Як развіваць эмацыянальны інтэлект у дзяцей з АНМ: метады і падыходы

- 15:30Новости, Психолог в школе

Апошнім часам назіраецца значны рост дзяцей дашкольнага ўзросту, якія маюць парушэнні маўлення, у прыватнасці агульнае недаразвіццё маўлення (АНМ).

Пад агульным недаразвіццём маўлення разумеюць маўленчыя расстройствы, у выніку якіх парушана развіццё ўсіх кампанентаў маўленчай сістэмы, якія адносяцца да яе сэнсавага і гукавага боку, пры захаваным інтэлекце і слыху. У выніку недаразвіцця маўлення дзіця апынаецца ва ўмовах сацыяльнай дэпрывацыі, з-за чаго засваенне сацыяльнага вопыту праходзіць з цяжкасцямі, спецыфічным шляхам адбываецца засваенне эмацыянальнага слоўніка.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Для дзяцей дашкольнага ўзросту з АНМ асаблівае значэнне мае фарміраванне эмацыянальнага інтэлекту. Для дзяцей гэтай катэгорыі характэрны наступныя асаблівасці: недастатко­васць слоўнікавага запасу; аграматычная пабудова сказа; недахопы ў перадачы эмацыянальна-сэнсавага выказвання; праяўленні гіпаміміі (зніжэнне адвольных і міжвольных рухаў мускулатуры твару, што стварае ўражанне адсутнасці цікавасці да навакольнага асяроддзя), якія выяўляюцца ў цяжкасцях перадачы на твары эмацыянальных станаў.

Дзеці з АНМ маюць цяжкасці ва ўжыванні сінонімаў і антонімаў; канкрэтныя словы-азначэнні замяняюць больш шырокімі і агульнаўжывальнымі словамі (вясёлая, добрая, ласкавая — добрая); могуць замяняць назвы прымет назвамі дзеянняў і наадварот (спалоханая — спалохалася). Дзеці з маўленчымі парушэннямі карыстаюцца ў асноўным агульнавядомымі, найбольш распаўсюджанымі словамі і выразамі. Эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка выкарыстоўваецца імі даволі выбарачна і фрагментарна, яны з цяжкасцю дыферэнцыруюць і апісваюць эмацыянальныя станы, прычым як свае, так і эмацыянальныя станы герояў літаратурных твораў, карцін. Дзецям з маўленчымі парушэннямі цяжка не толькі мімічнымі сродкамі перадаць страх, здзіўленне, гнеў, але і эмацыянальна адэкватна перадаць сваё выказванне. Іх мова інтанацыйна манатонная і лексічна невыразная.

Развіваць эмацыянальны інтэ­лект неабходна менавіта з да­школьнага ўзросту, паколькі ў гэты час адбываецца станаўленне псіхічных функцый, мяняюцца розныя працэсы. Ступень паспяховасці і эфектыўнасці сацыялізацыі дзіцяці з АНМ шмат у чым залежыць ад своечасовага фарміравання сацыяльных эмоцый, умення разумець эмацыянальныя станы ўдзельнікаў узаемадзеяння і кіраваць сваімі эмоцыямі. Вопыт работы з дзецьмі з АНМ паказвае, што заданні на катэгарызацыю эмацыянальных станаў выклікаюць цяжкасці ў дзяцей з маўленчымі парушэннямі, бо патрабуюць валодання пэўным слоўнікавым запасам для абазначэння эмацыянальных станаў. У выніку абмежаванасці зносін у дзяцей узнікае неразуменне сэнсу, прычын і матываў дзеянняў іншых людзей, а таксама наступстваў іх дзеянняў, іх уплыву на навакольных. Дзеці з АНМ маюць значныя цяжкасці ў дыферэнцыяцыі падобных эмоцый, яны недакладна вызнача­юць эмацыянальны стан сваіх аднагодкаў і навакольных людзей, у іх назіраецца нясталасць сацыяльных эмоцый і прымітыўнасць эмацыянальнага рэагавання.

Эмацыянальны інтэлект уключае ў сябе ўменне распазнаваць і разумець уласныя эмоцыі, кіраваць імі, адаптавацца да эмацыянальных станаў іншых людзей і ствараць эмацыянальныя сувязі з імі.

У дзяцей з АНМ могуць узнікаць пэўныя цяжкасці ў развіцці гэтых навыкаў, паколькі камунікацыя і перадача эмоцый даволі складаныя для іх.

Для развіцця эмацыянальнага інтэлекту ў дзяцей з АНМ мо­гуць быць выкарыстаны наступныя падыходы і метады.

  1. Гульнявая тэрапія. Гульні дазваляюць дзецям вывучаць і разумець эмоцыі, а таксама вучаць іх кіраваць сваімі эмоцыямі. Гульнявая тэрапія дапамагае дзецям наладжваць кантакты з іншымі людзьмі і развіваць сацыяльныя навыкі.
  2. Візуальныя сродкі камунікацыі. Выкарыстанне карцінак, сімвалаў ці піктаграм дапамагае дзецям з АНМ перадаваць свае эмоцыі і разумець эмацыянальныя станы іншых людзей.
  3. Сацыяльныя і ролевыя гульні. Такія гульні дапамагаюць дзецям зразумець эмацыянальны стан іншых людзей і навучыцца рэагаваць на іх адпаведным чынам.
  4. Работа з такімі матэрыяламі, як гліна, фарбы, масажныя шарыкі і інш. Такая дзейнасць дазваляе дзецям перадаваць свае эмоцыі і вучыцца распазнаваць іх праз тактыльныя адчуванні.
  5. Работа з музыкай і рухам. Праяўленне эмоцый праз музыку і рух дапамагае дзецям перадаць і зразумець свае эмоцыі, а таксама навучыцца адаптавацца да розных эмацыянальных станаў.

Эмацыянальнае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту садзейнічае развіццю ўмення і здольнасці чалавека неабыякава глядзець на свет, здольнасці як засмучацца, так і радавацца. Развіццё эмацыянальнай сферы ў дашкольнікаў з АНМ — гэта з’яўленне здольнасці кіраваць эмоцыямі, гэта значыць, адвольнасць паводзін.

Развіццё эмацыянальнага інтэ­лекту ў дзяцей з АНМ патрабуе індывідуальнага падыходу і паслядоўнай работы. Важна памятаць, што кожнае дзіця ўнікальнае і можа мець спецыфічныя патрэбы і асаблівасці.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 161 Мінска,
кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі
Ленінскага раёна сталіцы
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту