Як у Мінску рэалізуецца сацыяльна-прафілактычны праект «Апгрэйд»

- 15:50Новости, Психолог в школе

Мы жывём у складаны час крушэння маральных ідэалаў. У сучасных умовах педагогі павінны знайсці маральныя веды, сілы, мудрасць, тую педагагічную тэорыю, якая дапаможа вырашыць задачу маральнага выхавання дзяцей і падлеткаў, раскрыць і развіць іх духоўныя, маральныя пачуцці, уменне зрабіць правільны жыццёвы выбар.

Вялікім стымулам для духоўна-маральнага развіцця дзяцей і падлеткаў, рэалізацыі іх магчымасцей і здольнасцей, арганізацыі вольнага часу з’яўляецца ўдзел навучэнцаў у сацыяльных праектах. Для падлеткаў гэта магчымасць рабіць нешта цікавае і карыснае для сябе і сваіх сяброў без нуднага павучання, максімальна выкарыс­тоўваючы свае жаданні і магчымасці. Для педагогаў гэта эфектыўны сродак навучання і выхавання ў творчай і стваральнай атмасферы пры нефармальных зносінах.

З лістапада 2022 года па ініцыятыве педагога сацыяльнага Івана Мікалаевіча Зарэмбы ў сярэдняй школе № 26 Мінска пачалася рэалізацыя новага сацыяльна-прафілактычнага праекта “Апгрэйд”. Удзельнікамі сацыяльнага праекта з’яўляюцца навучэнцы школы, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, а таксама непаўналетнія, што прызнаны асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Да рэалізацыі праекта прыцягваюцца ў асноўным навучэнцы 5—9 класаў, паколькі найбольшая колькасць правапарушэнняў і злачынстваў учыняецца непаўналетнімі гэтай узроставай катэгорыі. Навучэнцы 10—11 класаў, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі і кант­ролю, таксама актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў праекта.

Апгрэйд — гэта мадэрнізацыя. У перакладзе з англійскай мовы гэта працэс замены прадукту больш новай версіяй таго ж прадукту, забеспячэнне больш новай ці лепшай версіяй з мэтай абнаўлення сістэмы ці паляпшэння яе характарыстык. У адносінах да дзяцей, удзельнікаў праекта, гэта працэс спецыфічнай перазагрузкі, абнаўлення, пазітыўнага змянення.

На працягу 2022/2023 навучальнага года навучэнцы школы, удзельнікі праекта “Апгрэйд”, наведалі антынаркатычную пляцоўку на базе рэспубліканскага Цэнтра бяспекі МНС, пабывалі ў музеі народнай архітэктуры і побыту, музеі авіяцыі на Баравой, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наведалі музей МУС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, музей батальёна беларускіх арлянят сярэдняй школы № 67 Мінска і г.д. Юнакі і дзяўчаты прыцягваюцца да другаснай занятасці і работы ў студэнцкім атрадзе ў летні перыяд. Гэта магчымасць зарабіць свае першыя грошы, разлічыць расходы на свае жаданні і патрэбы, праявіць лідарскія якасці.

Прамежкавым вынікам актыўнай пазнавальнай і калектыўнай творчай дзейнасці стаў удзел у раённых і гарадскіх конкурсах і спаборніцтвах. Навучэнцы здымалі відэаролікі па прафілактыцы наркагандлю і нарказалежнасці, супраць­праўных паводзін і прымалі ўдзел у антынаркатычным конкурсе “Два ўрокі для TikTok” і гарадскім конкурсе “Свет без наркотыкаў”. Спартыўная каманда з ліку дзяцей, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, заняла 1-е месца ў раённай спартландыі, прысвечанай 955-годдзю Мінска. Юнакі і дзяўчаты, якія самі часам трапляюць у цяжкія жыццёвыя абставіны, ажыццяўляюць валанцёрскую дзейнасць: дзеці арганізавалі працоўны дэсант у дапамогу СПЦ Маскоўскага раёна Мінска, дапамаглі з прыбіраннем лісця на тэрыторыі дзіцячага дома № 3 “Жамчужынка”, прынялі ўдзел у дабра­чыннай акцыі “Рабі дабро” па аказанні дапамогі анкалагічна хворым дзецям, а таксама некалькі разоў наведалі цэнтр часовага ўтрымання бяздомных жывёл на Гурскага, 42 з перадачай кармоў.

Сёння падлетак знаходзіцца ў цяжкай сацыяльна-псіхалагічнай сітуацыі. Ён не мае пэўных жыццёвых навыкаў, не гатовы да пераадолення стрэсавых сітуацый, цяжкасцей, якія ўзнікаюць. Гэта садзейнічае развіццю дэвіянтных паводзін. Ствараюцца ўмовы, пры якіх нязначныя, на першы погляд, недахопы дзіцяці, пераходзяць у звычку і выяўляюцца ў асацыяльных паводзінах. Побач з дзецьмі і падлеткамі павінны быць неабыякавыя дарослыя, якія дапамогуць дзецям сарыентавацца ў складаным сучасным свеце.

Побач з падлеткамі — неабыякавыя дарослыя, якія падтрымліваюць, вучаць, накіроўваюць і аказваюць псіхалагічную дапамогу. Падлеткі з дэвіянтнымі паводзінамі ў рамках рэалізацыі праекта наведваюць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Я ведаю права!”, якім кіруе педагог сацыяльны І.М.Зарэмба. У шосты школьны дзень з імі працуе вопытны педагог-псіхолаг С.І.Багдановіч. Дзейнасць педагогаў накіравана і на цеснае супрацоўніцтва з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў на пераадоленне канфліктных сітуацый і нядобранадзейнасці ў сем’ях.

Рэалізацыя праекта працягваецца, аднак ужо можна казаць аб першых выніках прафілактычнай дзейнасці. На працягу навучальнага года навучэнцы, з якімі праводзіцца ІПР, удзельнікі праекта, не здзейснілі ні аднаго паўторнага супрацьпраўнага ўчынку. Колькасць навучэнцаў, якія знаходзяцца на гэтым відзе ўліку, скарацілася з 12 (верасень 2022 года) да 6 чалавек (чэрвень 2023-га). Дзеці зацікаўлены ў актыўнай адпачынкавай дзейнасці, ахвотна прымаюць удзел у конкурсным руху і агітацыйнай прафілактычнай дзейнасці.

Таццяна ВЯРЭЦІНА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 26 Мінска