Мерапрыемствамі акцыі “Нашы дзеці” гэтым разам было ахоплена больш за 1 млн дзяцей па ўсёй краіне, на яе правядзенне рэгіёнамі прыцягнута больш за Br6,5 млн. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі расказала галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Сёлета ўрачыстае адкрыццё акцыі прайшло ў новым фармаце — у маёнтку беларускага Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”. На свята былі запрошаны 150 дзяцей, — адзначыла Алена Вайцяховіч. — Штогод у акцыі “Нашы дзеці” ўдзельнічаюць вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржаўных арганізацый, банкаў, канцэрнаў, прадпрыемстваў. Сёлета прадстаўнікі больш як 150 рэспубліканскіх арганізацый наведалі розныя аб’екты: дзіцячыя дамы, школы, інтэрнаты, дамы-інтэрнаты для дзяцей з інваліднасцю, дзіцячыя бальніцы, рэабілітацыйныя цэнтры, ЦКРНіР, СПЦ, спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы.
Акцыя “Нашы дзеці” заклікана не толькі павіншаваць дзяцей, але і аказаць садзейнічанне ў вырашэнні важных пытанняў, прыцягнуць увагу грамадства да актуальных праблем. У якасці падарункаў дзеці атрымалі не толькі прысмакі, але і сродкі для навучання, лячэння і развіцця, а таксама для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў.
Цэнтральнай падзеяй акцыі “Нашы дзеці” стала дабрачыннае навагодняе свята 28 снежня ў Палацы Рэспублікі з удзелам кіраўніка дзяржавы. На галоўную ёлку краіны былі запрошаны 2370 дзяцей ва ўзросце 8—14 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У іх лік увайшлі дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, пераможцы міжнародных конкурсаў, алімпіяд, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, а таксама навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце. Сёлета на галоўную ёлку таксама былі запрошаны дзеці з Латвіі, Літвы, Прыморскага краю Расіі, дзеці з сем’яў бежанцаў з Палесціны і іншыя.
Добрай традыцыяй у перыяд акцыі стала адкрыццё дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Так, 18 снежня ў Бешанковіцкім раёне адкрыўся другі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Гэтая сям’я прыме на выхаванне ад 5 да 10 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
У ходзе дабрачыннай акцыі трэці раз адбыўся рэспубліканскі дабрачынны марафон, арганізаваны Мінадукацыі і Міністэрствам аховы здароўя пры падтрымцы Беларускага дзіцячага фонду. У бягучым годзе мэтай збору грошай было набыццё лекавых прэпаратаў для дзяцей з захворваннем нейрабластомай, якія зараз праходзяць лячэнне ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі, імуналогіі. Падчас марафону сабрана Br102 тысячы, што значна перавышае леташнюю суму.
У акцыі “Нашы дзеці” таксама актыўна ўдзельнічалі Беларускі саюз жанчын, БРСМ і прафсаюзы краіны.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА