гады ўпартых трэніровак не прайшлі дарма: у першай жа спробе дзяўчына, якая выступае ў вагавой катэгорыі да 43 кг, выціснула 66 кг і ўстанавіла сусветны рэкорд ва ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў. Наступныя падыходы таксама былі ўдалымі і толькі ўмацавалі выдатнае дасягненне: другі — 67, а заключны — 68 кг.
— Усё атрымалася дзякуючы ўпартасці і пастаяннай працы над сабой. Я ніколі не ленавалася і аддавала ўсю сябе трэніроўкам. На шчасце, праз сілу працаваць не давялося: спорт, які я выбрала, ідэальна мне падыходзіць. Але чэмпіянат свету па жыме лежачы — толькі пачатак шляху. Наперадзе спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы, да якіх я паволі ўжо рыхтуюся. Затым планую адправіцца ў Эквадор, на чэмпіянат свету па трохбор’і. “Золата”, заваяванае ў Вільнюсе, надае ўпэўненасці ў тым, што і там усё атрымаецца, — дзеліцца ўражаннямі Лізавета.
Дарэчы, дзякуючы гэтаму бліскучаму выніку, спартсменка з Ашмян увайшла ў гісторыю беларускага паўэрліфтынга як першая ў Беларусі, якая стала чэмпіёнкай свету сярод дзяўчат да 18 гадоў. Юная атлетка ўжо тры гады трэніруецца пад кіраўніцтвам аднаго з лепшых трэнераў нашай краіны Міхаіла Францавіча Станкевіча. За 25 гадоў трэнерскай працы яго падапечныя не аднойчы станавіліся пераможцамі першынстваў свету і Еўропы. Усяго выхадцамі з Ашмян было заваявана больш за 250 медалёў рознай вартасці на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню.
Нягледзячы на цэлы россып чэмпіёнаў, трэнер адзначае, што такой працавітасці, як у Лізаветы, не сустракаў ні ў кога.
— Калі я не памыляюся, за ўвесь час, што Ліза займаецца паўэрліфтынгам, яна не прапусціла ніводнай трэніроўкі. Спартсменка заўсёды сабрана і зараджана на максімальны вынік. Адно задавальненне з ёй працаваць! Менавіта дзякуючы такой захопленасці ёй ужо даюцца рэкордныя вагі і найвышэйшыя месцы на п’едэстале.
Цяпер у ашмянскай атлеткі адпачынак. Аднак зусім хутка яна пачне падрыхтоўку да чэмпіянату свету па паўэрліфтынгу ў трохбор’і. Правядзенне спаборніцтва плануецца ў Эквадоры летам наступнага года.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.