Усім навучэнцам, іх бацькам і педагогам на пачатку новага навучальнага года сенатар і дырэктар мінскай гімназіі № 13 Марына Ільіна жадае натхнення і настрою на самаразвіццё, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Марына Аляксандраўна заўважае: вынік заўсёды дасягаецца толькі працай і настойлівасцю. Пры гэтым яна адзначае, што ў яе самой выхадных не бывае — сумяшчаць дзейнасць члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і кіраўніка навучальнай установы няпроста. За час нашай размовы ў прыёмнай не перастае званіць тэлефон. Здарыўся нейкі надзвычайны выпадак — звяртаюцца да сенатара. Ёсць пытанне ці проста прапанова — таксама да яе, не кажучы ўжо пра прыёмы грамадзян і непасрэдна абавязкі дырэктара гімназіі. Горача на працоўным месцы педагога, прызнаецца Марына Ільіна, 24 гадзіны ў суткі, асабліва ў канцы жніўня — пачатку верасня.
— З аднаго боку, працаваць з дзецьмі складана, але ж справа гэтая вельмі ўдзячная, таму што кожны дзень ты бачыш яе вынік — як вучні мяняюцца, растуць. Ці пачынаюць лепш вучыцца, ці проста становяцца больш выхаванымі. Гэта матывуе, — адзначае мая суразмоўніца. — На пасадзе дырэктара таксама ёсць свае плюсы і мінусы, ёсць магчымасць нешта ўдасканаліць. Я вельмі люблю сваю работу: фраза, можа, і збітая, але па-іншаму і не сказаць — гэта мая справа жыцця.
— Вопыт сенатарскай работы дапамагае?
— Безумоўна. Я ведаю асноўныя праблемы адукацыі, думаю над шляхамі іх вырашэння. Да сенатара часам ідуць, калі ўсе іншыя дзверы зачынены, з апошняй надзеяй. Дапамагаем людзям — ці напісаць ліст у рамках заканадаўства ў нейкае міністэрства або ведамства, ці дастукацца да якога-небудзь чыноўніка. Бывае, прыходзяць проста пагаварыць, падзяліцца праблемай — тут важна выслухаць чалавека, падтрымаць словам. Пабыць псіхолагам. Наогул, лічу, што псіхалогію, хоць бы практычную яе частку, добра было б выкладаць у школах, установах прафтэхадукацыі ці ва УВА. Многіх канфліктаў мы маглі б пазбегнуць, калі б людзі лепш разумелі адно аднаго.
— З якім настроем уваходзіце ў навучальны год, які, дарэчы, для вас юбілейны: гімназіі споўніцца 40 гадоў?
— Настрой працоўны, у нас шмат планаў, ідэй. Нягледзячы на тое, што ўсе ўстановы адукацыі выконваюць дзяржаўную праграму, у кожнай ёсць свае адметнасці. У 13-й гімназіі традыцыйна моцнае выкладанне фізікі, матэматыкі. А зараз мы якраз распрацоўваем новы напрамак — інжынерныя класы. Пачынаецца ён з 10-й паралелі. Лічу, што сістэма такіх класаў па ўсёй краіне дазволіць правільна арыентаваць навучэнцаў у свеце прафесій, якія найбольш запатрабаваны ў эканоміцы. Краіне, буйным прадпрыемствам (такім як Белшына, БелАЗ, МАЗ і г.д.) неабходны моцныя кадры. Каб яны маглі ствараць канкурэнтаздольны прадукт. Мы рады, што ў нашы інжынерныя класы прыйшлі вучні з іншых школ і гімназій горада. Але пачынаць своеасаблівую прафарыентацыю трэба ўжо з 1 класа. Таму ў нас ёсць факультатывы па матэматыцы, логіцы, робататэхніцы. Гэта адказ на выклік часу.
— Яшчэ адно патрабаванне часу — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.
— Менавіта таму жнівеньскі педсавет мы арганізавалі ў Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны. Правялі экскурсію для педагогаў, гаварылі аб ролі асобы ў патрыятычным выхаванні. Бо менавіта ад асобы, як правільна заўважыў Прэзідэнт, залежыць усё. Яшчэ мы працягваем рэалізоўваць стратэгію па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Тут мне вельмі дапамагла работа ў каардынацыйным цэнтры “Адукацыя ў Мэтах устойлівага развіцця” ў БДПУ. Як сенатар і педагог я разумею, наколькі важная гэтая стратэгія. Мы ўжо арганізавалі каманду педагогаў, якія будуць праводзіць з дзецьмі мерапрыемствы па гэтай праграме. Пачынаць плануем з малога, але ў гэтым і заключаецца поспех: будзем размяшчаць скрыні для збору батарэек, расказваць дзецям, як эканоміць ваду, правядзём для іх майстар-класы з беларусамі, якія дасягнулі поспеху ў той ці іншай галіне. Будзем рабіць усё, каб матываваць вучняў быць карыснымі сваёй краіне. І, вядома, даносіць інфармацыю пра 17 Мэт устойлівага развіцця, бо нават не ўсе дарослыя пра іх ведаюць. А між тым Беларусь разам з 138 іншымі дзяржавамі прыняла на сябе абавязкі па іх развіцці. Хачу таксама нагадаць, што ў маі гэтага года нам прысвоілі статус “Школа міру”. Мы прапагандуем ідэі міру — пачынаючы з міру ў сям’і да глабальнага.
— Педкалектыў у вас падабраўся адметны, ёсць нямала выдатнікаў адукацыі.
— Многія працуюць тут амаль з моманту заснавання ўстановы адукацыі. Але “Выдатнік адукацыі” — узнагарода, якая даецца за заслугі, а не проста за колькасць працоўных гадоў. Усе настаўнікі ў нас крэатыўныя, шмат зрабілі для развіцця гімназіі і зараз выступаюць з новымі праектамі. Прыходзяць да нас і маладыя спецыялісты — у гэтым годзе іх шасцёра. І я вельмі хачу, каб яны ў нас затрымаліся. Для гэтага распрацавана праграма моцнага настаўніцтва — калі старэйшыя педагогі дапамагаюць малодшым.
— У чым сакрэт добрай работы настаўніка, на ваш погляд?
— Узаемаразуменне, павага да калег, да дзяцей. Важна памятаць — бясконцымі павучаннямі немагчыма дабіцца свайго. Добры эфект дае толькі спакойны ўдумлівы разбор сітуацыі, індывідуальны падыход да кожнага вучня. Калі ісці па такім шляху, то ў рабоце любой установы адукацыі заўсёды будзе прагрэс.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара