Амаль 40 гадоў Ніна Міхайлаўна Тарасевіч штодзённай працай даказвае, што быць школьным бібліятэкарам вельмі цікава і пачэсна, асабліва ў сельскай установе адукацыі, дзе атрымліваюць веды амаль 300 дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Кнігі змалку былі маімі лепшымі сябрамі і суправаджалі літаральна ўсюды, — гаворыць Ніна Міхайлаўна. — Чытала шмат, але перавагу аддавала літаратуры пра вайну. А калі сямікласніцай праходзіла летнюю практыку ў сельскай бібліятэцы, канчаткова зразумела, што хачу звязаць жыццё толькі з кнігай.
Не зважаючы на адлегласць, летуценная 14-гадовая дзяўчына адправілася з роднай Салігоршчыны ў тагачасны Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, каб ажыццявіць мару. Атрымаўшы запаветны дыплом, Ніна Тарасевіч уладкавалася ў адну з масавых бібліятэк на малой радзіме, але доўга там не затрымалася: энергічнай і артыстычнай натуры не хапала зносін і падзей. Іх Ніна Міхайлаўна з радасцю знайшла ў Астрамечаўскай сярэдняй школе, якая тады толькі адкрылася. А паколькі дзяўчына вырашыла стаць у любімай справе прафесіяналам, то скончыла яшчэ тагачасны Мінскі інстытут культуры.
— У савецкі час дзеці чыталі значна больш, чым сёння, — успамінае Ніна Тарасевіч. — Раней актыўна праводзілі чытацкія канферэнцыі і дыспуты, нават спектаклі ставілі паводле розных мастацкіх твораў. Зараз кнігу выцясняюць інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Тым не менш у яе па-ранейшаму ёсць удзячныя чытачы і прыхільнікі, асабліва сярод малодшых школьнікаў. Цікаўныя і знаходлівыя чамучкі хочуць усё ведаць: і пра тэхніку, і пра дыназаўраў, і пра меншых сяброў…
Кожны перапынак вучні пачатковых класаў бягуць у бібліятэку: пагартаць часопіс, пачытаць казку, расфарбаваць размалёўку… А першакласнікі просяць пачытаць.
— Вярнулася да такой формы работы, як гучныя чытанні. На адным з перапынкаў вучні 1—2 класаў садзяцца за стол і слухаюць, напрыклад, казку, а на другім — адпраўляюцца гуляць у бібліябоўлінг, каб замацаваць веды. Адказваючы на пытанні літаратурнай віктарыны, дзеці выбіваюць кеглі і вызначаюць пераможцу. Вельмі цікавая і карысная гульня! — заўважае Ніна Міхайлаўна.

Штогод у школе праходзіць тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі для пачаткоўцаў. На гэты час бібліятэкар пераўвасабляецца ці то ў Бабу Ягу, ці то ў чароўную фею, ці то ў шыкоўную каралеву. Дзяўчынкі апранаюць прыгожыя сукенкі, а хлопчыкі — казачныя касцюмы. У рамках тэматычнага тыдня праводзяцца розныя гульні, віктарыны, інтэлектуальныя шоу, літаратурныя гадзіны, майстэрні добрых спраў…
Акрамя таго, у школьнай бібліятэцы ладзяцца пасвячэнні ў чытачы, агляды літаратуры, сустрэчы са святаром і мясцовымі пісьменнікамі. Тут заўсёды рады бачыць гасцей з ліку знакамітых землякоў. Сярод іх — рэдактар альманаха “Астрамечаўскі рукапіс” Аляксандр Валковіч. Выданне выходзіць з 2013 года і ўяўляе сабой краязнаўчы летапіс роднага краю.
Разам з малодшымі школьнікамі ў бібліятэцы рэгулярна бываюць і старшакласнікі, якія ўзмоцнена рыхтуюцца да выпускных выпрабаванняў. Без кніжнага храма ў гэтым не абысціся. А вось вучняў 6—7 класаў Ніна Міхайлаўна хацела б часцей бачыць сярод чытачоў.
— Школьная бібліятэка — гэта месца, дзе павінна быць цікава і ўтульна ўсім, дзе пануе творчасць, фарміруюцца важныя маральныя якасці, — лічыць Ніна Тарасевіч, якая любіць ствараць цуды з непатрэбных рэчаў і вучыць гэтаму іншых.

35 гадоў бібліятэкар узначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Умелыя рукі”. Яго выхаванцы працуюць у тэхніцы дэкупаж, пейт-арт і тапіярый, малююць на шкле, вырабляюць адмысловыя прадметы з джутавых нітак, кававага зерня і не толькі. Усё гэта вучні дораць затым аднакласнікам, сябрам і гасцям. А некаторыя вырабы ўпрыгожваюць бібліятэку.
Пяць гадоў назад Ніна Міхайлаўна ажыццявіла даўнюю мару — стварыла ў асобнай шафе выставу-экспазіцыю старых падручнікаў. На гэта бібліятэкара натхніў мясцовы краязнавец Іван Панасюк, які перадаў школе шмат кніг, дакументаў і публікацый.
— Сярод іх асаблівую ўвагу прыцягнуў падручнік прыродазнаўства, выдадзены ў 1916 годзе, — расказвае Ніна Тарасевіч. — Вучэбныя кнігі збіраліся не адзін год, у тым ліку не без дапамогі колішняга дырэктара раённага Дома рамёстваў Таццяны Лук’янюк, былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Галіны Рудзяк і настаўніцы англійскай мовы Ларысы Поўх.
Выстава-экспазіцыя налічвае 40 падручнікаў па арыфметыцы, рускай і беларускай граматыцы, рукадзеллі… Большасць з іх выдадзены ў 1930—1950-я гады. Самая старая кніга датуецца 1902 годам. Але асабліва дарагі бібліятэкару важкі падручнік “Гімназія дома”, выпушчаны ў 1917 годзе. Па ім можна было адначасова і самастойна вывучаць у даходлівай форме і матэматыку, і рускую мову, і гісторыю. Кнігі, як і арыфмометр, пёравая ручка і механічныя лічыльнікі, выклікаюць вялікую цікавасць у вучняў, педагогаў і гасцей. Выстава добра дапаўняе адукацыйны працэс у школе, гісторыя якой налічвае амаль 160 гадоў.
Акрамя любімай бібліятэкі, Ніна Міхайлаўна чэрпае сілы і натхненне ў кветкаводстве. Руплівая гаспадыня вырошчвае на ўчастку каля дома безліч раслін. Прыгожыя кветнікі радуюць сэрца і вока не толькі гаспадароў, але і прахожых.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара





