Каштоўнасць простых рэчаў умеюць павышаць ва Ушацкім цэнтры дзяцей і моладзі, які адзначыў у мінулым годзе 55-гадовы юбілей. У ліку майстрых-чараўніц, якія дзеляцца з юнымі творцамі сакрэтамі майстэрства, — кіраўнік узорнай студыі “Залатая саломка” педагог Ганна Бабянок. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З нацыянальным каларытам
Як жа салома становіцца золатам, прычым без аніякай магіі? Сілай розуму тое творыцца — ва ўмелых руках, узброеных уменнем, асветленых талентам. Яшчэ варта прыўнесці ў тое, што робіш, пачуццё прыгожага, падключыць уяўленне, увасобіць задуму ў рэальнасць ды папрасіць Усявышняга паспрыяць у рабоце. Раней таму, хто працуе, казалі: “Дапамагай Бог!” Ніводнай справы не распачыналі, не памаліўшыся. У адным з вядомых твораў Аляксандра Пушкіна тое зафіксавана: “Помолясь усердно Богу, // Отправляется в дорогу”.
Настройвае штораз на работу сваіх выхаванцаў і Ганна Бабянок, бо кожны ж прыходзіць на заняткі з нейкай сваёй “ноткай настрою”, а ў рабоце з далікатнай саломкай патрэбны суладдзе, гармонія, асабліва калі юныя майстры робяць нешта разам, а не кожны паасобку. Навічкі ж асвойваюць азы майстэрства. Кіраўнік студыі расказвае і паказвае, якая саломка прыдатная для работы, вучыць ствараць самыя простыя элементы, напрыклад, пялёстак, жучка ці зубатку (так называецца плеценая коска ў выглядзе зубочкаў). З яе, дарэчы, майстры здаўна выкладваюць спіраллю і сшываюць саламяныя брылі розных памераў.
Ганна Аляксандраўна родам з Мазыра, карані роду па лініі бацькі — з Палесся, з Хойніцкага раёна.
“Мы да 1986-га жылі ў Мазыры, а пасля чарнобыльскай аварыі сям’я пераехала ў Сенненскі раён Віцебшчыны: у Канстантова, — расказвае педагог. — І ў мяне ёсць тры малыя радзімы: Гомельшчына, Сенненшчына і Ушачы”.
Ганна Аляксандраўна паспрабавала “нешта зрабіць з саломкі”, калі была ў 10 класе. І рамяство дзяўчыну захапіла, яна пачала паглыбляцца ў яго — па кнігах, якія брала ў бібліятэцы. Ужо ў 11 класе Ганна вырашыла весці гурток у Канстантоўскай школе. Тады ж упершыню адчула: педагогіка — яе прызванне.
З Беларусі па ўсім свеце
Ганна Бабянок, расказваючы пра свой шлях да майстэрства, заўважае, што ў Беларусі традыцыі саломапляцення найбольш распаўсюджаныя. А я прыгадваю, як і ў Ашхабадзе сустракаў настаўніцу біялогіі, якая займалася саломкай і хацела б з нашымі майстрамі сябраваць. Ганна ўсміхаецца: “Свет вялікі — усё бывае… Беларусы шмат дзе жывуць, ад нас і навучыліся там людзі з саломкай працаваць”.
Яна прывяла ў прыклад майстрыху з Падмаскоўя Ларысу Гуржый, якая займаецца саломапляценнем і праводзіць у інтэрнэце майстар-класы, а родам з Магілёўскай вобласці. Сапраўды, на персанальным сайце зямлячка з удзячнасцю згадвае кнігу культуролага Вольгі Лабачэўскай “Плетение из соломки”, па якой і асвойвала майстэрства.
Юныя майстры з узорнай студыі “Залатая саломка” самі змайстравалі гэтыя музычныя інструменты
Што да Ганны Аляксандраўны, то, каб стаць педагогам, па мэтавым накіраванні яна вучылася ва ўніверсітэце ў Віцебску: асвойвала дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, набыла спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Год адпрацавала ў Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі, займалася і саломкай, і бісерапляценнем. А калі выйшла замуж, пераехала ва Ушачы і пачала працаваць там у цэнтры дзяцей і моладзі.
“Звычайна вяду па тры групы: чалавек па 8, 10, 12 — усіх пад 30. І не толькі заняткі па саломцы праводжу, займаюся з дзецьмі і вышыўкай, вязаннем, бяростай. Праводжу майстар-класы, паказваю паэтапна, як з кавалка бярозавай кары зрабіць сувенір. Працую з дзецьмі з паловы другой гадзіны да паловы восьмай”.
Саломку належнай якасці майстрам даводзіцца самім здабываць. Таму Ганна Бабянок, маючы поле ў вёсцы, частку яго засявае жытам. І суседзі ў яе цудоўныя: таксама жыта сеюць, саломы ім не шкада. Бывае, і з іншых месцаў сыравіны для работы перападае: вучні, сябры, знаёмыя прыносяць. У трох месцах і захоўвае запасы: у вясковай хаце, кватэры, цэнтры. Тут многа нюансаў. Напрыклад, “галодныя мышы могуць нарабіць шкоды, папсаваць матэрыял”. І не ўвесь ён да справы прыдатны. У адной з рэкамендацый па вырабе жаночага капялюшыка чытаем: “Браць трэба верхняе каленца пшаніцы альбо другое жыта”. Бач ты, амаль як у музыцы з ладамі ды актавамі…
Майстэрства, якім валодае Ганна Бабянок, найвышэйшай пробы. Пра гэта сведчыць атрыманне студыяй “Залатая саломка” ў 2019 годзе звання ўзорнай, пацверджанага ў 2022-м.
Як мы памятаем, намінацыя “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” летась была ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Беларускія вырабы з саломкі не маюць аналагаў у свеце. Гэта, як пісалі нашы спецыялісты ў заяўцы, “адна з найбольш нацыянальна адметных форм выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў”. І дзякуючы такім людзям, як мая суразмоўніца, гэтае рамяство стала масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Выраз “беларуская саломка” гучыць як нацыянальны брэнд. У цяперашні час у 85 (!) рэгіёнах краіны зберагаюць традыцыі саломапляцення больш за 200 майстроў, кожны дзясяты з іх — народны майстар Беларусі.
Што да Ганны Бабянок, то ў яе ёсць вышэйшая катэгорыя і яна думае ўступіць у Саюз народных майстроў. Спадзяёмся, у новым годзе ёй гэта ўдасца. І, магчыма, падказка, якую зрабіла “Залатой саломцы” напярэдадні Новага года “Настаўніцкая газета”, паспрыяе здзяйсненню такога жадання.
Сава для Вялікага тэатра
Мая камандзіроўка на Ушаччыну праходзіла напрыканцы лістапада, і я нагадаў Ганне Бабянок пра штогадовы конкурс “Навагодняя тэатральная цацка”, які ладзіць Вялікі тэатр Беларусі. Прапанаваў юным ушацкім саломапляцельшчыкам у ім паўдзельнічаць. І яны зрабілі прыгожую саву, аздобленую саламянымі карункамі. Перадалі цацку ў тэатр, дзе аргкамітэт адабраў фіналістаў.
У 2023 годзе на конкурс у Вялікі тэатр была дастаўлена рэкордная колькасць цацак — звыш 200. І сава з Ушач “заляцела” ў фінал!
А потым кампэтентнае журы з ліку тэатральных мастакоў, дызайнераў, мадэльераў і артыстаў вызначала пераможцаў…
Саву майстравалі пад кіраўніцтвам Ганны Бабянок ва ўзорнай студыі “Залатая саломка” яе выхаванкі Вікторыя Шарлай, Паліна Крупеня і Настасся Сабан. Увогуле, для студыйцаў розныя творчыя спаборніцтвы — звычайная справа. У пачатку снежня, напрыклад, дзяўчынкі з Ушач у Віцебску на фларыстычным конкурсе занялі 3-е месца.
“Я сама і сані фларыстычныя зрабіла для паўнаты кампазіцыі, бо ёсць у нас саламяныя конікі: большы і меншы, — удакладніла майстрыха. — Конкурсныя работы вельмі працаёмкія, як і тэматычныя праекты. Летась мы рабілі саламяныя музычныя інструменты: цымбалы, ліру, скрыпку — і ёсць каркас гармоніка, будзем аплятаць. Ідэй вельмі шмат, усе ўвасобіць часу не хапае, таму штосьці задумваем, нешта робім, да таго ж з літаратурай працуем, павышаем кваліфікацыю”.
Звычайная справа для студыйцаў і работа на заказ. Саламяныя вяночкі з кветкамі на галовы артыстак мясцовага Дома культуры, фотарамкі, шкатулкі — яны многае ўмеюць.
“Часам дасылаем нешта на конкурсы, і калі там работы “не прайшлі”, то яны вяртаюцца, мы іх зберагаем і таксама аддаём на сувеніры. Ці прадаём: у нас ёсць і платныя паслугі. Для тых, хто хоча мець эксклюзіў, робім нешта на заказ. Многае з таго, што ствараем, разыходзіцца па выставах, музеях Беларусі, трапляе і за мяжу. Толькі радуемся гэтаму, бо такім чынам сваёй творчасцю мы праслаўляем Бацькаўшчыну, прымнажаем прыгажосць у свеце”, — пераканана Ганна Аляксандраўна.
За працу ёсць і пашана: дыпломы, граматы конкурсаў. Штогод на абласную навагоднюю ёлку ў Віцебск запрашаюць і выхаванцаў Ганны Бабянок: таксама своеасаблівая ўзнагарода за іх творчую працу. Калі вясной ва Ушачах праводзіцца штогадовае раённае свята “Сузор’е надзей”, то ў намінацыі “Зоркі творчасці” грашовымі прэміямі адзначаюць поспехі юных майстроў. Дарэчы, у 2020-м былі адзначаны дзве Дар’і — выхаванкі Ганны Аляксандраўны з падобнымі прозвішчамі: Бабянок і Бабенка. Першая з іх — дачка майстрыхі.
Амаль за 20 гадоў работы з дзецьмі Ганна Бабянок прывіла любоў да творчай, удумлівай ручной працы сотням выхаванцаў. Некаторыя з іх выбралі творчыя прафесіі.
Напрыклад, Ксенія Бабаедава ў студыі займалася саломкай, бісерапляценнем, потым вучылася ў БНТУ на архітэктара і паспяхова працуе ў сталіцы дызайнерам інтэр’ераў. Настаўнікі, работнікі культуры, цырульнікі, інжынеры… Усім, лічыць майстрыха, валоданне нацыянальным рамяством толькі на карысць: “Што ты ўмееш рукамі — на ўсё жыццё табе ў дапамогу”.
І зноў пра саламяную саву. Перад тым як цацка трапіла на святочны баль у Вялікі тэатр, разам з ёй аўтары-стваральнікі па нашай просьбе сфатаграфаваліся. Каркас яны змайстравалі з пап’е-машэ, потым упрыгожылі саву пляцёнкамі розных відаў. Журы ацаніла старанне юных ушацкіх майстроў: ім прысуджаны спецыяльны прыз “За нацыянальны каларыт”.
Віншуем усю творчую каманду!
Р.S. Калі тэкст ужо быў напісаны, я ўспомніў пра пажаданне Ганны Бабянок. Падчас гутаркі яна згадала сваіх настаўнікаў і папрасіла ў гэтай публікацыі перадаць вялікую ўдзячнасць усім педагогам з яе вёскі, з былой Канстантоўскай сярэдняй школы Сенненскага раёна, якой цяпер ужо не існуе: “Гэтая школа, гэтыя дзівосныя, самаадданыя, творчыя людзі заўсёды з намі, ва ўдзячнай памяці выпускнікоў. Дзякуй вам, дарагія! З Новым годам!”
Іван ЖДАНОВІЧ