Як выпускніку педагагічнага, аграрнага, спартыўна-педагагічнага, ваенна-патрыятычнага класа стаць студэнтам без экзаменаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Крок першы. Трэба ўважліва азнаёміцца з пералікам спецыяльнасцей, пры паступленні на якія выпускнікі профільных класаў могуць быць залічаны без уступных іспытаў. Нагадаем, гэты спіс размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі, а таксама на інфармацыйных пляцоўках устаноў вышэйшай адукацыі. Напрыклад, у спісе педагагічных спецыяльнасцей 24 пункты, а ў спісе аграрных — 16.
Крок другі. Выбраць установу вышэйшай адукацыі, у якой вядзецца падрыхтоўка па выбранай спецыяльнасці. Дарэчы, у 15 універсітэтах краіны рыхтуюць будучых педагогаў і ў 8 — аграрыяў.
Фота БДПУ
Крок трэці. Абітурыент пры паступленні, напрыклад, на педагагічныя або аграрныя спецыяльнасці павінен пераканацца, што ў яго атэстаце аб агульнай сярэдняй адукацыі ёсць запіс аб тым, што ён паспяхова асвоіў факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” або “Уводзіны ў аграрную прафесію”. Да таго ж ключавое патрабаванне — у выпускніка педкласа ў атэстаце павінны быць адзнакі не ніжэйшыя за 8 балаў па вучэбных прадметах профільных выпрабаванняў і не ніжэйшыя за 7 балаў па ўсіх астатніх. Выпускнікам жа аграрных класаў дапушчальна мець не ніжэй за 6 балаў па профільных вучэбных прадметах.
Крок чацвёрты. Сабраць пакет неабходных дакументаў для паступлення ва ўніверсітэт. Да таго ж абавязкова трэба атрымаць рэкамендацыю педагагічнага савета школы.
Звярніце ўвагу, што разам з атэстатам кожнаму выпускніку выдаецца характарыстыка, якая таксама абавязковая пры паступленні ва УВА.
— Аднак характарыстыка не ўплывае на адбор абітурыентаў. Нагадаю: яна ў будучыні дапамагае ўніверсітэтам планаваць работу з першакурснікамі. Дзякуючы ёй, куратарам і выкладчыкам прасцей прадумваць алгарытм выхаваўчай работы з новымі студэнтамі, — патлумачыў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.
Крок пяты. Падаць дакументы ў прыёмную камісію выбранага УВА. Сёлетнія тэрміны для выпускнікоў профільных класаў наступныя:
l на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі падача дакументаў і субяседаванне — з 27 чэрвеня па 2 ліпеня, залічэнне — па 12 ліпеня;
l на льготных умовах (па субяседаванні) падача дакументаў і субяседаванне — з 12 ліпеня.
Крок шосты. Паспяхова прайсці субяседаванне ў вуснай форме. Для ўдзелу ў ім абітурыент падае заяву ў прыёмную камісію ўніверсітэта, дзе яму раскажуць пра месца, дату і час правядзення такога выпрабавання. Па выніках субяседавання камісія вырашае, прайшоў яго паступаючы ці не. У выпадку нязгоды з вынікамі абітурыент або яго законны прадстаўнік мае права ў той жа дзень падаць апеляцыю.
Дарога ў педагогі
Сёлета выпускнікі педкласаў без экзаменаў могуць паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на 10 спецыяльнасцей: “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Гістарычная адукацыя”, “Філалагічная адукацыя”, “Прыродазнаўчая адукацыя”, “Фізіка-матэматычная адукацыя”, “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”, “Фізічная культура”, “Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам” і “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя”.
Субяседаванне дапамагае выявіць асобасныя, дзелавыя якасці абітурыента, яго здольнасці і матывацыю да навучання па выбранай спецыяльнасці.
Абітурыенты з ліку педкласаўцаў на субяседаванні выцягваюць білеты з двума пытаннямі, якія штогод складаюцца камісіяй пры УВА і павінны поўнасцю адлюстроўваць змест адпаведных вучэбных праграм факультатыўных заняткаў профільнага класа.
— Калі субяседаванне праходзяць будучыя настаўнікі, то мы ў іх пытаемся, чаму яны выбралі педагагічную прафесію, якімі прафесійна важнымі якасцямі павінен валодаць педагог, што ўваходзіць у зону адказнасці педагога, у чым адрозненне паміж паняццямі “індывід”, “асоба” і “індывідуальнасць”, якое значэнне мае эмпатыя ў дзейнасці педагога, што такое “партфоліа педагога” і г.д., — расказала начальнік інавацыйна-метадычнага аддзела Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ Людміла Юрчанка.
Па яе словах, ацэньваюць педкласаўцаў не баламі, а па пэўных крытэрыях вызначаюць, ці прайшоў абітурыент субяседаванне:
— Для нас важна, наколькі поўны, правільны і лагічны прагучаў адказ, ці змяшчае ён уласныя меркаванні, ці дэманструе абітурыент унутраную матывацыю і цікавасць да асваення педагагічнай прафесіі. Але хачу падкрэсліць, што за ўсе сем выпускаў педкласаў у нас ні разу не было правальнага субяседавання.
Фота аўтара
А яшчэ выпускнікам педкласаў трэба не забыць узяць з сабой партфоліа “Я — педагог”.
— Звычайна выпускнікі педкласаў вельмі творча падыходзяць да афармлення партфоліа. У ім яны адлюстроўваюць свае педагагічныя спробы — фрагменты праведзеных урокаў і рухавых перапынкаў, работы ў летнім школьным лагеры і г.д. Не менш важнае месца павінна быць адведзена і ўзнагародам за ўдзел у розных конкурсах, — адзначыла Людміла Уладзіміраўна.
Між іншым для абітурыентаў БДПУ падчас прыёмнай кампаніі ствараецца Зона ПРОФІльнай падтрымкі. Тут выпускнікі педагагічных класаў могуць перавесці дух, сабрацца з думкамі, адпачыць ад шуму і мітусні. Але самае галоўнае — яны маюць магчымасць пагаварыць з валанцёрамі з ліку студэнтаў — удзельнікаў студэнцкага клуба выпускнікоў педкласаў “ПРОФІЛЬ +” па нюансах праходжання субяседавання і прэзентацыі свайго партфоліа.
— Трэба паступаць не проста для атрымання дыплома, а дзеля набыцця прафесіі, — акцэнтаваў увагу Сяргей Пішчоў. — З дапамогай размеркавання і накіравання на работу наша дзяржава дае магчымасць маладым спецыялістам атрымаць першае працоўнае месца, набыць вопыт і замацаваць практычныя навыкі. Прычым студэнты, якія вучацца добра, маюць магчымасць выбіраць арганізацыю, куды пойдуць працаваць.
Курс на аграрны
У сваю чаргу выпускнікі аграрных класаў пры праходжанні субяседавання адказваюць як на агульныя, так і на спецыяльныя пытанні: чаму вырашылі выбраць гэты кірунак, як разумеюць сацыяльную значнасць будучай прафесіі, што такое севазварот, якія фактары ўплываюць на ўраджайнасць, якія асноўныя прыёмы апрацоўкі глебы і г.д.
— Мы стараемся сфармуляваць пытанні так, каб абітурыенты маглі з лёгкасцю адказаць на іх. Усе пытанні размешчаны на нашым сайце і да іх можна загадзя падрыхтавацца. Да нас паступаюць выпускнікі агракласаў з 2020 года, і ні разу не было, каб хтосьці з іх не прайшоў субяседаванне, што пацвярджае дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі маладых людзей. Але хачу адзначыць, што менавіта ў мінулым годзе да нас прыйшлі найбольш падрыхтаваныя абітурыенты з ліку выпускнікоў профільных класаў. Было відаць, што яны свядома выбралі прафесію, заключылі мэтавыя дагаворы і дакладна ўяўляюць, дзе, як і кім будуць працаваць, бо знаёмы з сельскагаспадарчай вытворчасцю, — падкрэсліла дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі моладзі адказны сакратар прыёмнай камісіі БДАТУ Карына Гаркуша.
Яна паведаміла, што летась з ліку выпускнікоў агракласаў да іх паступілі 54 чалавекі: 34 мэтавікі і 20 абітурыентаў на агульных умовах. Сёлета з выпускнікамі агракласаў праведзены шэраг дадатковых прафарыентацыйных мерапрыемстваў, якія павінны павялічыць колькасць матываваных абітурыентаў.
— У гэтым годзе мы плануем набраць 465 чалавек на бюджэтнае навучанне, платных засталося ўсяго только 10 месцаў на спецыяльнасці “Менеджмент”. Мэтавых заявак будзе прыблізна столькі ж, як і ў мінулым годзе — каля 240. Да таго ж 31 месца адведзена для расіян, якія атрымалі 70% і вышэй ад максімальнага бала па профільных экзаменах на агульным дзяржаўным экзамене. Калі ж да нас прыедзе менш расійскіх абітурыентаў, то месцы, якія застануцца, пяройдуць на агульны конкурс, — праінфармавала Карына Гаркуша.
Выдатнікам — зялёнае святло
Куды медалісты і выдатнікі змогуць паступаць без уступных іспытаў?
Практычна на ўсе спецыяльнасці ў рэгіянальныя УВА і на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці ў сталічныя ўніверсітэты.
— Калі абітурыент мае атэстат з адзнакай, то можа без уступных іспытаў стаць студэнтам рэгіянальнага ўніверсітэта, паступіўшы на любую спецыяльнасць за выключэннем медыцынскіх, “Правазнаўства”, “Міжнародныя адносіны” і некаторых іншых. Да таго ж абітурыенты-выдатнікі змогуць паступаць і ў сталічныя УВА на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Сёння ў іх пералік уваходзіць каля 70 спецыяльнасцей, у якіх маюць вострую патрэбу эканоміка і сацыяльная сфера краіны, — адзначыў Сяргей Пішчоў.
Па яго словах, медалісты, якія разлічваюць стаць студэнтамі сталічных УВА, будуць падаваць дакументы ў час асноўнага этапу ўступнай кампаніі.
— Калі ж узнікне конкурс паміж медалістамі, то камісія ў першую чаргу зверне ўвагу на балы па профільных прадметах, потым — на сярэдні бал атэстата, затым — на дасягненні і перамогі ў конкурсах, а пасля ўжо пры роўных балах давядзецца прайсці і субяседаванне ў адпаведнасці з Правіламі прыёму, — дадаў Сяргей Мікалаевіч.
Сёлета для стварэння роўных умоў і забеспячэння магчымасці паступлення абітурыентаў на бюджэт па выніках ЦЭ і ЦТ вызначана мінімальная колькасць месцаў, якая павінна застацца на агульны конкурс. Гэта 20% ад кантрольных лічбаў прыёму па ўсіх спецыяльнасцях і 10% — па медыцынскіх.
— Абітурыенты, якія маюць права паступаць без уступных іспытаў, павінны разумець, што калі іх будзе больш за 80% ад лічбаў прыёму за кошт сродкаў бюджэту, то сярод іх таксама будзе конкурс. У такой сітуацыі ўзнікне неабходнасць удзельнічаць у агульным конкурсе, а тут абавязкова спатрэбяцца сертыфікаты ЦЭ і ЦТ. Таксама варта паспрабаваць паступіць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — пракаменціраваў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.
Ён акцэнтаваў увагу, што Мінадукацыі імкнецца зрабіць усё, каб у абітурыентаў не заставалася ніводнага пытання наконт уступнай кампаніі — 2024. Дзеля гэтага на сайце ведамства ўся інфармацыя падаецца ў зручных фарматах: у выглядзе пытанняў і адказаў, табліц, інфаграфік. На сайтах усіх беларускіх УВА абноўлены раздзелы для абітурыентаў. З красавіка ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі і міністэрстве пачалі працаваць гарачыя лініі. Нельга забываць і пра новы партал abiturient.by, які, напэўна, стане сур’ёзным памочнікам для ўсіх абітурыентаў.
— Мы робім усё, каб да пачатку актыўнай фазы ўступнай кампаніі былі зняты ўсе нявысветленыя пытанні з боку абітурыентаў і іх бацькоў, каб кожны атрымаў поўны аб’ём інфармацыі, якая яму неабходна, — падсумаваў Сяргей Пішчоў.
Вольга АНТОНЕНКАВА