Псіхалагічнае здароўе школьніка з’яўляецца адной з ключавых умоў адукацыйнага працэсу. Паспяховасць навучання і ўсебаковага развіцця дзіцяці ў школьным узросце залежыць ад яго псіхалагічнага дабрабыту.
Згодна з меркаваннем медыцынскіх работнікаў, узрост ад 1 да 15 гадоў найбольш важны для захавання будучага здароўя. Менавіта ў гэты перыяд закладваюцца асновы будучага дарослага чалавека, яго звычкі, фарміруецца шкала каштоўнасцей, жыццёвых прыярытэтаў. Таму адной з ключавых задач педагога-псіхолага ўстановы адукацыі з’яўляецца захаванне і карэкцыя парушэнняў псіхалагічнага здароўя.
Псіхалагічнае здароўе — аснова жыццяздольнасці дзіцяці, якому ў дзяцінстве і малалецтве даводзіцца вырашаць самыя няпростыя задачы свайго жыцця: вучыцца валодаць уласным целам і паводзінамі, несці адказнасць за сябе і іншых, асвойваць сістэму навуковых ведаў і сацыяльных навыкаў, развіваць свае здольнасці і ствараць вобраз “Я”.
Паколькі псіхалагічнае здароўе — умова жыццёвай паспяховасці і гарантыя дабрабыту чалавека ў жыцці, мы ва ўстанове адукаці прыкладаем усе намаганні для яго фарміравання ў дзяцінстве.
На працягу навучальнага года ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне розных катэгорый навучэнцаў. Праводзяцца групавыя і індывідуальныя заняткі, трэнінгі і іншыя прафілактычныя і карэкцыйна-развіццёвыя заняткі па фарміраванні жыццесцвярджальных каштоўнасцей.
Прапаганда каштоўнасцей жыцця сярод навучэнцаў, бацькоў і педагогаў адбываецца пры правядзенні тэматычных дзён, тыдняў, месячнікаў.
Каб умацоўваць псіхалагічнае здароўе і прадухіляць стрэс, у сярэдняй школе № 19 Магілёва імя М.Ф.Сафонава сістэматычна працуе “Аптэчка для душы”, дзе педагагічныя работнікі могуць узяць вітамінку ў выглядзе салодкай цукеркі з пажаданнем, што заўсёды падымае настрой. Вельмі маляўніча і прывабна для ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу выглядае “Паляна настрою”, на якой адлюстроўваюцца іх эмоцыі. Мноства станоўчых эмоцый у навучэнцаў выклікае “Пошта кампліментаў”, бо чуць прыемныя словы і пажаданні вельмі прыемна.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца мерапрыемствы, дзе патрабуецца актыўнасць навучэнцаў у сацыяльных сетках. Так, у нас прайшоў фотачэлендж “Пазітыўная вясна”, падчас якога пазітыўныя фота навучэнцаў і педагогаў размяшчаліся на старонцы ўстановы адукацыі ў Instagram. Усім таксама спадабалася бяспройгрышная латарэя ад жартаўлівай адміністрацыі школы. Прымераць маску дырэктара і яго намеснікаў, а таксама пабываць у іх ролі маглі не толькі работнікі школы, але і навучэнцы, што падарыла мноства станоўчых эмоцый.
Штогод у школе праводзіцца дзень у дамашніх тапачках і вясёлых шкарпэтках. Такі дзень па-дамашняму напоўнены цеплынёй і ўтульнасцю, зарад бадзёрасці і энергіі, пазітыву і радасці напаўняе сэрцы навучэнцаў і ўсяго педагагічнага калектыву. У гэты дзень усе жадаючыя могуць пачаставацца цёплым чаем з пячэннем ці салодкай цукеркай, а таксама зарадзіцца энергіяй, прыняўшы ўдзел у танцавальных флэш-мобах.
Псіхалагічны дабрабыт навучэнцаў непасрэдна залежыць ад настрою і эмацыянальнага стану педагогаў. Таму для падтрымання іх псіхалагічнага камфорту раніца ў школе пачынаецца незвычайна: пад прыемнае музычнае суправаджэнне педагогі могуць узбадзёрыцца кубачкам кавы, чаю ці соку. Выпіўшы напітак, яны ўбачаць матывуючае выказванне ці пажаданне на дне шклянкі. Затым педагогі могуць змяць пластыкавы кубачак, як быццам змінаюць усе свае праблемы, і адправіць ва “Урну праблем”. Бадзёрыя, поўныя энергіі і аптымізму, яны ідуць дарыць веды сваім вучням. Такая прыемная раніца падымае настрой і зараджае пазітыўнай энергіяй, якая перадаецца навучэнцам падчас правядзення ўрокаў.
Сёння клопат пра псіхалагічны дабрабыт школьнікаў становіцца абавязковым мэтавым арыенцірам у рабоце кожнай школы, паказчыкам дасягнення сучаснай якасці адукацыі.
Наталля КАЗЛОВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 19 Магілёва імя М.Ф.Сафонава