Завершаны візіт дэлегацыі рэктараў вядучых кітайскіх УВА на чале з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хаа Пінам у Беларусь. Чатырохдзённая праграма візіту, які адбыўся з 24 па 27 чэрвеня, уключала шэраг мерапрыемстваў: сустрэчы прадстаўнікоў дзвюх краін, наведванне БДУ і іншых айчынных універсітэтаў, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, а таксама ўдзел у форуме рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Будаўніцтва вялікіх мастоў”
Форум рэктараў УВА Беларусі і Кітая стаў асноўным мерапрыемствам афіцыйнага візіту дэлегацыі Пекінскага ўніверсітэта. У форуме прынялі ўдзел кіраўнікі больш як 40 устаноў вышэйшай адукацыі дзвюх краін. Яны дамовіліся аб развіцці ўзаемадзеяння ў даследчай рабоце і ўкараненні інавацыйных методык выкладання для падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрэб нацыянальных эканомік.
Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец назваў гэты форум адным з найбуйнейшых у гісторыі суверэннай Беларусі:
— Сфера адукацыі выступае тым фундаментам, які забяспечвае развіццё кантактаў паміж вучонымі, моладдзю і паказвае высокі ўзровень даверу паміж нашымі народамі, а самае галоўнае — з’яўляецца трывалай асновай двухбаковых адносін для будучых пакаленняў. Узаемаадносіны паміж Беларуссю і Кітаем у галіне адукацыі ў першую чаргу нацэлены на развіццё міжуніверсітэцкіх сувязей. Гэта не толькі падрыхтоўка кадраў па інавацыйных спецыяльнасцях, але і шырокі спектр навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, маладзёжных абменаў. Паміж універсітэтамі абедзвюх краін сёння дзейнічаюць больш за 700 пагадненняў. Гэта вельмі вялікая лічба. Пра дынаміку нашых узаемаадносін сведчыць і тое, што толькі за апошнія два гады іх было падпісана больш за 200, у першую чаргу дзякуючы падтрымцы кіраўнікоў нашых дзяржаў.
Арганізатарам форуму выступіў Белдзяржуніверсітэт. Як расказаў яго рэктар Андрэй Кароль, для БДУ правядзенне такога маштабнага мерапрыемства стала вялікай адказнасцю:
— Але гэта і вялікі гонар, паколькі тыя дамоўленасці, якія прагучалі на сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з нашымі кітайскімі партнёрамі, стануць асновай для далейшага прынцыпова новага супрацоўніцтва. І ўжо не па вузкіх лакальных напрамках — яны пракладуць шлях да будаўніцтва вялікіх мастоў. Яны аб’яднаюць універсітэты Беларусі і Кітая і будуць садзейнічаць папулярызацыі навуковых даследаванняў і адзінай маладзёжнай палітыкі.
Варта адзначыць, што ў час форуму былі падпісаны восем дакументаў аб супрацоўніцтве паміж УВА Беларусі і Кітая. Новыя дамоўленасці аб супрацоўніцтве дасягнуты ў першую чаргу паміж БДУ і Пекінскім універсітэтам. Бакі будуць абменьвацца вопытам і ведамі ў галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі і медыцыны.
— Увесь рух пачынаецца якраз са стратэгіі, з пэўных фундаментальных дамоўленасцей, пакладзеных на паперу. Безумоўна, такія дамоўленасці ўжо ёсць, але іх неабходна не проста лакальна пашырыць, скажам, акадэмічныя абмены студэнтаў і выкладчыкаў паміж універсітэтамі, але і выйсці на інавацыйнае супрацоўніцтва. Яркім прыкладам такой формы ўзаемадзеяння ў наступным годзе стане правядзенне Міжнароднага інавацыйнага студэнцкага форуму. Да таго ж мы прадметна абмеркавалі і больш актыўны ўдзел у летніх і зімовых школах студэнтаў па розных напрамках. Таму я думаю, што рэчышча ракі супрацоўніцтва будзе паступова пашырацца дзякуючы дасягнутым дамоўленасцям. Ужо зараз можна гаварыць пра тое, што Пекінскі ўніверсітэт зацікавіўся лекавымі прэпаратамі, якія вырабляе наш універсітэт, — паведаміў А.Кароль.
У сваю чаргу прарэктар Пекінскага ўніверсітэта Фан Фан назваў падпісаную ініцыятыву аб кітайска-беларускім супрацоўніцтве ў галіне фундаментальных навуковых даследаванняў добрай дэманстрацыяй узаемадзеяння паміж дзвюма краінамі ў галіне вышэйшай адукацыі:
— Мы наведалі біялагічны факультэт БДУ і пераканаліся, што ён лідар у сваім напрамку. Акрамя таго, у цэлым БДУ атрымаў вялікія, плённыя вынікі ў галіне біятэхналогій, медыцыны, хіміі і фізікі.
Дарэчы, гісторыя супрацоўніцтва БДУ з кітайскімі ўніверсітэтамі даволі працяглая. Так, у БДУ рэалізуюцца 112 дагавораў і пагадненняў з 73 універсітэтамі і навуковымі цэнтрамі Кітая. У структуры БДУ працуе Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, створаны два сумесныя інстытуты з Далянскім політэхнічным універсітэтам, а таксама ў мінулым годзе быў адкрыты на базе ФМА Даследчы цэнтр ШАС. У цяперашні час на розных факультэтах БДУ вучацца 3,5 тысячы кітайскіх студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, што складае каля 70% ад усіх замежнікаў БДУ.
На палях форуму былі падпісаны і іншыя дакументы аб супрацоўніцтве, напрыклад, пагадненне аб акадэмічным і навуковым супрацоўніцтве і абмене паміж БДМУ і Пекінскім універсітэтам, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж МДЛУ і Шанхайскім універсітэтам замежных моў, а таксама дадатковае пагадненне аб далейшым паглыбленым стратэгічным супрацоўніцтве з Паўднёва-Усходнім універсітэтам. Мемарандумы аб узаемаразуменні заключаны паміж БДТУ і Ляанінскім і Уханскім універсітэтамі, БДЭУ і Чжэцзянскім універсітэтам замежных моў, а таксама паміж БДУІР і Чунцынскім політэхнічным універсітэтам. Такія дакументы будуць садзейнічаць арганізацыі абмену навуковай інфармацыяй і студэнтамі, рабоце над сумеснымі адукацыйнымі і даследчымі праектамі, правядзенню розных мерапрыемстваў.
— БДУІР мае больш як 20-гадовую гісторыю супрацоўніцтва з Кітаем. За гэты час было створана шмат сумесных навуковых даследаванняў і распрацовак. Эканоміка Кітая дэманструе ўражальныя тэмпы росту, і ў гэтым заслуга ў тым ліку навуковага і інавацыйнага развіцця гэтай краіны. У яе можна многаму павучыцца, пераняць перш за ўсё яе вопыт, звязаны з адпрацаванай і хуткай працэдурай рэалізацыі інавацыйных праектаў, укаранення вынікаў навукова-тэхнічных распрацовак. Мы надзейныя партнёры для сяброў з Кітая. Упэўнены, што многія рэчы, якія мы робім сумесна, не толькі ўносяць уклад у бягучы стан беларуска-кітайскіх адносін, але і ствараюць добры фундамент і платформу для таго, каб гэтыя адносіны развіваліся і ў будучыні”, — падкрэсліў рэктар БДУІР Вадзім Богуш.
Новыя рашэнні
Па выніках візіту кітайскай дэлегацыі ў Беларусь было прынята некалькі значных рашэнняў.
- Стварэнне кітайска-беларускага цэнтра фундаментальных навуковых даследаванняў.
У гэтым цэнтры будуць рэалізоўвацца праекты ў сферы матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі і медыцыны. Арганізуюць там і абменныя праграмы студэнтаў, выкладчыкаў і вучоных, правядзенне сумесных вытворчых практык, сімпозіумаў, круглых сталоў, канферэнцый і інш.
Дарэчы, гэтую ініцыятыву падтрымаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— Упэўнены, што дзейнасць гэтага цэнтра стане новым вітком навукова-тэхнічнага развіцця абедзвюх краін.
- Правядзенне Міжнароднага інавацыйнага маладзёжнага форуму.
— Падрыхтоўка да яго ўжо распачынаецца. Бо за тымі маладымі людзьмі, якія сёння прыходзяць у навуку, за іх інтэлектуальным патэнцыялам стаіць будучыня не толькі эканомік, але і ў цэлым народаў нашых дзвюх краін, — упэўнены міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.
- Заснаванне міжуніверсітэцкага свята “Дні дружбы і адзінства БДУ і ПКУ”.
Гэтае свята павінна стаць штогадовай падзеяй і будзе традыцыйна праводзіцца 25 і 26 чэрвеня. Тэматычную праграму Дзён дружбы плануюць напоўніць сустрэчамі кіраўніцтва УВА дзвюх краін, навуковымі мерапрыемствамі, форумамі і дыялогавымі пляцоўкамі для абмеркавання вынікаў сумеснай работы і вызначэння будучых вектараў развіцця партнёрскіх адносін.
— Ініцыятывы па заснаванні Дзён дружбы і адзінства паміж БДУ і ПКУ і аб супрацоўніцтве ў галіне фундаментальных навуковых даследаванняў з’яўляюцца паслядоўным і лагічным прадаўжэннем актыўнага дыялогу паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін, — сказаў міністр адукацыі Беларусі. — Ва ўмовах сур’ёзных выклікаў сучаснасці мы як ніколі разумеем важнасць рэалізацыі адзіных падыходаў да пытання ўмацавання навуковага супрацоўніцтва, маладзёжнай палітыкі і ўдасканалення працэсу падрыхтоўкі кадраў з улікам патрэб нацыянальных эканомік дзвюх краін.
Рэктар БДУ Андрэй Кароль перакананы, што новае свята стане дэманстрацыяй эфектыўнага і надзейнага ўзаемадзеяння па розных вектарах, у тым ліку далучэння студэнтаў і выкладчыкаў да навукова-адукацыйных і культурных абменаў.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА