Гэтымі днямі мабільныя тэлефоны літаральна разрываюцца ў выпускніц сярэдняй школы № 2 Маларыты Хрысціны Пархамук і Аліны Хапалюк. Родныя, аднакласнікі і знаёмыя шчыра віншуюць дзяўчат са стабальнымі вынікамі, атрыманымі на ЦЭ.

— Гэта не першыя стабальныя вынікі нашых вучняў, — гаворыць дырэктар школы Таццяна Жыгалава. — Радуе, што сёлета адзінаццацікласніцы прадоўжылі слаўную традыцыю. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што ва ўстанове адукацыі працуюць таленавітыя педагогі, якія паспяхова рыхтуюць пераможцаў алімпіяд і канферэнцый, а таксама вучняў да ЦЭ. Дасягненні выхаванцаў — вынік штодзённай карпатлівай работы ўсяго педкалектыву.
Хрысціна Пархамук набрала 100 балаў на ЦЭ па рускай і англійскай мовах, а Аліна Хапалюк — па матэматыцы. Акрамя таго, у дзяўчат сярэдні бал атэстата — 10!
Хрысціна спадзяецца, што на ЦТ па гісторыі Беларусі ў яе будзе не менш за 90 балаў, а Аліна лічыць, што добра падрыхтавалася па фізіцы і таксама атрымае на ЦТ не менш за 90 балаў.
Дзяўчаты вельмі ўдзячны школьным настаўніцам — Раісе Піпко (руская мова і літаратура), Аксане Галавей (англійская мова), Святлане Завадскай (матэматыка), якія дапамаглі паверыць у свае сілы, набыць веды і дасягнуць стабальных вынікаў на ЦЭ.
Класны кіраўнік 11-га «А» класа Аксана Галавей расказвае, што Хрысціна Пархамук і Аліна Хапалюк — не толькі выдатнікі вучобы, але і актывісты класа і школы, надзейныя сябры і дарадцы. Дзяўчаты ўдзельнічалі ў розных школьных мерапрыемствах, дастойна абаранялі гонар Маларытчыны на абласных этапах прадметных алімпіяд. Першая — па рускай і англійскай мовах, другая — па фізіцы і астраноміі. Акрамя таго, Аліна 4 разы праходзіла навучанне ў зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка (архітэктура і дызайн). А яшчэ іх, залатых медалістаў, урачыста ўганаруюць падчас раённага выпускнога «У добры шлях, выпускнік-2025!», дзе яны атрымаюць медалі з рук старшыні райвыканкама Аляксандра Каржа.
Хрысціну Пархамук і Аліну Хапалюк аб’ядноўвае і тое, што яны з адзнакай закончылі выяўленчае аддзяленне Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. У вольны час дзяўчаты любяць маляваць. Пераважная тэматыка іх жывапісных работ — краявіды малой радзімы. Дзяўчаты з задавальненнем чытаюць мастацкія творы. Аліна любіць беларускую і рускую класічную літаратуру, а Хрысціна чытае творы ў арыгінале на англійскай мове.
Хрысціна плануе паступаць у МДЛУ, дзе хоча набыць прафесію перакладчыка англійскай і кітайскай моў, а таксама дасканала вывучыць яшчэ і італьянскую. Аліна бачыць сябе архітэктарам ці дызайнерам, таму будзе падаваць дакументы на архітэктурны факультэт БНТУ.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара





