Як у Жодзіне ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года

- 13:05Планерка

Не за гарамі пачатак новага навучальнага года. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з начальнікам аддзела па адукацыі, спорце і турызме Жодзінскага гарвыканкама Вольгай Галабародавай пра арганізацыю летняга адпачынку і падрыхтоўку да 1 верасня.

Ольга Голобородова

— Як праходзіць лета жодзінскіх школьнікаў?

— Старт летняй аздараўленчай кампаніі быў дадзены 3 чэрвеня. За лета ў аздараўленчых лагерах усіх тыпаў з карысцю правядуць час 2627 дзяцей і падлеткаў. За першыя дзве змены ўжо адпачылі 2228 юных жыхароў Жодзіна.

Аздараўленчыя лагеры працу­юць на базе не толькі школ, але і Жо­дзінскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі, Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама на базе СДЮШАР. Арганізаваны ваенна-патрыятычныя лагеры (“Асілак”, “Абаронца”, “Волат”), турыс­тычна-краязнаўчай накіраванасці, палатачны спартыўна-аздараўленчы лагер.

Наша галоўная мэта — не проста стварыць умовы для паўнавартаснага адпачынку, але і забяспечыць усебаковае развіццё творчых здольнасцей дзяцей, іх грамадзянска-пат­рыятычнае выхаванне. Асаблівая ўвага — арганізацыі карыснай занятасці навучэнцаў. Стараемся, каб яны не сядзелі ў гаджэтах, а больш рухаліся, вывучалі цікавую інфармацыю, каб нашы дзеці больш ведалі пра сваю краіну, пра дзяржаўныя сімвалы. У парадку дня абавязкова значыцца наведванне мясцовага краязнаўчага музея.

У рамках акцыі “Ніхто не забыты, нішто не забыта” навучэнцы знаёмяцца з экспазіцыямі жодзінскіх мастакоў на фотавыставах. Акрамя таго, наведваюць цэнтр патрыятычнага выхавання “Вектар”, для іх арганізоўваюцца экскурсіі ў вайсковую часць № 28729 Жодзіна. А ўдзельнікі акцыі “Эфектыўнае лета” прымаюць удзел у спартыўных спаборніцтвах і эстафетах.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням прафілактыкі ў рамках абласной акцыі “Школа дарожнай бяс­пекі”. У аздараўленчых лагерах прахо­дзяць прафілактычныя гутаркі па ПДР з удзелам інспектараў Жодзінскай ДАІ. Заўсёды на кантролі бяспечныя паводзіны дзяцей на вулічна-дарожнай сетцы, вадаёмах, паблізу чыгуначных пуцей, перавозка непаўналетніх у транспарце. Акрамя таго, акцэнтуем увагу на дзеяннях пры пагрозах падчас пагодных анамалій (стыхійных бедстваў).

— На гарызонце атрыманне ўстановамі пашпартоў гатоўнасці да новага навучальнага года. Як у вас ідзе падрыхтоўка?

— Вядуцца актыўныя работы па добраўпарадкаванні тэрыторый трох дзіцячых садоў. Выконваецца бягучы рамонт на стадыёне сярэдняй школы № 6 Жодзіна. У жаночай гімназіі завяршаецца рамонт харчаблока і абе­дзеннай залы. Працягваецца замена аконных рам. У мінулым годзе памянялі вокны ў агульнаадукацыйных установах, сёлета мяняем у дзіцячых садах.

І, канечне, у кожнай навучальнай установе право­дзяцца касметычныя рамонты, абнаўляюцца фасады, закупляюцца неабходныя камплекты мэблі, камп’ютарныя класы. Да 1 жніўня ўсе работы будуць завершаны. Хочацца падзякаваць старшыні Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрыю Заблоцкаму за падрымку і дапамогу, а таксама першаму намесніку старшыні Наталлі Сушко.

— Вольга Уладзіміраўна, планы на будучыню заўсёды абапіраюцца на вынікі мінулага. Што прынёс 2023/2024 навучальны год?

— У 2023 годзе аддзел па адукацыі, спорце і турызме Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны дыпломам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама як пераможца конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” ў намінацыі “Лідар у стварэнні апты­мальнага адукацыйнага асяроддзя”.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў 2023/2024 навучальным го­дзе кантынгент навучэнцаў у нас павялічыўся на 114 чалавек — іх стала 7974. Плануецца, што ў 2024/2025 навучальным годзе за парты сядуць 8056 вучняў.

Каб сарыентаваць нашых навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці, у 5 школах для 120 чалавек арганізаваны факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. У гімназіі № 1 адкрыты 2 класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У сярэдняй школе № 8 пачаў функцыянаваць першы інжынерны клас.

У рамках дапрофільнага навучання ва ўсіх установах адукацыі горада арганізаваны тры спартыўныя класы па футболе (пры падтрымцы футбольнага клуба “Тарпеда-­БелАЗ”), спартыўны клас па веславанні на байдарках і каноэ, 2 класы прававой накіраванасці, клас МНС, класы ваенна-патрыятычнай на­кірава­насці.

Восем выпускнікоў сярэдніх школ №№ 6, 9, 8, гімназіі № 1 набралі максімальныя 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене, трое — на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай, рускай мовах, грамадазнаўстве, фізіцы і матэматыцы. У Альбіны Завадскай з гімназіі № 1 — 100 балаў на ЦЭ па беларускай мове і матэматыцы, у Валерыі Трацюк з сярэдняй школы № 6 — 100 балаў на ЦЭ па рускай мове і 100 балаў на ЦТ па фізіцы.

Адзначаецца станоўчая ды­наміка ў выніковасці ўдзелу навучэнцаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Сёлета каманда горада заваявала 32 дыпломы абласнога ўзроўню, а на заключным этапе — 2 дыпломы: па фізіцы і нямецкай мове.

Ганарымся малодшымі школьнікамі, якія сталі ўладальнікамі дыпломаў фіналістаў абласнога адкрытага фестывалю работ даследчага характару дзяцей да­школьнага і малодшага школьнага ўзросту “Я — даследчык”, прысвечанага Году якасці. Гэта Варвара Жураўлёва, навучэнка сярэдняй школы № 8 Жо­дзіна (настаўніца Таццяна Паўлаўна Мохарт); Соф’я Кіпра з сярэдняй школы № 5 (нас­таўніца Наталля Уладзіміраўна Корнева), Міраслава Казлоўская, прадстаўніца сярэдняй школы № 6 (настаў­ніца Святлана Міхайлаўна Каляда).

Адным з важных напрамкаў работы з падрастаючым пакаленнем з’яўляецца арганізацыя якаснай работы ваенна-патрыятычнага клуба, класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, пошукавых аб’яднанняў. Дзейнічае клуб ваенна-пат­рыятычнай накіраванас­ці “Волат”, у які ўваходзяць 25 навучэнцаў гімназіі № 1, пад кіраўніц­твам 65-й аўтамабільнай брыгады. Выхаванцы клуба другі год запар прыма­юць удзел і становяцца пераможцамі ў ваенна-патрыятычным злёце праваслаўнай моладзі.

Сярэдняя школа № 2 Жодзіна — удзельнік праекта “Школа міру”. У чатырох установах горада рэалізуюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. У сярэдняй школе № 9 працуе адпаведны рэсурсны цэнтр. У новым навучальным годзе працягнем развівацца ва ўсіх напрамках.

Вольга ДУБОЎСКАЯ