Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з бібліятэкарам сярэдняй школы № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі Людмілай Валадзько пра асаблівасці фарміравання ў сённяшняга “пакалення гаджэтаў” любові да кнігі.

А як жа кніга?
Якія толькі мерапрыемствы не праводзяцца сёння ў школьных бібліятэках: віктарыны, квесты, гульні, творчыя спаборніцтвы! Разам з бібліятэкарамі вучні збіраюць пазлы, разгадваюць крыжаванкі, праглядаюць мультфільмы і нават ствараюць макеты помнікаў архітэктуры.
Усё гэта, безумоўна, добра. Дзеці заняты карыснымі справамі, развіваюцца, інтэлектуальна ўзбагачаюцца. Больш за тое, яны ведаюць, што ў школьнай бібліятэцы не бывае сумна, таму спяшаюцца сюды падчас перапынкаў і пасля ўрокаў. Вось толькі з якой мэтай? Каб пагуляць? А як жа кніга? Ці не забываем мы за чарадой захапляльных мерапрыемстваў пра першаснае і самае важнае прызначэнне бібліятэкі — ператварыць яе наведвальніка ў актыўнага чытача?
Некаторыя бібліятэкары запярэчаць, маўляў, сёння дзяцей цяжка адарваць ад гаджэтаў, зацікавіць чытаннем літаратуры. На гэтым няпростым шляху трэба карыстацца рознымі сродкамі. Таму нічога дрэннага няма ў тым, калі дзіця прыйдзе ў бібліятэку, пагуляе разам з аднакласнікамі сярод стэлажоў з кнігамі — глядзіш, паступова і сфарміруецца цікавасць да мастацкага слова, якая перарасце ў палымяную любоў.
Меркаванне слушнае, але ёсць небяспека, што такая цікавасць не сфарміруецца, а бібліятэку дзеці будуць успрымаць выключна як гульнявы пакой. Каб гэтага не адбылося, Людміла Аркадзьеўна Валадзько прытрымліваецца правіла залатой сярэдзіны: забаўляльныя мерапрыемствы сумяшчае з класічнымі выставамі кніг з нагоды памятных дат і дзяржаўных свят, літаратурнымі імпрэзамі, падарожжамі па кніжных старонках, абмеркаваннем твораў з вучнямі за круглым сталом.
Чытаць уголас
За круглым сталом мы і пагутарылі з Людмілай Аркадзьеўнай пра асаблівасці фарміравання ў сённяшняга “пакалення гаджэтаў” любові да кнігі.
— Добра памятаю свае школьныя гады. У бібліятэцы не праціснуцца. Дзеці пастаянна ішлі па кнігу. Да таго ж у старым будынку нашай школы, дзе я вучылася, яшчэ і бібліятэчны пакой быў зусім маленькі, таму чарга выстройвалася ў калідоры, — узгадала Любоў Аркадзьеўна. — Не скажу, што маё пакаленне масава чытала кнігу, былі розныя дзеці, з рознымі захапленнямі, інтарэсамі, але большасць аднакласнікаў, у тым ліку і я, акрамя праграмнай літаратуры, абавязкова бралі дадому творы для пазакласнага чытання. Настаўніку не трэба было нагадваць. Цяпер жа як многія робяць: хуценька праглядзяць у смартфоне кароткі змест — і лічаць, што засвоілі твор. Сесці за кнігу, не спяшаючыся прачытаць яе, — на гэта ў многіх дзяцей не хапае ні часу, ні ўседлівасці.
Я таксама шмат брала кніг для пазакласнага чытання. У дзіцячай бібліятэцы ў мяне нават быў фармуляр з наклееным сабачкам. Што зробіш, вельмі любіла творы пра жывёл, асабліва пра сабак. (Усміхаецца.) А калі сачыненне пісалі, колькі крытычнай літаратуры перачытвалі! Дзесьці і спісвалі, што тут утойвайць. Кавалачак з адной кнігі возьмем, некалькі сказаў з іншай. Табе здаецца, што сачыненне атрымалася цудоўным, а настаўніца падкрэсліць спісанае чырвоным стрыжнем і нават напіша на палях, з якой кнігі і на якой старонцы ўзяты тэкст.
За такую прынцыповасць у ацэнцы ведаў Людміла Аркадзьеўна толькі ўдзячна сваім настаўнікам-філолагам Веры Валер’еўне Ягоравай і Паліне Арсенцьеўне Ільінец. Менавіта яны сваёй строгасцю заахвоцілі будучую калегу самастойна пісаць сачыненні. Дзякуючы ім мая суразмоўніца і палюбіла класічную літаратуру.
— Роля настаўніка ў фарміраванні любові да кнігі вялікая, але самая галоўная належыць бацькам. Для мяне яркі прыклад — тата. Ён скончыў толькі 7 класаў, працаваў звычайным калгаснікам, але столькі кніг перачытаў, што нават я са сваёй філалагічнай адукацый не змагла адолець такі аб’ём літаратуры. Ён мог усю ноч правесці з любімай кнігай, а раніцай, як заўсёды, пайсці на работу. Для мяне і цяпер загадка, адкуль у яго была такая прага да чытання, — адзначыла Людміла Аркадзьеўна.
Самымі яркімі ўспамінамі дзяцінства з’яўляюцца моманты, калі сядала побач з татам на канапе і ён уголас чытаў кнігі.
— Сёння гэтая традыцыя, на жаль, не такая папулярная ў маладых сем’ях. І шкада, бо менавіта сумеснае чытанне ўголас разам з бацькамі эфектыўна фарміруе ў дзяцей любоў да кнігі. Дашкольны, малодшы школьны ўзрост — найлепшы для гэтага час. Потым зацікавіць дзяцей чытаннем вельмі цяжка. Калі прыходжу запісваць першакласнікаў у бібліятэку, абавязкова праводжу невялікае апытанне. Спачатку прашу падняць рукі тых, у каго дома ёсць бібліятэка. Паднімае прыкладна палова класа. Потым пытаюся, каму бацькі чытаюць уголас кнігі. Узнятымі застаюцца толькі некалькі рук, — падзялілася Людміла Аркадзьеўна.
На яе думку, чытанне ўголас — адзін з сакрэтаў наладжвання даверлівых адносін паміж бацькамі і дзецьмі. Усе сумесныя справы збліжаюць, робяць сем’і больш моцнымі, а чытанне ўголас асабліва.
— Пра гэтае правіла многія маладыя бацькі, на жаль, забываюць, — адзначыла суразмоўніца. — Тады настаўнікі павінны памятаць і зачытваць творы ўголас на ўроках не толькі ў малодшых, але і ў старшых класах.
Спачатку ўседлівасць

Якая галоўная рыса характару дапамагае дзіцяці палюбіць чытанне? Людміла Аркадзьеўна лічыць, што ўседлівасць.
— Многія дзеці сёння ёй не валодаюць. Адмоўную ролю тут адыгрываюць гаджэты, у першую чаргу кароткія відэа. Хуткая змена карцінкі, сюжэта негатыўна ўздзейнічае на дзіцячую псіхіку, дашкольнікі і школьнікі перанасычаны эмоцыямі. Я неяк уключала вучням пачатковых класаў старыя савецкія мульцікі, дык яны проста не змаглі іх да канца даглядзець, бо доўжацца мультфільмы мінут 20—30, сюжэт развіваецца вельмі павольна ў параўнанні з рылсамі або шортсамі, — паведаміла бібліятэкар.
Таму для фарміравання цікавасці да чытання ў першую чаргу варта сфарміраваць уседлівасць. Рабіць гэта можна праз далучэнне да спраў, якія дзецям падабаюцца: запісаць у гурток па маляванні, вышыўцы, каб хлопчык або дзяўчынка былі заняты нейкай аднастайнай, але цікавай для іх справай. І, безумоўна, абмяжоўваць у праглядзе кароткіх відэаролікаў. Тады вынік абавязкова будзе.
У нашым мітуслівым жыцці так важна знайсці час, каб у цішыні, спакоі пабыць сам-насам з любімай кнігай.
— У мінулым годзе прыходзяць да мяне старшакласнікі і пытаюцца пра кнігу аднаго папулярнага аўтара. Я адказваю, што такой у нашай бібліятэцы няма, паспрабуйце пашукаць у інтэрнэце. Адказам была ўражана: “А вы ведаеце, як гэта прыемна ўзяць у рукі папяровую кнігу, перагарнуць старонку, не спяшаючыся чытаць, унікаючы ў змест”. Калі так гаворыць моладзь, значыць, папяровая кніга будзе жыць, — падзялілася Людміла Аркадзьеўна.
Сапраўды, чытанне папяровай кнігі дазваляе паглыбіцца ў змест твора, развівае зрокавую памяць, а яшчэ вучыць канцэнтравацца, пераключацца з бясконцага патоку інфармацыі на важныя рэчы.
Сваю ролю адыгрывае і той факт, спадабаўся канкрэтны твор дзіцяці або не. Тут многае залежыць ад узросту юнага чытача, правільна рэкамендаванай яму літаратуры. Не спадабацца можа па некалькіх прычынах. Сярод галоўных — гістарычны кантэкст. Гэта часцей адносіцца да твораў, у якіх падзеі разгортваюцца ў мінулыя стагоддзі. Здараюцца непаразуменні і па іншых прычынах.
— У тым жа рамане “Людзі на балоце” мы з аднакласнікамі не маглі зразумець некаторыя паводзіны герояў, бо нам банальна не хапала жыццёвага вопыту. Таму настаўнік абавязкова павінен тлумачыць гэтыя нюансы вучням. Дарэчы, некаторыя эпізоды аднайменнага фільма Віктара Турава 1981 года здымаліся ў Бешанковічах. Калі працавала настаўніцай і расказвала дзецям пра гэтыя факты, яны тут жа цікавіліся, на якой старонцы кнігі апісваюцца паказаныя ў фільме падзеі. Такім чынам таксама фарміруецца любоў да літаратуры, — лічыць Людміла Аркадзьеўна.
Вучням падабаецца класічная літаратура, але больш за ўсё — сучасная прыгодніцкая. У нашым дзяцінстве гэта былі “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра, сёння — фэнтэзі самых розных аўтараў, сярод якіх нямала і беларускіх. Было б добра, каб такая літаратура актыўней паступала ў школьныя бібліятэкі.
Уласны прыклад
Можна шукаць тысячы прычын, чаму сучасныя дзеці не так актыўна, як нам бы хацелася, чытаюць папяровыя кнігі: абвінавачваць сацыяльныя сеткі з іх рылсамі і шортсамі, спасылацца на дзіцячую няўседлівасць, шырокую даступнасць кароткага зместу твораў. А можна задаць шчырае пытанне самому сабе: што ты як бацька або як настаўнік зрабіў для выпраўлення такой сітуацыі?
Ці многія з нас пасля напружанага працоўнага дня, вярнуўшыся дадому, адкладваюць убок смартфон, адключаюць тэлевізар, камп’ютар, уключаюць бра, дастаюць з шафы любімую кнігу і ў цішыні, спакоі пачынаюць чытаць дзецям уголас казку альбо проста чытаць сам сабе, паказваючы прыклад карыснага правядзення вольнага часу?
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





