Як натхніць калектыў музейнай справай — размова з дырэктарам Клясціцкай школы Таццянай Мельман

- 9:00Главная, Образование

«Мне па жыцці шанцуе на каманду аднадумцаў. Важна, што мае намеснікі заўсёды былі людзі працавітыя, цягавітыя, надзейныя», адзначыла ў размове з карэспандэнтам  «Настаўніцкай газеты» дырэктар Клясціцкай сярэдняй школы імя У.А.Хамчаноўскага Расонскага раёна Таццяна Мельман.

— Вы прынялі дырэктарскую пасаду ў маладым узросце. Не страшна было?

— Шчыра прызнацца, страшна. Бо гэта мая родная школа — такая адказнасць на плечы! Але не перастану паўтараць, колькі буду жыць: я бясконца ўдзячна сваім настаўнікам, якія мяне вучылі, потым цёпла сустрэлі ў педагагічным калектыве і падтрымалі на старце кіраўніцкай дзейнасці. Пасля заканчэння Віцебскага педінстытута імя С.М.Кірава (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава) мяне накіравалі працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Расонскі раён. Праз год пайшла ў дэкрэт, а ў няпоўныя 30 гадоў узначаліла школу, дзе раней да выпускнога класа вучылася.

— Да чаго імкнуліся ў першую чаргу?

— Клясціцкая школа заўсёды, і ў час маёй вучобы таксама, мела выразнае аблічча, моцны прыгожы голас, што часта задаваў тон установам адукацыі раёна. Аднак у сумна вядомыя 90-я гады, калі я прыйшла, той голас гучаў прыглушана. У ім чуліся разгубле­насць, крыўда, нават расчараванне — паўкроку да абыякавасці, за якой — бездань. Пасля прызначэння ў вачах большасці калег-дырэктараў я бачыла спачуванне. Мне хацелася гэта змя­ніць, каб твар маёй школы зноў стаў светлым. Першыя два-тры гады свайго дырэктарства толькі і чула: вось у Клясціцах тое не так, гэта не гэтак. Хаця ў маіх вучняў, дарэчы, якраз былі тады добрыя вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе па прадмеце. У пэўны момант набалела. Сабрала калектыў, прашу: “Чаму ў кагосьці атрымліваецца, а ў нас не? Няўжо мы горшыя?! Трэба падумаць пра тое, што мы можам разам. А найперш — што можа кожны з нас, каб выпра­віць становішча!” Неяк скранулася з месца. Мы пачалі рухацца, гэта давала плён. Тут неабходна да­даць: мне па жыцці шанцуе на каманду аднадумцаў. Важна, што мае намеснікі заўсёды былі лю­дзі працавітыя, цягавітыя, надзейныя. Напачатку я абапіралася на іх веды і вопыт. З часам вырасла, стала поруч дастойная змена.

Музей народнай славы — яркая візітная картка Расоншчыны. Падзеі, што адбываліся ў ваколіцах Клясціц, увайшлі ў гісторыю ратнага подзвігу абаронцаў Айчыны. У 1812 годзе непадалёк адбылася знакамітая бітва, калі рускае войска спыніла французаў, якія рваліся да Пецярбурга. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся адзін з цэнтраў партызанскай барацьбы з фашыстамі.

— Вырасла ці выгадавалі?

— У адукацыі надзвычай важнае значэнне мае пераемнасць. Раскажу на ўласным прыкла­дзе. Агеньчык цікавасці да будучай прафесіі ўва мне запаліла мая першая настаўніца Кацярына Міхайлаўна Фёдарава. Яшчэ больш ён разгарэўся на ўроках роднай мовы і літаратуры, якія вяла Вольга Васільеўна Мацвеева. Нізкі паклон Галіне Пятроўне Шліхто — выпускніцы нашай школы, якая ў мае школьныя гады працавала піянерважатай, а пасля працяглы час настаўнічала: я многаму ў яе навучылася. Велізарны дзякуй выкладчыкам з інстытута і асабіста Анатолю Мікалаевічу Канапельку: гэта быў таленавіты педагог, цудоўны паэт, сонечна шчодрай душы чалавек. Крыху вярнуся да сказанага, але нельга ў гэтай знітаванасці лёсаў не ўзгадаць маіх завучаў. Так, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Галіну Міхайлаўну Кузьміну ўспамінаю з павагай і ўдзячнасцю. А сённяшнюю школу проста немагчыма ўявіць без майго намесніка па выхаваўчай рабоце Алены Уладзіміраўны Буланавай! Цяперашні намеснік па вучэбнай рабоце Вікторыя Мікалаеўна Белавусава вучылася ў мяне. Пасля заканчэння нашай школы яна выбрала спецыяль­насць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Прычым заўсёды пад­крэслівае, што рашэнне прымала, натхнёная маімі ўрокамі: для кожнага педагога гонар пачуць падобнае ад вучаніцы.

— Калі вы ўзяліся за развіццё музейнай справы?

— Музейная зала ў школе адкрылася ў 1975 годзе па ініцыятыве дырэктара Дзмітрыя Фёдаравіча Кузякова. Мы прывыклі па праве ганарыцца сваім музеем, з задавальненнем паказвалі яго гасцям. Але зноў жа — калі не шукаць новае і цікавае, то аднойчы рызыкуеш атрымаць цэбар халоднай вады на галаву. У 2005 годзе школу наведаў тагачасны старшыня Расонскага райвыканкама Пётр Мяфодзьевіч Пяткевіч, пабыў у нашым музеі і водгукам літаральна яго разбамбіў: “Экспанатаў і матэрыялаў багата, толькі глядзець тут у вас пакуль няма чаго”. Я плакала цэлыя суткі. Аднак гэта быў моцны штуршок да развіцця. Бо кіраўнік крытыкаваў, але і параду даў слушную: “Зрабіце так, каб у вас было нешта сваё, непаўторнае. Скажам, цэлую залу, прысвечаную Айчыннай вайне 1812 года. Такога нідзе ў вобласці няма, дакладна”.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Уладзіміраўна Буланава з навучэнкай

— Скарысталіся прапановай?

— Мне пашчасціла на сапраўднага энтузіяста ў калектыве, аматара і знаўцу гісторыі роднага краю, якім быў наш настаўнік геаграфіі Міхаіл Мікалаевіч Собін. На такіх людзях усё трымаецца. Таму што, здаецца, няма з чаго, а ты гэта робіш і натхняеш іншых, бо хочаш стварыць. Калі так, то рэсурсы знаходзяцца. Многае мы з педагогамі і вучнямі зрабілі сваімі рукамі, дапамог з фінансаваннем раённы аддзел адукацыі, з афармленнем — ВДУ імя П.М.Машэрава. У 2007 годзе адкрылі новую залу! Як потым высветлілася, падобнага школьнага музея не было нідзе ў Беларусі. Унікальнасць прываб­лівае, да нас пачалі прыязджаць з іншых раёнаў і абласцей, замежжа. Завязаліся перспектыўныя сувязі. Чарговыя госці з Расіі паглядзелі музей, ім спадабалася, і яны запрасілі нас да сябе на гістарычную рэканструкцыю. Праз год нашы вучні з педагогамі ўпершыню выехалі ў Малаяраславец, пасля цеснае партнёрства ў гэтым напрамку ўсталявалася з Санкт-Пецярбургам. Што зна­чыць для вясковых дзяцей магчы­масць пабачыць свет, наколькі падобныя кантакты важныя для станаўлення асобы і сацыялізацыі вучня, прафесійнага росту настаўніка, прэстыжу і развіцця ўстановы адукацыі — гаварыць, напэўна, лішне.

— Што было наступным крокам?

— Адкрыццё залы, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Яна пакінула незагойныя раны на нашай зямлі, у лёсе кожнай сям’і. У школе сабралася нямала экспанатаў, даследчых матэрыялаў. З чатырох Ге­рояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Расоншчыны — трое з’яўляюцца выпускнікамі нашай школы. Імя аднаго з іх, падпольшчыка і партызана Уладзіміра Антонавіча Хамчаноўскага, прысвое­на ўстанове адукацыі. Пра подзвігі Аляксанд­ра Кірылавіча Шэлепеня, Сцяпана Іванавіча Жукава, многіх іншых нашых землякоў расказваюць музейныя экспазіцыі. Як і пра жудасныя злачынствы акупантаў і іх памагатых, генацыд беларускага народа. Наколькі тэма неабыякавая для людзей, сведчыць масавая падтрымка нашай ініцыятывы. Да пачынання педагогаў і вучняў далучыліся бацькі, аднавяскоўцы. Напрыклад, сродкі на выраб вітрын, набыццё банарных карцін выдзеліў мясцовы прадпрымальнік Анатоль Мікалаевіч Барадулькін, дзеці якога таксама ў нас некалі вучыліся. ­Летам 2012 года другая музейная зала расчыніла дзверы. 

— А як з’явілася трэцяя?

—  У мяне даўно выспявала ідэя стварыць этнаграфічную залу, каб атрымаўся цэласны музейны комплекс. Нам, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі, цяжэй было збі­раць старадаўнія экспанаты, бо на тэрыторыі Клясціцкага сельсавета ацалела ад агню толькі вёска Валатоўкі, астатнія практычна поўнасцю былі знішчаны фашысцкімі нелюдзямі. Памяць пра сем спаленых навакольных вёсак увекавечана ў Хатыні. Таму ў музеі побач з мясцовымі экспанатамі — тыя, якія ўдалося знайсці ў суседніх раё­нах. Штосьці мы дадалі з нашай сямейнай скарбніцы. Колькі помню, мая маці Валянціна Іосіфаўна збірала непатрэбныя маладым гаспадарам старадаўнія збаночкі, хатнія прылады, ручнікі — разумела іх каштоўнасць. Старалася зберагчы, запомніць звязаныя з кожным прадметам гісторыі і мне тое ж імкненне перадала. Якраз у новай музейнай зале ўсё прызапашанае спатрэбілася. Калі вызначылі памяшканне, кінулі кліч па бацьках — далучайцеся!

Сімвалічна, што этнаграфічная зала адкрыта ў Год малой радзімы.

— Мясцовыя жыхары адгукнуліся?

— Мы самі не чакалі, што яны будуць настолькі актыўнымі. Нам падарылі, напрыклад, жорны — іх узрост нават вызначыць складана. Цяпер вучні і наведвальнікі музея могуць насыпаць у іх зерне, змалоць муку, паглядзець, якая атрымалася, адчуць гэтую сялянскую працу. Ці яскравы эпізод, тэлефонны званок ад вяскоўца: “Разбіраю стары дом, знайшоў саху. Шкада выкінуць, можна да вас у школу прыцягну, дзецям пакажаце?” Стары куфар прыкмецілі ў вёсцы Якубава, угаварылі бабулю-гаспадыню перадаць школе каштоўны рарытэт, якому больш за 100 гадоў. Самаробныя драўляныя шафу, стол, лаўку я выпадкова ўбачыла ў пустым доме, што рыхтавалі да зносу — перавезлі ў музей. Спраўдзілася і мая даўняя мара пра рабочыя кросны. Іх адшукала наша зямлячка Антаніна Антонаўна Свірыдава аж у Дзісне, падарыла школе. Потым Антаніна Антонаўна прывезла ў школу другі шыкоўны падарунак, батлейку. Толькі за мінулы год настаўніца працоўнага навучання Алена Аляксандраўна Пэк — яна ўзялася курыраваць гэтую справу — з вучнямі падрыхтавалі два цікавыя батлеечныя спектаклі.

Таццяна Віктараўна Мельман — выдатнік адукацыі Рэс­публікі Беларусь, лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”, пераможца XIII Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2020” у намінацыі “Паспяховы кіраўнік”. Узначальвае раённае аддзяленне беларускай партыі “Белая Русь”.

— Станаўленне музея паўплывала на іншыя напрамкі дзейнасці школы? 

— Музей пастаянна задзейнічаны ў адукацыйным працэсе. Нашы юныя даследчыкі паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, канферэнцыях. На іх раўняюцца равеснікі, разам з настаўнікамі рыхтуюцца і дасягаюць дастаткова высокіх вынікаў па сваіх прадметных напрамках, у грамадскай дзейнасці. Усё ўзаемазвязана. Калі мы выбралі сваім асноўным напрамкам грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, то ў краязнаўстве не пайшлі выключна гістарычным шляхам. Заняліся ў тым ліку экалагічным краязнаўствам. Пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі ­Тамары Васільеўны Протас і майго намесніка Алены Уладзіміраўны Буланавай вучні ўзяліся за даследаванні стану ракі Нішча, мясцовых экалагічных сістэм, ажыццявілі мноства адметных праектаў. Мы ўступілі ў супольнасць “зялёных школ”. З нядаўняга часу ўдзельнічаем у буйным міжнародным праек­це “Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту”.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара